Выбары прэзыдэнта былі несвабодныя і несправядлівыя, а агучаныя выбарчымі камісіямі вынікі ня вартыя даверу, — да такой высновы прыйшлі незалежныя назіральнікі.
Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі Дзяніс Садоўскі прадставіў новыя выданьні:
«Мы падрыхтавалі кнігу — больш за 300 старонак, у якую ўключана вялікая колькасьць канкрэтных фактаў, што сьведчаць пра шматлікія фальсыфікацыі на прэзыдэнцкіх выбарах. Акрамя нашай справаздачы, у кнігу ўключана афіцыйная інфармацыя ЦВК, нашы аналітычныя рэкамэндацыі па паляпшэньні выбарчага заканадаўства, скарга Тацяны Караткевіч на непрызнаньне прэзыдэнцкіх выбараў і адказ ЦВК на скаргу. Гэта максымальны аб’ём дакумэнтаў, каб абгрунтавана сказаць, што прэзыдэнцкія выбары былі сфальшаваныя, таму іх нельга прызнаць сумленнымі, празрыстымі і дэмакратычнымі. Наклад кнігі — 200 асобнікаў.
А для простага чытача мы выдалі скарочаную брашуру, куды ўключана толькі выніковая справаздача на 74 старонках. Брашура выдадзеная на беларускай і ангельскай мовах.
Алесь Сілкоў паведаміў, што 1656 назіральнікаў засьведчылі, як праходзілі гэтыя выбары. І цяпер задача — данесьці гэта да грамадзкасьці:
«Мы будзем рабіць рассылку справаздачы ў ЦВК, абл- і райвыканкамы, бібліятэкі, амбасады, міжнародныя місіі. Мы хочам паказаць, што праца працягваецца. У кнізе ёсьць і нашы прапановы — як зрабіць гэтыя выбары сумленнымі і дэмакратычнымі».
Віталь Рымашэўскі распавёў пра пляны кампаніі на парлямэнцкія выбары, якія адбудуцца ўвосень 2016 году:
«Стратэгія кампаніі „Права выбару“ — данясеньне інфармацыі, што самае галоўнае пытаньне для Беларусі ў 2016 годзе — пытаньне свабодных і справядлівых выбараў.
Мы падкрэсьліваем: выбары — першасныя, аднясеньне гэтага пытаньня на другі плян запавольвае сацыяльнае, эканамічнае, палітычнае жыцьцё Беларусі. „Права выбару“ абвяшчае старт кампаніі назіраньня за выбарамі 2016 году».
На думку Віталя Рымашэўскага, свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі няма таму, што незалежных назіральнікаў усе дэмакратычныя сеткі разам выстаўляюць менш як 2 тысячы, а тых людзей, што ўдзельнічаюць у фальсыфікацыях, — каля 100 тысяч чалавек. 70 тысяч уваходзяць у склад участковых выбарчых камісіяў. У асноўным гэта настаўнікі:
Наша мэта — пакрыць незалежнымі назіральнікамі максымальную колькасьць участкаў. Мы будзем вучыць людзей, як назіраць, як набіраць валянтэраў.
«Мэта кампаніі — ураўнаважыць сілы, якія будуць кантраляваць. Запрашаем усіх сумленных людзей далучацца. Наша мэта — пакрыць незалежнымі назіральнікамі максымальную колькасьць участкаў. Мы будзем вучыць людзей, як назіраць, як набіраць валянтэраў. Запрашаем сёньня запісвацца ў назіральнікі. Далучыцца можна праз сайт кампаніі «Права выбару».
Прадстаўнікі кампаніі «Права выбару» кажуць: яны не чакаюць, што ўлады пойдуць на зьмены выбарчага заканадаўства. У апошніх заявах Аляксандра Лукашэнкі і Лідзіі Ярмошынай гаворыцца, што цяпер немагчыма мяняць заканадаўства — мала часу да выбараў.
Але працэдуру падліку галасоў можна зрабіць празрыстай і сумленнай ня толькі шляхам зьмены заканадаўства. Кожнаму сябру камісіі трэба проста паказаць бюлетэнь, перакананы Віталь Рымашэўскі:
Калі не адбудзецца ніякіх зьменаў, прызнаньне гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю пахавае ўсе шанцы на дэмакратызацыю Беларусі ў бліжэйшыя 5–10 гадоў. Мы б не хацелі гэтага дапусьціць, і таму кожны факт парушэньня будзем фіксаваць.
«Таксама вельмі важным аспэктам будзе ацэнка парлямэнцкай выбарчай кампаніі. Калі не адбудзецца ніякіх зьменаў, прызнаньне гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю пахавае ўсе шанцы на дэмакратызацыю Беларусі ў бліжэйшыя 5–10 гадоў. Мы б не хацелі гэтага дапусьціць, і таму кожны факт парушэньня будзем фіксаваць. Калі ўлады зноў сфальсыфікуюць выбары, то задача-мінімум — больш моцны грамадзкі ціск, як мага большая колькасьць назіральнікаў і недапушчэньне прызнаньня міжнароднай супольнасьцю выбараў у тым выпадку, калі яны будуць сфальсыфікаваныя», — заявіў Віталь Рымашэўскі.