Беларус Георгі Шылін з 2015 году жыве з жонкай і дачкой у Чэхіі. Дачка Варвара стала знакамітай у 12-гадовым узросьце, калі ў 2022 годзе перадала свой дрон на патрэбы беларускіх добраахвотнікаў ва Ўкраіне. Пазьней пад яе «патранатам» прайшоў збор сродкаў на квадракоптэры.
Ня так даўно Георгі і ягоная жонка Дыяна задаліся мэтай сабраць калекцыю карцін беларускіх мастакоў на выгнаньні. Творы яны набываюць за свае грошы, каб, апроч іншых мэтаў, захаваць у гісторыі імёны таленавітых мастакоў. Расказваюць, што мараць з часам перавезьці сваю калекцыю ў Беларусь.
Георгі кажа, што даўно сябруе з мастачкай Вольгай Якубоўскай. Зацікавіўся тэмай і заўважыў, што беларускія мастакі на эміграцыі часам ня могуць прадаць свае творы. І мусяць працаваць не па спэцыяльнасьці, каб пражыць.
«Мы з жонкай, хоць жывём на заробак, вырашылі падтрымаць мастакоў. Пачалі набываць карціны. Некаму набылі пэндзлі, фарбы. Мы стараемся даць працу, каб чалавек быў запатрабаваны, мог далей разьвівацца, купіць сабе матэрыялы. Іх трэба падтрымаць», — тлумачыць суразмоўца.
Георгі расказвае, што за грошы, заробленыя на продажы карцін, мастак можа купіць сабе пэндзлі ці фарбы, якія каштуюць нятанна, і працягне творчасьць.
На сёньня Георгі і Дыяна набылі 20 твораў сямі беларускіх мастакоў, якія цяпер жывуць у Польшчы, Літве і Грузіі.
Апроч набыцьця твораў, Георгі пашырае інфармацыю пра мастакоў, у сваіх сацыяльных сетках ён піша пра творцаў. Кажа, што такая інфармацыйная падтрымка ўжо дапамагла прадаць некаторыя карціны.
«Вось даведаўся, што ў Польшчы жыве таленавітая, акадэмічная мастачка Натальля Борд. Яна ўжо пэнсійнага ўзросту. І за год яна прадала адну ці дзьве карціны. Мы вырашылі падтрымаць яе, як і маладога мастака Яраслава Кірвеля», — кажа Георгі Шылін.
Ягоная дзейнасьць спрацавала і ў нечаканым кірунку — Георгі пачаў пісаць цыкль апавяданьняў ад імя хатняга ліса, які жыве ў Шыліных дома. Ідэю падала мастачка Тацяна Савіч і пад гэтыя апавяданьні зрабіла ілюстрацыі, якімі зацікавіліся патэнцыйныя пакупнікі.
Георгі лічыць, што беларускія мастакі-эмігранты мала прыстасаваныя да «рэальнага» жыцьця і як ніхто маюць патрэбу ў падтрымцы. Ён зазначыў, што сярод пакупнікоў карцінаў, якія ён рэклямаваў у сваіх сацыяльных сетках, аказаліся ізраільцяне.
«Людзі самі жывуць у цяжкім стане, калі над галовамі лётаюць ракеты, але стараюцца дапамагаць беларускім мастакам. Прычым гэта ня нейкія багацеі — звычайныя пэнсіянэры», — падкрэсьлівае суразмоўца.
На пытаньні, чаму людзі павінны дапамагаць мастакам, Георгі адказвае, што тое самае маглі б сказаць у свой час Марку Шагалу і іншым беларускім творцам, якія пакінулі Радзіму.
Для падтрымкі творцаў Георгі часам замаўляе ім працы. Напрыклад, партрэт жонкі Дыяны.
«Мне самому цікава — як яе намалююць розныя мастакі, кожны ў сваім стылі. Я гэта раблю яшчэ і таму, што люблю сваю жонку», — падсумаваў Георгі.
«Гады два столькі не малявала, як цяпер малюю»
Мастачка Тацяна Савіч жыве цяпер у Беластоку. Яна заўважае, што беларускаму мастаку «праціснуцца» на польскі рынак вельмі цяжка. Многія яе калегі, кажа Тацяна, вымушаныя працаваць на заводах ці складах. У Беларусі Тацяна мела прыватную школу жывапісу і вельмі хацела рабіць і ў Польшчы тое, што ўмее і што падабаецца. На Радзіме мастачка таксама праводзіла курс беларускай культуры «Бабуля казала», прысьвечаны традыцыям і рамёствам. Яна ўсьцешаная, што падобны курс ёй удалося запусьціць і ў Беластоку.
«Тут я сустрэла цеплыню да ўсяго беларускага, цікавасьць ад людзей», — зазначыла мастачка.
«Але каб прадаваць свае творы — вельмі цяжка кудысьці ўціснуцца. Былі такія часы ў мяне, калі грошай увогуле не было. Але прыйшоў Георгі Шылін, купіў дзьве карціны, потым я пачала маляваць ілюстрацыі да ягонага „Ліса“. Георгі мне проста крылы прычапіў», — кажа Тацяна.
Яна ўсьцешаная, што творы пачалі прадавацца. Мастачка ня мае студыі, малюе на кухні, калі мае вольны час.
«Апошнім часам я малюю столькі, колькі не малявала апошнія два гады. Зараз кожную вольную хвіліну гэтаму прысьвячаю. Трэба працаваць і не здавацца — і ўсё будзе. Насамрэч цяпер увесь сьвет перад намі — мастацтва ж сапраўды ня мае межаў», — падкрэсьліла Тацяна.
«Хочацца, каб людзі ўбачылі твае творы»
Ірына Хвайніцкая на час падзей 2020 году жыла ў Шчучыне, працавала загадчыцай аддзелу рамесьніцкай дзейнасьці аддзелу адукацыі, які курыравала ідэалёгія. Пасьля выказваньня сваёй грамадзянскай пазыцыі, паводле словаў Ірыны, ідэолягі прапанавалі падумаць 24 гадзіны над сваімі паводзінамі. У выніку Ірына пайшла на іншую працу.
Узгадвае, што на эмоцыях увесну 2021 году пакінула допіс у адным зь мясцовых тэлеграм-чатаў. Потым перадумала і празь некалькі дзён яго выдаліла. Але ўсё адно па яе прыйшла міліцыя. Завялі крымінальную справу спачатку за «абразу Лукашэнкі», потым — за «паклёп на Лукашэнку». У жніўні 2021 году адбыўся суд. Ірыне далі 3 гады «хіміі» — абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Мастачка кажа, што не хацела пакідаць Беларусь, але ў выніку зьехала. Ірына дадае, што пасьля пераезду ў Польшчу мела складанасьці.
«Было вельмі цяжка — і маральна, і фізычна. Адзінае, што трымала, — у Польшчы былі дзеці. З сынам пачала жыць у Варшаве, дачка вучылася ў іншым горадзе. Пайшла працаваць на склад. Але калі пачалося паўнавартаснае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну — украінцы „пасунулі“ беларусаў, засталася бяз працы. Можа, і да лепшага, бо ўмовы на складзе былі жудасныя, было цяжка», — заўважае мастачка.
Ірына расказвае, што пасьля працы на складзе прыбірала кватэры. З часам з дапамогай сяброў яна арганізавала курсы арт-тэрапіі для дзяцей эмігрантаў.
«Мы дарослыя, мы можам зьвярнуцца да псыхоляга, мы рэальна разумеем — чаму мы гэта зрабілі, што мы былі вымушаныя. Дзяцей жа проста вырвалі зь іх асяродзьдзя, ад сяброў, бабуль і дзядуляў, яны ў чужой краіне. Ім можа быць цяжэй, чым нам. Мне хацелася падтрымаць дзяцей», — узгадвае Ірына.
Курсамі для дзяцей зь Беларусі і Ўкраіны беларуска займалася тры гады, але яны залежалі ад фінансаваньня, з часам яно скончылася.
«Чым далей, тым цяжэй было выбіць грошы. Потым занялася прыватнымі ўрокамі для дзяцей. У мяне вучацца 16 дзяцей ад 5 гадоў, старэйшую адну дзяўчынку рыхтую паступаць у мастацкі ліцэй», — падзялілася Ірына.
Знаёмства з Георгіем Шыліным яна называе «стымулам і натхненьнем». Як мастачка Ірына марыць мець больш часу, каб маляваць, рэалізаваць свае праекты.
«Хочацца, каб людзі ўбачылі твае творы. Нам бы хацелася ведаць, што некалі мы зможам паказаць свае працы, гэта б стымулявала больш маляваць», — дадала Ірына.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мастакі за кратамі. Чаму ўлады перасьледуюць творцаў