Беларускія падсанкцыйныя прадпрыемствы актывізуюць супрацу з акупаванымі Расеяй украінскімі рэгіёнамі

БелАЗ купляе ў Расеі выкрадзеную з Украіны прадукцыю. Ілюстрацыйнае фота

Данецкую бізнэс-місію ў Беларусь арганізоўваў так званы «Цэнтар падтрымкі экспарту ДНР», створаны сёлета для разьвіцьця міжнароднай супрацы акупаванага Расеяй украінскага рэгіёну. Яна праходзіла 16–18 кастрычніка.

У акупацыйных уладах Данецкай вобласьці паведамілі аб арганізацыі «бізнэс-місіі» зь Беларусі, найперш з прадпрыемстваў, супраць якіх дзейнічаюць міжнародныя санкцыі за саўдзел Беларусі ў агрэсіі Расеі супраць Украіны.

Як паведаміла мясцоваму данецкаму выданьню кіраўніца цэнтру «Мой бізнэс» у так званай «ДНР» Любоў Лугавая, у кастрычніку група прадпрымальнікаў з Данецку наведала Беларусь і правяла больш за «35 мэтавых сустрэч зь вядучымі беларускімі прадпрыемствамі, у тым ліку з МАЗ, БелАЗ і Магілёўскім ліцейным заводам.

Усе пералічаныя прадпрыемствы знаходзяцца ў міжнародных санкцыйных сьпісах Эўразьвязу і іншых заходніх краін.

«Цяпер чакаем рэвэрсную бізнэс-місію», — паведаміла Любоў Лугавая.

Данецкую бізнэс-місію ў Беларусь арганізоўваў так званы «Цэнтар падтрымкі экспарту ДНР», створаны сёлета для прасоўваньня міжнароднай супрацы акупаванага Расеяй украінскага рэгіёну. Яна праходзіла 16-18 кастрычніка.

Як стала вядома Свабодзе, у межах гэтай паездкі данецкія прадпрымальнікі правялі сустрэчу з прадстаўнікамі гандлёвага прадстаўніцтва Расеі ў Менску, а таксама ўдзельнічалі ў міжнародным эканамічным форуме «Млын посьпехаў» і Міжнародным каапэрацыйным форуме аб імпартазамяшчэньні дзяржаў ШАС.

У Беларусі не афішавалі ўдзелу дэлегацыі так званай «ДНР» і не вылучалі яе асобна сярод удзельнікаў. У дзяржаўных выданьнях адзначалі, што найбольш дэлегацый на гэтыя форумы накіравалі з рэгіёнаў Расеі. Сярод іншых удзельнікаў былі прадстаўнікі Кітаю, Казахстану, Таджыкістану, Індыі, Ірану і Пакістану.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Беларусі падпісалі дамову аб супрацы з гэтак званай «ДНР»


У чэрвені 2023 году стала вядома, што ўлады Беларусі падпісалі дамову аб супрацы з гэтак званай «ДНР». Ад імя ўраду Беларусі гэта зрабіў тагачасны амбасадар Беларусі ў Расеі Дзьмітры Круты, якія цяпер ачольвае адміністрацыю Лукашэнкі.

З 2023 году ў Беларусь пачалі прыяжджаць прадстаўнікі і сябры расейскіх акупацыйных уладаў Данецкай вобласьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менск прыехаў старшыня так званага «ўраду ДНР»

Беларусь удзельнічае ў вывазе крытычнай для сябе прадукцыі з Украіны

Пасьля падтрыманьня расейскай агрэсіі супраць Украіны Беларусь пазбавілася магчымасьці купляць ва Ўкраіне крытычную для сваіх прадпрыемстваў прадукцыю, найперш мэталюргічную і вырабы з мэталаў, а таксама будаўнічыя матэрыялы.

Але пасьля акупацыі Расеяй новых тэрыторый ва Ўкраіне, Беларусь пачала «дапамагаць» выкарыстоўваць выкрадзеную расейцамі прамысловую ўкраінскую прадукцыю.

У «Супольнасьці чыгуначнікаў Беларусі» паведамілі, што за 9 месяцаў 2024 году праз расейскія чыгуначныя стыкавыя пункты Гукава і Ўсьпенская зь кірунку акупаваных украінскіх рэгіёнаў у Беларусь адправілі 382 вагоны, агульнай вагой 25 425 тон.

Згодна зь інфармацыяй «Супольнасьці», беларускім прадпрыемствам адпраўлялі ліставую сталь, парцалянавую гліну (каалін), ліцейны кокс, смолы, каменнавугальную і іншую прадукцыю.

Сярод атрымальнікаў выкрадзенай ва Ўкраіне прадукцыі — ЗАТ «Асіповіцкі завод транспартнага машынабудаваньня (7 866 тон вырабаў), ААТ «Керамін» (5 720 тон), ААТ «БелАЗ» — кіроўная кампанія холдынгу «БелАЗ-Холдынг» (2 001 тоны), Магілёўскі аўтамабільны завод (138 тон), завод «Магілёўтрансмаш» (690 тон), МАЗ (204 тон), ААТ «Гомельбудматэрыялы» (196 тон) і іншыя прадпрыемствы.

Пасьля падтрыманьня Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня Ўкраіна выйшла з шэрагу міжнародных пагадненьняў з Рэспублікай Беларусь, у тым ліку і гандлёвых, і ўвяла санкцыі супраць шэрагу беларускіх прадпрыемстваў.

Гандаль зь Беларусьсю, паводле ўкраінскай статыстыкі, спыніўся цягам некалькіх месяцаў пасьля расейскага ўварваньня ў 2022 году. Але ўвесь гэты час ва Ўкраіне заводзяць крымінальныя і адміністрацыйныя справы за пастаўку прадукцыі беларускага паходжаньня, у тым ліку трактараў, нафтапрадуктаў і ўгнаеньняў.

Забароны на гандаль зь Беларусьсю, як у выпадку з Расеяй, Украіна ня ўводзіла. Аднак межы між дзьвюма краінамі закрытыя і пункты пропуску фізычна не працуюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-кіраўнік МУС Беларусі Навумаў будуе гандлёвы цэнтар у акупаваным Марыюпалі на месцы «моргу расейскіх вайскоўцаў»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гродна Азот» пастаўляў угнаеньні ва Ўкраіну праз Расею і Баўгарыю з дапамогай дубайскай кампаніі