У Менску судзяць яшчэ аднаго сілавіка паводле артыкулу «здрада дзяржаве»

Менскі гарадзкі суд, архіўнае ілюстрацыйнае фота

19 сьнежня ў Менскім гарадзкім судзе пачынаецца працэс над меркаваным супрацоўнікам Дэпартамэнту крымінальнай выведкі МУС Беларусі Аляксандрам Кудрэвічам, паведамляе «Вясна». Паводле праваабаронцаў, былога сілавіка абвінавачваюць ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаваньні» і ў «здрадзе дзяржаве», яму пагражае да 20 гадоў зьняволеньня.

Аляксандру Кудрэвічу 35 гадоў, ён атрымаў вышэйшую адукацыю ў БДУІР, жанаты.

Пра тое, што Кудрэвіч раней працаваў у Дэпартамэнце крымінальнай выведкі, праваабаронцы мяркуюць на падставе зьвестак з Фрунзэнскага раённага суду Менску, дзе з 11 сьнежня ў закрытым рэжыме разглядаюць пазоў Дэпартамэнту крымінальнай выведкі МУС Беларусі да А. Кудрэвіча аб «прычыненьні маёмаснай шкоды». Вынік гэтага разгляду гэтага пазову праваабаронцам яшчэ не вядомы.

З дакумэнтаў Менскага гарадзкога суду вынікае, што 19 сьнежня там пачынаюць судзіць Аляксандра Кудрэвіча, якога абвінавачваюць ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаваньні» (гэта ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі) і ў «здрадзе дзяржаве» (ч. 2 арт. 356 КК).

Праваабаронцы мяркуюць, што гаворка ідзе пра таго ж чалавека, пазоў супраць якога пачалі разглядаць у Фрунзэнскім раённым судзе. Абвешчана, што працэс таксама будзе праходзіць у закрытым рэжыме. Справу вядзе судзьдзя Любоў Сімахіна.

Абвінавачаньне ў «здрадзе дзяржаве» сталі часта выстаўляць у Беларусі пасьля падзеяў 2020 году. Паводле зьвестак праваабаронцаў, па стане на пачатак лістапада 2024 году за «здраду дзяржаве» ў Беларусі асудзілі сама меней 88 чалавек, зь іх 13 жанчын — на тэрміны да 25 гадоў калёніі. Вялікія тэрміны паводле арт. 356 КК прысуджалі незалежным журналістам, вайскоўцам, фігурантам справы «Рабочага руху», сьвятару, музыку, студэнту, мэдыямэнэджару, палітыкам, бізнэсоўцу, ІТ-спэцыялісту, культурніцкаму мэнэджару, аналітыку, былым сілавікам і інш., адзначаюць праваабаронцы.

10 чалавек асуджаныя за «здраду дзяржаве» завочна: гэта дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская і яе дарадца Франак Вячорка, «рэйкавыя партызаны», былыя сілавікі Станіслаў Лупаносаў і Юры Махнач, фігуранты «справы дывэрсіі ў Мачулішчах» і ByPol і іншыя.

Вядома і пра некалькі былых сілавікоў, асуджаных у тым ліку за «здраду дзяржаве». Сярод іх былы падпалкоўнік беларускага войска Антон Чарамных, суд над якім прайшоў у лютым 2024 году таксама ў Менскім гарадзкім судзе ў закрытым рэжыме. Антон Чарамных, паводле зьвестак «Вясны» цяпер адбывае пакараньне ў ПК №1 ў Наваполацку. Тэрмін зьняволеньня, які прысудзілі былому падпалкоўніку, праваабаронцам невядомы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Па сьмяротным артыкуле». За здраду дзяржаве судзяць падпалкоўніка, які «перажываў за Ўкраіну»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі за «здраду дзяржаве» асудзілі 88 чалавек, — праваабаронцы