Расьсьледаваньне Свабоды пра аўтапарк «Белтрансспэцаўта», што ўваходзіць у склад Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта, выявіла, што на балянсе гэтай арганізацыі знаходзяцца 4 джыпы Nissan Patrol, якія маглі быць прывезеныя Аляксандрам Лукашэнкам з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў у 2019 годзе. Грошы на іх абслугоўваньне выдзяляюцца зь дзяржаўнага бюджэту.
Падрабязна пра аўтапарк «Белтрансспэцаўта» глядзіце ў расьсьледаваньні Свабоды:
Інфармацыю пра тое, што гэтыя Nissan Patrol абслугоўваюцца «Белтрансспэцаўта», мы знайшлі ў дакумэнце на сайце дзяржаўных закупаў, разьмешчаным там летам 2022 году. У ім пазначаныя маркі і колькасьць машын, якія ёсьць у «Белтрансспэцаўта» і якім трэба закупіць запчасткі для плянавага тэхнічнага абслугоўваньня ці рамонту.
Сярод пералічаных там аўтамабіляў — чатыры машыны Nissan Patrol 2019 году выпуску з магутнымі рухавікамі на 5,6 літра. Расход паліва такога бездарожніка — 18,5 літра на сто кілямэтраў. Сродкі на абслугоўваньне — дзяржаўны бюджэт.
Мадэль гэтых машын не зусім звычайная для беларускіх чыноўнікаў. Больш за тое, афіцыйны дылер Nissan не прадаваў такой мадэлі ў Беларусі. Сайты аўтамабільнай тэматыкі пісалі, што кампанія Nissan з 2017 году вырашыла сфакусавацца на выпуску і продажы машын маркі Patrol для Блізкага Ўсходу. Большасьць вынікаў, якія і цяпер выдае Google па запыце пра гэтую машыну, зьвязаныя з прапановамі купіць яе ў Арабскіх Эміратах.
Свабода знайшла чатыры такія машыны Nissan Patrol таго ж 2019 году з нумарамі 9267 BI-7, 0148 MI-7, 9808 KB-7, 9072 CT-7 у базе транспартных сродкаў, якія належаць «Белтрансспэцаўта». Яе перадалі Свабодзе «Кібэрпартызаны».
Згодна з базай, акт прыёму-перадачы на гэтыя чатыры машыны складзены 15 лістапада 2019 году. Праз шэсьць дзён пасьля доўгатэрміновага візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.
Пра паходжаньне з Эміратаў сьведчыць лягатып дылера Nissan у гэтай краіне, разьмешчаны на багажніку аўтамабіляў.
Падчас той паездкі ў Дубай у 2019 годзе разам з Аляксандрам Лукашэнкам быў ягоны сын Віктар. Яго часта бачаць побач з гэтымі машынамі ў Беларусі.
Напрыклад, адзін з гэтых «Патролаў» з нумарам 0148 МІ-7 узначальваў штогадовы мотапрабег у 2023 годзе ў Менску, арганізаваны пры ўдзеле Віктара Лукашэнкі. Ніякіх іншых аўтамабіляў, акрамя экіпажаў ДАІ, побач не было. Адзіны аўтамабіль у калёне — гэта менавіта гэты Patrol з нумарам 0148 MI-7.
І на пачатку мотапрабегу, і ў канцы Віктар знаходзіцца непадалёк ад гэтага Niassan Patrol. Так было і за год да гэтага.
Пацьверджаньне таму, што як мінімум дзьве з вышэй згаданых чатырох машынаў выкарыстоўвае Віктар Лукашэнка, мы знайшлі на аўтамабільных форумах, дзе абмяркоўваюць «блатныя» аўтамабільныя нумары. Людзі пісалі, што бачылі Віктара разам з машынамі з нумарамі 9267 BI-7, 0148 MI-7:
«0148 і 9267... могуць і дзяцей у школу прывезьці, могуць і пакеты з прадуктамі ў „Залаты грабеньчык“, агулам абслуга з намёкам на ахову».
Да гэтых купленых «Нісанаў» цягам трох гадоў у распараджэньні Віктара Лукашэнкі маглі знаходзіцца люксавыя аўтамабілі Lexus LX570 2016 году выпуску.
У 2012 годзе нумары 0148 МІ-7 і 9667 ВІ-7 стаялі на двух дарагіх Cadillac Escalade, якія пабылі ў выкарыстаньні чатыры гады. Адзін з такіх «Эскалэйдаў» кампанія «Белтрансспэцаўта» пераставіла на іншы нумар і спрабавала прадаць ажно 4 гады (удалося толькі ў 2020 годзе).
Цяпер яго, дарэчы, зноў перапрадаюць, ужо іншыя ўладальнікі, амаль за 24 тысячы даляраў. У абвестцы пазначана: «VIN-нумар на раме адсутнічае, ёсьць бестэрміновая экспэртыза за 2020 год. Праблемаў з пастаноўкай і зьняцьцём з уліку няма».
Віктар Лукашэнка да 2021 году быў памочнікам свайго бацькі Аляксандра Лукашэнкі ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі. Гэтая пасада была ўведзеная ў 2005 годзе.
Хоць Аляксандар Лукашэнка бесьперапынна заяўляе пра нарастаньне пагрозы з боку Захаду, у 2021-м Віктара зьнялі з пасады памочніка прэзыдэнта ў нацыянальнай бясьпецы. Цяпер ён займае пасаду старшыні Нацыянальнага алімпійскага камітэту і намінальна не зьяўляецца дзяржаўным службоўцам. Пры гэтым, як паказала расьсьледаваньне, працягвае карыстацца дзяржаўным бюджэтам.
Поўнае расьсьледаваньне глядзіце на нашым Youtube-канале.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Лукашэнка ператварыў урадавы гараж ва ўласны аўтабізнэс на дзяржаўныя грошы. РАСЬСЬЛЕДАВАНЬНЕ ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пяць рэанімабіляў за чатыры апошнія гады. Як выглядае «хуткая» для Лукашэнкі і колькі грошай на яе магло пайсьці зь бюджэту