Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць рэанімабіляў за чатыры апошнія гады. Як выглядае «хуткая» для Лукашэнкі і колькі грошай на яе магло пайсьці зь бюджэту


Рэанімабіль, які ў 2011 годзе набыла прадпрыемства «Белтрансспэцаўта»
Рэанімабіль, які ў 2011 годзе набыла прадпрыемства «Белтрансспэцаўта»

Расьсьледаваньне Свабоды пра падначаленае Аляксандру Лукашэнку дзяржаўнае прадпрыемства «Белтрансспэцаўта» выявіла, што ў гэтым годзе ў распараджэньне прадпрыемства былі закупленыя два рэанімабілі коштам каля 380 тысяч даляраў кожны. Грошы на гэта выдзелілі зь дзяржаўнага бюджэту. Верагодна, што гэтыя рэанімабілі выкарыстоўвае Лукашэнка. Яны ў разы даражэйшыя, чым рэанімабілі, якія набывалі апошнія гады для беларускіх шпіталяў.

Падрабязна пра аўтапарк «Белтрансспэцаўта» глядзіце ў расьсьледаваньні Свабоды:

Агулам за няпоўныя 4 гады — з 2021 году — «Белтрансспэцаўта» купіла ня менш за 5 рэанімабіляў. Для параўнаньня: за тыя ж 4 гады, згодна з тэндэрамі дзяржаўных зáкупаў, на ўсю Беларусь былі купленыя толькі 2 аўтамабілі ў падобнай камплектацыі — для Гомельскага і Мазырскага шпіталяў.

У базе транспартных сродкаў «Белтрансспэцаўта», якую мы атрымалі ад «Кібэрпартызанаў», на сярэдзіну 2020 году знаходзілася адразу некалькі машын з пазнакай «хуткая (неадкладная) мэдычная дапамога». З той жа базы можна зразумець, што машыны хуткай дапамогі купляюцца для Кіраўніцтва спраў рэгулярна з 2002 году.

У чэрвені 2020 году ў «Белтрансспэцаўта» іх было 9 штук розных гадоў выпуску. За апошнія 3 гады, пачынаючы з 2021, купілі яшчэ 5.

У дзяржаўныя шпіталі пастаўляюць «хуткія», як правіла, на базе мікрааўтобуса ад МАЗа ці «Газелі», але Кіраўніцтва спраў замовіла сёлета дзьве «хуткія» на базе «Мэрсэдэс-Бэнца». Пастаўляць такія машыны ўзялося барысаўскае прадпрыемства KF Auto.

Прыклад аўтамабіля хуткай дапамогі, які вырабляецца прадпрыемствам KF Auto. Скрыншот брашуры
Прыклад аўтамабіля хуткай дапамогі, які вырабляецца прадпрыемствам KF Auto. Скрыншот брашуры

Рэанімабілі, купленыя для Кіраўніцтва спраў, у 2–3 разы даражэйшыя, чым рэанімабілі, якія набываліся для беларускіх шпіталяў.

Для параўнаньня: у 2022 годзе для Гомельскай абласной дзіцячай клінічнай лякарні быў куплены рэанімабіль за 300 тысяч рублёў (каля 117 тысяч даляраў), у тым жа годзе для «Белтрансспэцаўта» — за 795 тысяч рублёў (каля 308 тысяч даляраў). У 2024 годзе арганізацыя купляе ажно два рэанімабілі. Заяўленая цана аднаго — 1 мільён 260 тысяч рублёў, а другога — 1 мільён 240 тысяч рублёў. Гэта каля 380 тысяч даляраў за кожны.

Скрыншот з сайту дзяржзакупак
Скрыншот з сайту дзяржзакупак

Лекар, які доўгі час працаваў на кіроўнай пасадзе ў службе хуткай мэдычнай дапамогі (не раскрываем ягонага імя зь меркаваньняў бясьпекі), расказаў Свабодзе, што ў шпіталях тыя аўтамабілі, якія былі ў наяўнасьці, звычайна даўкамплектоўвалі, каб зь іх зрабіць рэанімабіль. Бо рэанімабілі — вельмі дарагая пакупка.

«Ёсьць норма. І, па-мойму, рэанімацыйная брыгада належыцца на 300 тысяч насельніцтва. Тыя машыны, якія прыходзілі для брыгадаў інтэнсіўнай тэрапіі з апаратурай, — гэта была вельмі такая бюджэтная вэрсія, спрошчаная. Каб атрымаць укамплектаваны рэанімабіль, павінна быць нейкая праграма. І дорага каштаваць будзе не сама машына, а больш абсталяваньне. Раней, да 2020 году, машыны прыходзілі лепш укамплектаваныя. Вось пасьля... Вядома, праблема здарылася ў 2020-м — праз ковід. Самі разумееце, шмат грошай зжэр ковід. Таму пасьля 2020 году прыходзілі „Газэлі“, ну, скажам так, бюджэтнай, мінімальнай камплектацыі», — пракамэнтаваў лекар.

Мы знайшлі рэанімабіль, які, верагодна, абслугоўваў Аляксандра Лукашэнку падчас ягонай прамовы ў Берасьцейскай крэпасьці 22 чэрвеня 2021 году.

Тады падчас ягонай прамовы побач на адміністрацыйным паркінгу непадалёк ад сцэны стаяў «Мэрсэдэс Спрынтэр» з нумарам 9427 TI-7.

Меркаваны рэанімабіль, які абслугоўваў Аляксандра Лукашэнку падчас ягонай прамовы 22 чэрвеня 2021 году ў Берасьцейскай крэпасьці.
Меркаваны рэанімабіль, які абслугоўваў Аляксандра Лукашэнку падчас ягонай прамовы 22 чэрвеня 2021 году ў Берасьцейскай крэпасьці.

Звонку цяжка зразумець яго прызначэньне. Але ў базе ДАІ, якую нам перадалі «Кібэрпартызаны», гэты аўтамабіль пазначаны як «хуткая мэдычная дапамога», на якой усталяваныя пробліскавыя маячкі і адмысловыя гукавыя сыгналы. Належыць аўтамабіль кампаніі Кіраўніцтва спраў — «Белтрансспэцаўта». Таму, магчыма, менавіта так і выглядае рэанімабіль для Лукашэнкі.

Павал Латушка, які быў міністрам культуры ў 2009–2012 гг., мяркуе, што рэанімабіль выкарыстоўваецца пэрсанальна для Лукашэнкі.

«І ўсе самыя дарагія аўтамабілі, якія набываліся, яны набываліся выключна перадусім для Лукашэнкі і для службы бясьпекі Лукашэнкі, якія забясьпечвалі яго бясьпеку ці суправаджэньне падчас розных паездак, — расказвае Павал Латушка. — Таксама некаторыя з гэтых аўтамабіляў маглі выкарыстоўвацца падчас візытаў высокага ўзроўню. Ну, былі ж сытуацыі, калі прэзыдэнт Францыі прыяжджаў і канцлер Нямеччыны ў Беларусь. Цяпер хто можа прыяжджаць? Кіраўнік Кітаю і Пуцін. Гэтыя аўтамабілі маглі выкарыстоўвацца падчас гэтых візытаў. Але перадусім гэта ўсё рабілася ў інтарэсах сям’і Лукашэнкі, яго асабіста і ягонай сям’і».

Пра гэта, а таксама пра іншыя дэталі расьсьледаваньня Свабоды глядзіце на нашым Youtube-канале.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG