Гэта будзе рубеж паміж свабодай і няволяй, дэмакратыяй і дэспатыяй. Беларусь гэты падзел закране самым непасрэдным чынам.
Сьцісла:
- Пашырэньне тэрыторыі дзяржавы — найбольш відавочны знак, атрыбут, сымбаль перамогі, імпэрскай велічы заваёўніка. Менавіта таму для Пуціна так важна максымальна пашырыць межы акупаваных украінскіх земляў.
- Пуцін дасканала, да драбніц вывучыў гістарычны досьвед тэрытарыяльных набыткаў Украіны за кошт Расеі ды іншых сумежных дзяржаў. І выкарыстаў гэта ў ідэйна-тэарэтычным абгрунтаваньні агрэсіі супраць Украіны.
- Найбольш значныя тэрытарыяльныя пашырэньні Ўкраіны ў савецкі пэрыяд гісторыі сталі магчымыя ў многім дзякуючы высілкам Мікіты Хрушчова.
- Беларуска-ўкраінская мяжа ў недалёкай пэрспэктыве можа стаць адной з самых мілітарызаваных і цяжкапераадольных межаў на кантынэнце, часткай той новай жалезнай заслоны, якая паўстае на нашых вачах на ўсходзе Эўропы.
Дзе праляжа новая расейска-ўкраінская мяжа, пытаньне зусім не другараднае. Прычым незалежна ад таго, будзе ці ня будзе яна прызнаная міжнароднай супольнасьцю. Які яшчэ можа быць больш відавочны знак, атрыбут, сымбаль перамогі, чым пашырэньне тэрыторыі дзяржавы? У Расеі так было заўсёды, з часоў Івана Грознага ды Пятра Першага.
Часам гавораць і пішуць, што для Пуціна куды важней не дапусьціць Украіну ў NATO, чым заваяваць новыя тэрыторыі. Але ці так гэта? Хто цяпер памятае, якія замежнапалітычныя хаўрусы стваралі на розных гістарычных этапах расейскія цары, імпэратары ды генэральныя сакратары? З кім яны толькі не сябравалі, не сварыліся і не варагавалі. Саюзьніцкія стасункі — рэч хуткаплынная і зьменлівая. Сёньняшнія ворагі станавіліся заўтрашнімі сябрамі, і наадварот. А вось заваяваныя землі на стагодзьдзі служылі відавочным і бясспрэчным для ўсіх сымбалем велічы заваёўніка. Такім, як для Пятра Першага стала прабітае «акно ў Эўропу» ў выглядзе адваяванага ў швэдаў узьбярэжжа Балтыкі. А для Кацярыны ІІ — сьцёртае з геаграфічнай мапы Эўропы ў канцы XVIII стагодзьдзя Крымскае ханства, ператворанае ў Наваросію.
Гісторыя з Крымскім ханствам асабліва адметная ў кантэксьце цяперашняй пуцінскай агрэсіі. Параўнайце мапу гэтай зьнішчанай Расейскай імпэрыяй дзяржавы крымскіх татараў з мапай ужо акупаваных Расеяй паўднёвых і ўсходніх тэрыторый Украіны. Супадзеньне ўражвае.
Пуцін нібы вядзе сваю армію па сьлядах кацярынінскіх палкоў. І мала сумневаў, што ягонай канчатковай мэтай было дайсьці, як калісьці дайшоў Пацёмкін, ня толькі да вусьця Дняпра, але і значна далей на захад — да Адэсы, Днястра і дэльты Дуная, увогуле адрэзаўшы Ўкраіну ад марскога ўзьбярэжжа. Але ж дайшлі туды, куды здолелі дайсьці, на што пуцінскай Расеі хапіла сілаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Могуць зрабіць, што заўтра палову краіны давядзецца аддаць». Чаму Лукашэнка настойліва дамагаецца крэсла за сталом мірных перамоваў«Ідзіце з тым, з чым прышлі»
Праз тры гады крывавай вайны ў многім па-новаму ўспрымаюцца і прачытваюцца шмат якія інвэктывы пуцінскага артыкула «Аб гістарычным адзінстве расейцаў і ўкраінцаў», апублікаванага 12 ліпеня 2021 году. Тады гэта ўспрымалася пераважна як гістарычны экскурс, якім невядома чаму раптам так апантана захапіўся кіраўнік краіны. Цяпер стала відавочна: гэта было ідэйна-тэарэтычнае абгрунтаваньне будучай агрэсіі супраць Украіны. Пуцін дасканала, да драбніц і самых малых дэталяў вывучыў гістарычны досьвед тэрытарыяльных набыткаў Украіны за кошт Расеі ды іншых сумежных дзяржаў. Украіна сапраўды вельмі шмат атрымала, істотна пашырылася падчас існаваньня СССР, асабліва ў сярэдзіне ХХ стагодзьдзя. Заходняя Ўкраіна са Львовам, Цярнопалем і Валыньню ў 1939-м (ад Польшчы), Паўночная Букавіна з Чарнаўцамі і паўднёвая Бесарабія з Ізмаілам у 1940-м (ад Румыніі), Падкарпацкая Русь з Ужгарадам у 1945-м (ад Чэхаславаччыны), востраў Зьмяіны і частка дэльты Дуная ў 1948-м (ад Румыніі). І нарэшце, найбольш балючая для Масквы страта — перадача Ўкраіне Крымскага паўвострава ў 1954-м са складу РСФСР.
За пералікам шматлікіх фактаў выразна відаць крыўды, нараканьні і азлобленасьць Пуціна: найперш на камуністычных кіраўнікоў («адвольна наразалі межы, раздавалі шчодрыя тэрытарыяльныя падарункі», «крэмзалі краіну», «адрыналі ад Расеі яе гістарычныя тэрыторыі», «па-валюнтарысцку праводзілі маніпуляцыі з тэрыторыямі, ігнаруючы меркаваньні людзей»). Але ў гэтым жа артыкуле была зроблена і выснова, адрасаваная ўжо новай незалежнай Украіне: «Хочаце стварыць уласную дзяржаву? Калі ласка! Але на якіх умовах?» І падсумаваньне: «Ідзіце з тым, з чым прыйшлі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сумнеўны прэзыдэнт умоўна незалежнай краіны. Ці застаецца Лукашэнка гаспадаром БеларусіРасейскі фарпост на Карпатах
Варта зьвярнуць увагу на тое, што ў тым пуцінскім артыкуле цэлы абзац адведзены гісторыі далучэньня да Ўкраіны ў 1945 годзе ўсходняй ускраіны даваеннай Чэхаславаччыны, якая ў складзе Ўкраінскай ССР стала Закарпацкай вобласьцю з цэнтрам ува Ужгарадзе:
«Асобна скажу пра лёс Падкарпацкай Русі, якая пасьля распаду Аўстра-Вугоршчыны апынулася ў Чэхаславаччыне. Значную частку мясцовых жыхароў складалі русіны. Пра гэта цяпер мала ўспамінаюць, але пасьля вызваленьня Закарпацьця савецкімі войскамі зьезд праваслаўнага насельніцтва краю выказаўся за ўключэньне Падкарпацкай Русі ў РСФСР або непасрэдна ў СССР — на правах асобнай Карпатарускай рэспублікі. Але гэтае меркаваньне людзей праігнаравалі».
Гэты рэгіён меў (і мае) відавочнае геастратэгічнае значэньне: вобласьць мяжуе адразу з чатырма краінамі Ўсходняй Эўропы — Польшчай, Славаччынай, Вугоршчынай і Румыніяй. Калі б гістарычныя абставіны склаліся крыху інакш (а яны маглі скласьціся, Пуцін на гэта ў сваім артыкуле намякае), Ужгарад для сёньняшняй Расеі мог стаць карпацкім Кёнігсбэргам. Дастаткова было аднаго росчырку пяра Сталіна.
Ёсьць і адпаведная гістарычная аналёгія. Адразу пасьля вайны пры дзяльбе Ўсходняй Прусіі ніхто не адважыўся пярэчыць, калі правадыр распарадзіўся далучыць Кёнігсбэрг не да савецкай Літвы і не да сацыялістычнай Польшчы (а яны выказвалі на гэта пэўныя надзеі і прэтэнзіі), а менавіта да РСФСР. Хоць Расея, адрозна ад Польшчы і Літвы, ня мае сухапутнай мяжы з гэтым рэгіёнам. Чаму так здарылася, дакладных дакумэнтальных доказаў і пацьвярджэньняў няма. Хоць можна здагадвацца: поўнага даверу ні да літоўцаў, ні да палякаў, якія ў той час у падпольлі і ў партызанскіх атрадах масава супраціўляліся саветызацыі сваіх краін, Сталін яўна ня меў.
У канчатковым выніку тая сталінская асьцярожнасьць і абачлівасьць мелі і маюць для сёньняшняй Расеі вялізныя геастратэгічныя наступствы — у выглядзе начыненага вайсковымі базамі расейскага калініградзкага экскляву, які глыбока ўкліньваецца ў тэрыторыю Эўразьвязу і мае для Крамля выключную каштоўнасьць.
Такім жа расейскім стратэгічным пляцдармам магла ў 1945 годзе стаць і Падкарпацкая Русь. Падставы для гэтага былі: нацыянальны склад рэгіёну быў вельмі стракатым, а мясцовае насельніцтва сапраўды выказвала розныя ідэі адносна сваёй аўтаноміі ў складзе СССР, у тым ліку і стварэньне аўтаномнай рэспублікі ці вобласьці РСФСР.
Тым ня менш Падкарпацкая Русь увайшла ў склад Украіны — у многім дзякуючы намаганьням тагачаснага кіраўніка УССР Мікіты Хрушчова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі: «гарачая фаза» вайны можа завяршыцца, калі Ўкраіну запросяць у NATOСавецкі гетман Хрушчоў
Пуцін у сваім гістарычным экскурсе і пераліку геапалітычных стратаў Расеі ўвогуле ня згадвае імя Мікіты Хрушчова.
Хоць менавіта дзякуючы яму, кіраўніку савецкай Украіны ў 1938-1949 гадах, а пазьней лідэру ўсяго СССР (1953-1964), Украіна атрымала ўсе тыя тэрытарыяльныя набыткі і зьмены межаў на сваю карысьць, пра якія з крыўдай згадвае Пуцін. Хрушчоў заўсёды, яшчэ зь дзяцінства, праведзенага на расейска-ўкраінскім памежжы (у Курскай вобласьці), меў сантымэнт да Ўкраіны. Сталін называў яго на ўкраінскі манер «Мыкытам» (а часам і «гетманам»), а падчас бяседаў на бліжняй дачы прымушаў танцаваць гапак і сьпяваць украінскія песьні.
Хрушчоў яшчэ з даваеннага часу зь вялікім энтузіязмам выконваў ролю зьбіральніка ўкраінскіх земляў і лябіста ўкраінскіх інтарэсаў у Маскве. У Беларусі такую ролю ў той час спрабаваў выконваць Панцеляймон Панамарэнка, які ўзначальваў БССР у 1938-1947 гадах. Зрэшты, ягоныя тэрытарыяльныя «заваёвы» не ідуць ні ў якое параўнаньне з дасягненьнямі Хрушчова.
Гэтыя два партыйныя функцыянэры, дзелячы межы, аднаго разу жорстка сутыкнуліся ў кабінэце ў Сталіна. Гэта здарылася 22 лістапада 1939 году, неўзабаве пасьля таго, як Савецкі Саюз у выніку дамоўленасьцяў з Гітлерам анэксаваў усходнія рэгіёны Польшчы (Заходнюю Беларусь і Заходнюю Ўкраіну). Паўстала пытаньне, дзе павінна пралягаць адміністрацыйная мяжа паміж новадалучанымі рэгіёнамі БССР і УССР. Хрушчоў тады настойліва дамагаўся, каб да Украіны адышло ўсё Заходняе Палесьсе — уключна зь Берасьцем, Пінскам, Драгічынам, Лунінцам і навакольнымі рэгіёнамі. Панамарэнка абараняў інтарэсы БССР і апэляваў да гістарычных мапаў: гэтыя землі яшчэ з часоў Люблінскай уніі ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага, а пры царызме — у склад Горадзенскай і Менскай губэрняў, якія заўсёды лічыліся беларускімі. Сталін у выніку больш прыслухаўся да Панамарэнкі. Хоць і Хрушчова не пакрыўдзіў: прырэзаў Украіне каля 3000 квадратных кілямэтраў тэрыторыі колішняга Пінскага павету Горадзенскай губэрні (сёньня гэта лясістая і маланаселеная мясцовасьць). Хрушчоў тую сваю паразу Панамарэнку яўна не дараваў. Прынамсі, пасьля сьмерці Сталіна, калі менавіта Хрушчоў узначаліў СССР, кар’ера Панамарэнкі пайшла рэзка ўніз: з пасады намесьніка кіраўніка савецкага ўраду да амбасадара ў Польшчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Сталін і Гітлер малявалі беларускія межы ў 1939-мВядома, гэта былі толькі ўнутраныя адміністрацыйныя межы ў рамках адной жорстка цэнтралізаванай дзяржавы. Здавалася б, ніякага прынцыповага значэньня тыя ўмоўныя лініі разьмежаваньня ня мелі і мець не маглі. І ніхто з высокіх кампартыйных бонзаў нават у самых сьмелых фантазіях ня мог прадбачыць, што яны рысуюць будучыя дзяржаўныя межы. Тым ня менш і спрачаліся, і сварыліся, і абачліва не давяралі нават, здавалася б, самым адданым і несумненным саюзьнікам (як у выпадку з падзелам Усходняй Прусіі). Бо ўсё ж нейкае цьмянае прадчуваньне «А раптам...» іх яўна наведвала. І не падманула. Тое, што калісьці перадавалася нібыта братэрскім народам у рамках адной дзяржавы або сяброўскім палітычным рэжымам, урэшце апынулася за межамі Расеі ў варожым для яе лягеры. І вярнуць страчанае стала магчыма хіба што з дапамогай зброі.
Абрысы новай «жалезнай заслоны»
У канцы лістапада многія ўкраінскія СМІ са спасылкай на крыніцы ва ўкраінскіх спэцслужбах апублікавалі мапу меркаванага падзелу Ўкраіны, якая нібыта будзе прапанаваная Крамлём прэзыдэнту Трампу падчас мірных перамоваў, што неўзабаве могуць пачацца. Паводле яе, да Расеі ў якасьці «новых тэрыторый» павінны адысьці тыя пяць рэгіёнаў, якія РФ цалкам альбо часткова акупавала (Крым, Луганская, Данецкая, Запароская і Херсонская вобласьці). Асноўная частка краіны (ад Жытоміра і Вінніцы на захадзе — да Харкава і Сумаў на ўсходзе) павінна стаць «прарасейскім дзяржаўным утварэньнем» (верагодна, чымсьці кшталту сёньняшняй Беларусі). Захад Украіны (якраз тыя тэрытарыяльныя набыткі, да якіх у 30-50-я гады прыклаў руку Хрушчоў — ад Валыні на поўначы да Закарпацкай Русі і Букавіны на поўдні) пазначаныя як «спрэчныя тэрыторыі» і, на меркаваную задуму Крамля, могуць стаць прадметам геапалітычнага гандлю з тымі краінамі, якім яны калісьці належалі — Польшчай, Вугоршчынай, Славаччынай, Румыніяй.
Мапа выглядае праўдападобнай найперш таму, што цалкам адпавядае вядомым пуцінскім уяўленьням пра «аднаўленьне гістарычнай справядлівасьці» ў дачыненьні да Ўкраіны. Праўда, сёньня цяжка ўявіць, што нейкая з краін Эўразьвязу пачне геапалітычны гандаль з Масквой за вяртаньне страчаных земляў (хоць хто ведае, што адбудзецца ў будучыні). Але вось што датычыць новай расейска-ўкраінскай мяжы, якая адрэжа ад Украіны паўднёва-ўсходнія тэрыторыі, тут сумневаў мала ўжо сёньня. Павінна адбыцца нешта надзвычайнае, каб РФ адмовілася ад сухапутнага калідора ў Крым альбо херсонскага левабярэжжа Дняпра, якое дазваляе кантраляваць падачу вады праз Паўночна-Крымскі канал на Крымскі паўвостраў.
Беларускія межы пасьля гэтай вайны нібыта застануцца нязьменнымі. На «спрэчныя тэрыторыі» Беларусь не прэтэндуе. (Нават пра перададзены Сталіным Хрушчову ў 1939 годзе Камень-Кашырскі павет колішняга Палескага ваяводзтва ніхто ня згадвае). Але зьмены не адбудуцца толькі на геаграфічнай мапе. У рэчаіснасьці, на мясцовасьці ўся тысячакілямэтровая беларуска-ўкраінская мяжа ўвачавідкі мяняецца ўжо сёньня. Шматлікія мінныя палі, бункеры, акопы і траншэі, супрацьтанкавыя інжынэрныя збудаваньні... Напэўна, у недалёкай пэрспэктыве гэта будзе адна з самых мілітарызаваных і цяжкапераадольных межаў на кантынэнце — складовая частка той новай жалезнай заслоны, якая паўстае на нашых вачах на ўсходзе Эўропы і сваімі абрысамі будзе дакладна супадаць з новай расейска-ўкраінскай мяжой і з пэрымэтрам амаль усёй дзяржаўнай мяжы Беларусі (на поўначы, поўдні і захадзе, за выключэньнем мяжы з Расеяй).
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Месца Лукашэнкі — побач з Пуціным, але не за сталом перамоваў, а на лаве падсудных, — украінскі палітоляг Яўген МагдаВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.