Як Расея рыхтуе дзяцей на акупаваных тэрыторыях Украіны да вайны супраць уласнай краіны

«Дзень абаронцы Айчыны» ў акупаваным Расеяй Крыме, 23 лютага 2020

У акупаваных частках Украіны Расея выкарыстоўвае мілітарысцкі моладзевы рух, каб мацаваць ляяльнасьць непаўналетніх і рыхтаваць іх да ўдзелу ў вайне Масквы супраць іх роднай краіны.

Аўтар украінскай службы Свабоды Максім Саўчук і праект «Схеми» падрыхтавалі расьсьледаваньне, якім чынам Расея ўцягвае ў мілітарысцкую актыўнасьць украінскіх дзяцей.

Расея выкарыстоўвае мілітарысцкую моладзевую арганізацыю «Юнармія», каб мацаваць ляяльнасьць падлеткаў на акупаваных частках Украіны і рыхтаваць іх да змаганьня ў вайне Масквы супраць роднай краіны.

Пра разьвіцьцё «Юнарміі» ва ўмовах поўнамаштабнага ўварваньня сьведчаць раней не апублікаваныя дакумэнты расейскіх акупацыйных уладаў, атрыманыя ўкраінскай групай хакераў KibOrg. Дакумэнты былі перададзеныя «Схемам», аддзелу расьсьледаваньняў Украінскай службы Радыё Свабода і яе мэдыйным партнэрам.

«Юнармію», або Юнацкую Армію, заснавалі ў 2016 годзе з ініцыятывы міністра абароны Расеі Сяргея Шайгу. У самой «Юнарміі» кажуць, што яна налічвае 1,3 млн чалавек. Дзеці могуць далучацца да арганізацыі ўжо з 8 гадоў, дзеля гэтага дастаткова адказаць на пытаньні ў мабільнай праграме.

Сама арганізацыя сьцьвярджае, што садзейнічае духоўнаму, маральнаму, сацыяльнаму і інтэлектуальнаму разьвіцьцю так званых курсантаў «Юнарміі». А таксама «фармуе станоўчую матывацыю да выкананьня канстытуцыйнага абавязку і рыхтуе юнакоў да службы ва Ўзброеных сілах Расейскай Фэдэрацыі».

У 2017 годзе курсанты «Юнарміі» маршавалі ў Маскве 9 траўня разам з салдатамі на парадзе Перамогі, які прымаў прэзыдэнт Уладзімір Пуцін. Сёлета юнармейцы з акупаванай Расеяй Луганскай вобласьці ўзялі ўдзел у вайсковых сьвяткаваньнях у расейскім Новасібірску.

Першае аддзяленьне «Юнарміі» на акупаваных тэрыторыях Украіны Расея адкрыла ў Крыме празь лічаныя месяцы пасьля афіцыйнага ўтварэньня арганізацыі. Да верасьня 2016 году «Юнармія» распаўсюдзілася па ўсім Крыме, як кажа Алег Ахрэдка, аналітык Цэнтру грамадзянскай адукацыі «Альмэнда» — украінскай групы, якая, сярод іншага, дакумэнтуе парушэньні правоў дзяцей у ваенны час.

У 2014 годзе Расея анэксавала Крым і справакавала вайну ў Данецкай і Луганскай абласьцях на ўсходзе Ўкраіны.

Юнармія «была створаная з канкрэтнай ідэяй мілітарызаванага перавыхаваньня ня толькі расейскіх, але і ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый», — сказала Кацярына Рашэўская, юрыст Рэгіянальнага цэнтру правоў чалавека, які пасьля расейскай акупацыі быў вымушаны пераехаць з Крыму ў Кіеў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску стварылі атрад расейскай «Юнарміі»

Да студзеня 2022 году, за месяц да поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, у «Юнарміі», паводле Міністэрства абароны Расеі, толькі ў Крыме было 29 000 сяброў.

Украінскія праваахоўныя органы абвінавацілі кіраўніцтва «Юнарміі» ў акупаваным Крыме ў парушэньні абароны цывільнага насельніцтва, гарантаванай Жэнэўскімі канвэнцыямі, спасылаючыся на артыкул, які забараняе «прапаганду, накіраваную на забесьпячэньне добраахвотнага прызыву цывільнага насельніцтва».

Ірына Сядова, экспэрт Крымскай праваабарончай групы, падтрымлівае афіцыйнае абвінавачаньне.

«Мы лічым дзейнасьць гэтай арганізацыі парушэньнем міжнароднага гуманітарнага права, а лідэры гэтай арганізацыі зьдзяйсьняюць ваеннае злачынства супраць жыхароў Крыму, у прыватнасьці дзяцей і падлеткаў, якіх яны замбуюць і дэ-факта міжвольна ўцягваюць у „Юнармію“», — сказала яна праекту «Крым.Реалии» ў 2022 годзе.

У адказ на абвінавачаньні кіраўнік севастопальскага аддзяленьня «Юнарміі» Ўладзімір Каваленка заявіў, што лічыць цяперашнюю ўладу ва Ўкраіне нелегітымнай. Зьдзяйсьненьне якога-кольвек злачынства ён адмаўляе.

Тым ня менш пасьля ўварваньня некаторыя колішнія ўдзельнікі «Юнарміі» з акупаваных раёнаў далучыліся да расейскіх вайскоўцаў і ваявалі за Расею супраць Украіны.

Сярод іх 23-гадовы Ільля Зазульскі з крымскай вёскі Палтаўка. Паводле расейскіх мэдыя, ён стаў артылерыстам і атрымаў прэстыжны мэдаль Жукава. А расейскае выданьне Mash у студзені 2023 годуадзначала, што ён адзін з 50 «настаўнікаў» зь «Юнарміі», якія адправіліся на вайну.

Сам Зазульскі ні на якія званкі і паведамленьні «Схемаў» і калегаў не адказаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». Фільтрацыйны лягер у Нароўлі. Новыя падрабязнасьці

Брытанія абвясьціла пра ўвядзеньне санкцый супраць «Юнарміі» 19 лістапада, назваўшы яе «расейскай ваенізаванай арганізацыяй, якая грае цэнтральную ролю ў намаганьнях Пуціна гвалтоўна дэпартаваць і ідэалягічна апрацоўваць маладое пакаленьне Ўкраіны». Сьцьвярджалася, што арганізацыя «ўцягнутая ў сыстэматычныя намаганьні Расеі сьцерці ўкраінскую культурную і нацыянальную ідэнтычнасьць».

Навіна пра санкцыі прагучала на фоне паведамленьняў, што расейскія вайскоўцы ўпершыню рэкрутавалі прызыўнікоў з акупаваных частак Украіны.

Сама «Юнармія» разгарнула дзейнасьць на Данбасе толькі пасьля таго, як у верасьні 2022 году Пуцін беспадстаўна заявіў, што Данецкая і Луганская вобласьці — разам з Запароскай і Херсонскай далей на паўднёвы захад — гэта часткі Расеі. Аднак з 2019 году дзейнічаў аналягічны атрад «Маладая гвардыя — Юнармія».

У 2023 годзе на акупаваных Расеяй частках Данеччыны і Луганшчыны былі адкрытыя «домікі» «Юнарміі» — школьныя памяшканьні, прыстасаваныя для спартовых трэнаваньняў і навучаньня карыстацца агнястрэльнай зброяй. Згодна з дакумэнтамі, прадстаўленымі KibOrg, «Юнармія» карыстаецца школьнымі будынкамі задарма, а фінансавую і іншую падтрымку ёй аказваюць фэдэральны ўрад Расеі і штаб-кватэра «Юнарміі» ў Маскве.

«Схемы» атрымалі ад KibOrg дзясятак школьных даведак дзяцей, якія жывуць на акупаваных тэрыторыях. Большасьць дзяцей са сьпісу належаць да «Юнарміі» або ўдзельнічаюць у яе дзейнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як мілітарызуюць дзяцей і куды вядзе «вайскова-патрыятычная журналістыка»

Прыкладам можа служыць васьміклясьнік з аднаго з акупаваных Расеяй гарадоў Данецкай вобласьці, імя якога не разгалошваецца дзеля абароны прыватнасьці непаўналетняга. Як паведамляецца на старонцы ягонага роднага гораду ў сацыяльных сетках, ён узяў удзел у трэнавальным зборы пад назвай «Абаронца-2024» і заваяваў бронзавы мэдаль за разборку і зборку вінтоўкі АК-74.

Удзельнікі «адпрацоўвалі стральбу і праходзілі пачатковую вайсковую падрыхтоўку, вывучалі сучасную тактыку і мэтады вядзеньня баявых дзеяньняў», — гаворыцца ў паведамленьні. Дадаецца, што «больш за 300 школьнікаў» з Расеі і Данецкай і Запароскай вобласьцяў «прынялі прысягу на вернасьць „Юнарміі“».

Некаторыя былыя члены «Маладой гвардыі — Юнарміі» з акупаванай часткі Данецкай вобласьці ваююць супраць Украіны. Станіслаў Сікорскі з Горлаўкі, які скончыў сярэднюю школу ў 2018 годзе, быў сябрам і «Юнарміі», і «Маладой гвардыі — Юнарміі», гаворыцца на старонцы ў сацсетцы «ЎКантакце». Пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ён «знаходзіўся ў шыхтах» расейскіх вайскоўцаў і ўдзельнічаў у баях у Херсонскай вобласьці, гаворыцца ў паведамленьні.

Сікорскі дэмабілізаваўся ў 2023 годзе. На паведамленьні і званкі мэдыя-партнэраў «Схемаў» ён не адказваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За што Расея ваюе ва Ўкраіне, — нечаканая вэрсія расейскага губэрнатара

Ганна Лісавенка, таксама з Данецкай вобласьці, далучылася да падразьдзелу «Маладая гвардыя — Юнармія» пад назвай «Спартанцы» ў 2017 годзе, калі ёй было 17. Яе паведамленьні ў сацыяльных сетках паказваюць, што цяпер яна ваюе супраць Украіны ў якасьці апэратаркі бесьпілётніка ў тактычнай групе расейскай вайсковай выведкі, якая складаецца ў асноўным з баевікоў Данецкай вобласьці, што ўдзельнічаюць у вайне з 2014 году.

«Я сама была ў „Юнарміі“, а цяпер служу ў войску. Каля паловы тых, хто вучыўся са мной, выбралі вайсковы шлях. На жаль, многія зь іх ужо памерлі. Некаторыя зь іх атрымалі цяжкія раненьні і ня могуць працягваць службу, — расказала яна мэдыя-партнэрам «Схем». — Гэта рэальнасць нашага рэгіёну».

Лісавенка сказала, што «навыкі абыходжаньня са зброяй, фізычнай падрыхтоўкі і гістарычнай адукацыі», атрыманыя ёю ў «Маладой гвардыі — Юнарміі», спатрэбіліся падчас поўнамаштабнай вайны супраць Украіны.

Зазульскі, Сікорскі і Лісавенка — з тых частак Украіны, якія кантралююцца расейскімі войскамі ўжо дзесяцігодзьдзе. Але «Юнармія» дзейнічае і на землях, якія расейцы акупавалі пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня ў 2022-м.

Мінулым летам новаствораны Марыюпальскі аддзел «Юнарміі» зладзіў сем зьменаў у лягеры на Азоўскім моры. Сярод іншага, дзяцей вучылі страляць са штурмавых вінтовак. Адзін з арганізатараў лягера — Валерый Анацкі, кіраўнік Аддзелу ў справах сям'і і дзяцей акупацыйнай адміністрацыі Марыюпалю.

Расьсьледаваньне «Схемаў» у 2023 годзе высьветліла, што Анацкі быў уцягнуты ў перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей з акупаваных расейцамі тэрыторый — гэта тыя самыя дзеяньні, за якія Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на Пуціна па падазрэньні ў ваенных злачынствах.

У лістападзе 2022 году акупацыйныя ўлады стварылі аддзелы «Юнарміі» і на акупаваных расейцамі частках Херсонскай і Запароскай вобласьцяў.

У Запароскай вобласьці «Юнарміяй» кіруе Фідаіль Бікбулатаў, расеец, якога ўкраінская выведка абвінаваціла ў датычнасьці да масавых выкраданьняў, незаконнай дэпартацыі і прымусовага вывазу ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Расею.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Азбука маральнасьці». Хто будзе вучыць дзяцей любіць савецкіх герояў

У камэнтары мэдыйным партнэрам «Схемаў» Бікбулатаў заявіў: «Юнармія» спадзяецца, што «ў будучыні яе сябры зьвяжуць сваё жыцьцё з вайсковай службай».

«Мы бачым у іх патэнцыял, чакаем, што яны стануць вайскоўцамі, — сказаў ён. — Мы іх навучаем, працуем зь імі, хочам, каб яны сталі вайскоўцамі — Мінабароны нават дае льготы былым юнармейцам, калі яны ўступаюць — але ўсё гэта робіцца добраахвотна».

У кастрычніку намесьнік старшыні «Юнарміі» Віктар Кавураў накіраваў у рэгіянальныя аддзяленьні лісты пра абавязковы штогадовы «агляд-конкурс», у якіх гаварылася, што ацэнка будзе ўключаць два парамэтры: «колькасьць курсантаў „Юнарміі“, якія прызваныя на вайсковую службу і паступаюць у вайсковыя ВНУ», і «колькасьць курсантаў „Юнарміі“, якія навучаюцца ў вайсковых навучальных цэнтрах».

Цэнтральны штаб «Юнарміі» ў Маскве не адказаў на запыты «Схемаў» аб камэнтарах.