Пра гэта ён напісаў у сваім тэлеграм-канале ў допісе, прысьвечаным наведваньню параненых салдат у шпіталі.
Паводле Бяглова, «з байцамі лягчэй за ўсё размаўляць на палітычныя тэмы», бо яны, на думку губэрнатара, добра разумеюць сэнс вайны.
«Гэтым хлопцам, якія бачылі ў школах прыбіральні, дзе замест двух памяшканьняў — для дзяўчатак і для хлопчыкаў, тры памяшканьні — для дзяўчатак, хлопчыкаў і гендэрна нэўтральных, ня трэба тлумачыць, якія каштоўнасьці мы адстойваем», — піша Бяглоў. Зь ягоных словаў вынікае, што такія прыбіральні расейскія вайскоўцы бачылі ў школах акупаванага Расеяй украінскага Данбасу, гэта значыць у Данецкай і Луганскай абласьцях.
Пра гендэрна нэўтральныя прыбіральні раней нэгатыўна выказваўся міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў, сьцьвярджаючы, што сутыкнуўся з такой прыбіральняй у Швэцыі. Пры гэтым са слоў Лаўрова вынікае, што гаворка ішла пра прыбіральню, якую маглі б выкарыстоўваць і мужчыны, і жанчыны (што ня рэдкасьць у самой Расеі — напрыклад у кавярнях, дзе ёсьць толькі адна прыбіральня).
Расея пачала маштабнае ўварваньне на тэрыторыю Ўкраіны 24 лютага 2022 году. За час ваенных дзеяньняў загінулі дзясяткі тысяч вайскоўцаў з абодвух бакоў і больш за 10 тысяч мірных жыхароў. Мэтамі так званай «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін называў падтрымку сэпаратысцкіх «рэспублік» на Данбасе, «дэнацыфікацыю» і «дэмілітарызацыю» Ўкраіны.