У Беларусі ўжо 19 іншаземцаў асудзілі за «агентурную дзейнасьць». Хто гэтыя людзі?

Ежы Жывалеўскі

Праваабаронцы ацанілі колькасьць і жорсткасьць крымінальных спраў супраць іншаземцаў.

З пачаткам поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў Беларусі пачасьціўся перасьлед іншаземцаў за «агентурную дзейнасьць» (арт. 358-1 КК).

Пад яго ўжо трапілі грамадзяне Ўкраіны, Літвы, Латвіі, Польшчы, Японіі, Нямеччыны. За «агентурную дзейнасьць» у Беларусі на сёньняшні дзень асудзілі як мінімум 19 чалавек. У сукупнасьці зь іншымі артыкуламі ім прызначылі агулам 135 гадоў зьняволеньня. У гэтых палітычных судах прымалі ўдзел дзевяць судзьдзяў, піша «Вясна».

Паводле гэтага артыкулу прадугледжана пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам ад 3 да 7 гадоў калёніі. У Крымінальным кодэксе «агентурнай дзейнасьцю» называюць «супрацоўніцтва іншаземнага грамадзяніна або асобы без грамадзянства са спэцслужбай, органам бясьпекі ці органам выведкі замежнай дзяржавы, міжнароднай ці замежнай арганізацыяй, зьвязанае зь дзеяньнямі, загадзя накіраванымі на нанясеньне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь».

«Падавала зьвесткі пра пастаяльцаў, якія прыбывалі на адпачынак»

Загадчыцу маркетынгавай службы літоўскага санаторыя «Беларусь» у Друскеніках Алену Раманаўскене затрымалі, як мяркуецца, у 2023 годзе па вяртаньні ў Беларусь зь Літвы. Як паведамлялі дзяржаўныя СМІ, яе абвінавацілі ў тым, што жанчына «неаднаразова падавалі зьвесткі пра пастаяльцаў, якія прыбывалі на адпачынак, у тым ліку і пра высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў».

Жанчыну нібыта 10 гадоў таму завэрбавалі літоўскія спэцслужбы.

У Менскім гарадзкім судзе 11 чэрвеня 2024 году Алену Раманаўскене асудзілі ў закрытым рэжыме паводле арт. 358-1 Крымінальнага кодэксу на 6 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Неабгрунтаваныя інсынуацыі». У Літве абверглі датычнасьць да «агентурнай дзейнасьці» суайчыньніцы, асуджанай у Беларусі

«Падарожнічаў з мэтай выведкі». Грамадзянін Японіі ў СІЗА КДБ

Сёлета ў верасьні стала вядома пра затрыманьне сілавікамі японца Наканісі Масатосі. Падрабязнасьці яго перасьледу падалі ў сюжэце дзяржаўнай тэлевізіі. Сьцьвярджаецца, нібы Наканісі пачаў падарожнічаць па краінах Усходняй Эўропы з мэтай выведкі.

Як паведаміў начальнік сьледчага ўпраўленьня КДБ Канстанцін Бычак, японец, «знаходзячыся на тэрыторыі нашай краіны, ажыцьцяўляў збор і перадачу ў адрас японскай спэцслужбы выведвальнай інфармацыі вайсковага характару. У прыватнасьці, аб беларускай вайсковай інфраструктуры, аб перамяшчэньні войскаў і вайсковай тэхнікі, аб бягучай сытуацыі на паўднёвым кірунку і іншае. Акрамя таго, іншаземец нібыта адпрацоўваў заданьні ў вэрбавальным вывучэньні беларускіх грамадзян, якія маюць доступ да дзяржаўных сакрэтаў».

Цяпер Наканісі ўтрымліваецца ў СІЗА КДБ па абвінавачаньні ў «агентурнай дзейнасьці» (арт. 358-1 КК).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Суцэльная хлусьня». Чалавек, якога у сюжэце БТ назвалі «куратарам японскага шпіёна», пракамэнтаваў абвінавачаньні

«На заданьне латвійскіх спэцслужбаў рыхтавала да вэрбаваньня беларускіх вайскоўцаў»

Грамадзянку Латвіі Алу Сакаленку затрымалі вясною 2022 году. Тады зьявілася абвестка аб зьнікненьні дзьвюх жанчын з Латвіі. Пасьля стала вядома, што Сакаленку затрымалі ў межах крымінальнай справы за «агентурную дзейнасьць». Зімою 2022 году на дзяржаўнай тэлевізіі выйшаў фільм «Контравыведка. Апэрацыі беларускага КДБ супраць спэцслужбаў Захаду і Ўкраіны. Фільм АТН». У ім паказалі кадры затрыманьня Алы супрацоўнікамі КДБ.

Як паведамілі ў фільме, «Сакаленка на заданьне латвійскіх спэцслужбаў рыхтавала да вэрбаваньня беларускіх вайскоўцаў, зьбірала зьвесткі, стварала кампрамэнтуючыя сытуацыі, якія потым і служаць падставай для вэрбаваньня іншаземцамі».

Восеньню 2023 году Алу Сакаленку асудзілі паводле арт. 358-1 КК на пазбаўленьне волі ў калёніі. Тэрмін невядомы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску за «агентурную дзейнасьць» судзяць грамадзянку Латвіі

Дваіх грамадзян Польшчы асудзілі за «агентурную дзейнасьць» і «шпіянаж»

Жыхара Кобрыні і грамадзяніна Польшчы Томаша Бярозу асудзілі ў чэрвені 2023 году паводле арт. 358 КК («Шпіянаж») і арт. 358-1 КК («Агентурная дзейнасьць») на 14 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Вядома, што ён мае жонку-беларуску з Кобрынскага раёну.

Другога грамадзяніна Польшчы, Ежы Жывалеўскага, у лютым 2023 году асудзілі паводле арт. 358-1 КК («Агентурная дзейнасьць») на 4 гады калёніі.

Абедзьве справы праходзілі ў закрытым рэжыме, таму праваабаронцам невядомыя іх падрабязнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Быў замілаваны Горадняй». Што расказалі сябры паляка, якога ў Беларусі асудзілі за «агентурную дзейнасьць»

Дыджэя з Кобрыні асудзілі на 6 гадоў за «агентурную дзейнасьць»

Грамадзяніна Ўкраіны Арцёма Макавея затрымалі зімою 2023 году ў яго дома ў Кобрыні. Арцём жыве ў Беларусі з 2009 году. Працаваў дыджэем у Берасьці і Кобрыні.

Вясною 2024 году Арцёма асудзілі паводле арт. 358-1 Крымінальнага кодэксу на 6 гадоў калёніі. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, таму сутнасьць абвінавачаньня невядомая.