Паходзіць з памежнай вёскі на Падляшшы
Ежы днямі ў турме споўнілася 58 гадоў. Ён паходзіць з польска-беларускага памежжа, зь вёскі пад Саколкай.
Саколка — мястэчка на шляху з Горадні ў Беласток, усяго за 16 кілямэтраў ад памежнага пераходу ў Кузьніцы, які цяпер зачынены. Цэнтральная вуліца, празь якую раней ехалі маршруткі і фуры зь Беларусі, так і завецца — Горадзенская.
У Саколцы жыве менш за 20 тысяч чалавек. Шмат хто займаецца сельскай гаспадаркай або мае дробны бізнэс.
На Ежы Жывалеўскага ў Саколцы таксама была зарэгістраваная сельскагаспадарчая фірма. Са словаў сяброў, ён валодаў тут салярыем. Меў і кватэру, але потым прадаў. Праўда, сакольцы альбо кажуць, што ня ведаюць такога чалавека, альбо — што ня бачылі яго ўжо шмат гадоў.
У вясковай хаце пад Саколкай дагэтуль жыве маці Ежы, ёй больш за 80 гадоў. Яна, са словаў нашых суразмоўцаў, ня ведае, што сын сядзіць, просяць яе не турбаваць. Ежы мае яшчэ некалькі старэйшых братоў. Бацька памёр.
«Ён быў шчасьлівы, што жыў у Беларусі»
Паўжыцьця Ежы пражыў у Беларусі. Ажаніўся ў 1990-х зь беларускаю і пераехаў у Горадню. Ягоная жонка Алена працавала тады ў краме duty free на мяжы. У пары ёсьць сын Артур.
«Лепшую жонку цяжка знайсьці. Прыгожая, клапатлівая. Калі прыяжджае ў Польшчу, дбае пра маму Юрка (так усе знаёмыя называюць Ежы Жывалеўскага. — РС), ходзіць для яе ў краму», — расказвае пра Алену сябар сям’і Міраслаў з Варшавы, які ведае Ежы больш за 40 гадоў.
«Юрэк і ўся сям’я Лены — вельмі адкрытыя людзі, сардэчныя», — працягвае яшчэ адзін сябар Ежы, які ведае яго са школы. Ён пагадзіўся пагаварыць з намі на ўмовах ананімнасьці.
Сям’я Жывалеўскіх жыве ў Горадні. Пабудавалі там дом на беразе Нёмана. Трымалі ў Горадні краму, гандлявалі на рынку: адзеньне, рэчы для дзяцей.
Ежы часта езьдзіў у Польшчу, да маці і па тавары. Дапамагаў ёй у гаспадарцы, касіў траву, ставіў агароджу, рабіў дарожкі, нешта рамантаваў. Клапаціўся пра сваю сям’ю, гадаваў сына. Быў «звычайным, нармальным, працавітым хлопцам», кажуць нашыя суразмоўцы.
«Я яму казаў: „Чаго ты езьдзіш у Беларусь? Тут бы жыў, у доме маці, разбудаваў бы яго“. Думаю, ня толькі я яму так казаў... Ён быў шчасьлівы, што жыў у Беларусі. Там у людзей іншая мэнтальнасьць, вельмі сардэчныя людзі. Беларусы як народ вельмі добрыя, у мяне найлепшае ўражаньне пра іх», — кажа Міраслаў.
Другі сябар таксама мяркуе, што Ежы не хацеў зьяжджаць зь Беларусі.
«Юрэк хацеў там жыць. Ён там сябе добра адчуваў. Меў вельмі прыгожы дом, у вельмі добрым месцы каля самага Нёмана. Ён замілаваны Горадняй. Ён любіў гэты горад, укараніўся ўжо ў гэта», — тлумачыць суразмоўца.
Ён успамінае, што Жывалеўскі выдатна праводзіў для сяброў экскурсію па Горадні і вакол яе, па руінах замкаў.
«Неяк мы наведалі зь ім паў-Беларусі. Ён лепш расказваў, чым экскурсавод, бо быў замілаваны», — кажа сябар.
Ежы любіў езьдзіць у грыбы, граў у футбол, любіў сустрэцца зь сябрамі. Калекцыянаваў старадаўнія рэчы: карціны, скульптуры, мэблю, посуд, шукаў іх па «блышыных рынках».
«Лена ехала, каб яго толькі ўбачыць, хаця б на прыступках»
Затрымалі Жывалеўскага каля году таму. Са словаў нашых суразмоўцаў, прыкладна ў сакавіку 2022 году.
«Ён выйшаў з дому, купіў карціну, панёс, каб яе аправілі ў рамку, і больш не вярнуўся дадому. На трэці дзень стала вядома, што яго арыштавалі», — успамінае сябар Ежы.
Інфармацыі пра справу ў блізкіх было вобмаль ажно да прысуду. Працэс пачаўся сёлета 27 лютага. Праходзіў у закрытым рэжыме ў Горадзенскім абласным судзе. Судзьдзя — Анатоль Заяц, вядомы палітычнымі справамі.
22 сакавіка Жывалеўскага асудзілі на 4 гады калёніі за нібыта «агентурную дзейнасьць». Санкцыі артыкула прадугледжваюць ад 3 да 7 гадоў калёніі. Міраслаў кажа, што спачатку Ежы пагражала да 15 гадоў, а потым справу нібыта перакваліфікавалі на лягчэйшую.
«Лена ехала, каб яго толькі ўбачыць [каля суду], хаця б на прыступках, калі яго будуць весьці. І была шчасьлівая, што яго ўбачыла. То хіба нешта ёсьць (каханьне. — РС). Добрая жанчына», — кажа Міраслаў.
Наколькі ведаюць сябры, прынамсі да прысуду Ежы трымаўся ў турме добра, хоць там «жахлівыя ўмовы». Блізкія былі перакананыя, што яго выпусьцяць з турмы праз тры месяцы або прынамсі пасьля прысуду, бо разьбяруцца, што затрымалі памылкова.
«Хіба ім патрэбны быў ахвярны казёл, і трапіўся Юрэк»
Сябры ня вераць, што Ежы вінаваты ў «агентурнай дзейнасьці», якую яму закідаюць.
«Ніхто з нас тут не падазрае, што ён мог быць уцягнуты ў такія справы. Гэта немагчыма. Арыштавалі, бо ён лёгкая цэль», — кажа школьны сябар Ежы.
Ён дадае, што сярод сяброў Жывалеўскага былі мытнік і памежнік. Ежы меў добрыя стасункі з польскім консулам, наведваў імпрэзы ў «гэтых колах».
«Ён не хаваў гэтага. Думаю, калі б ён быў шпіёнам, то не хваліўся б гэтым, не казаў, што ведае таго ці таго, што быў на балі ці на імпрэзе. Быў бы шэрым кардыналам. Ніхто не дапускае нават думкі, што ён мог штосьці такое рабіць», — кажа суразмоўца.
Ён дадае, што Ежы сябраваў з многімі з гэтых людзей яшчэ да таго, як тыя абралі сваю прафэсію.
«Калі сябруеш доўгі час і чалавек пераяжджае ў Беларусь, то ты ня скажаш яму: „Я цябе ня ведаю, ня будзем камунікаваць“. Няважна, дзе ты жывеш, з аднаго боку мяжы ці з другога. Так атрымалася», — працягвае сябар Жывалеўскага.
Міраслаў таксама перакананы, што Ежы ня мог пераступіць закон.
«Юрэк ня можа быць кепскім чалавекам. Ён далёкі ад усіх дзіўных справаў, ня толькі палітычных, ад усіх, на якіх можна „пасьлізнуцца“. Ён меў іншыя мэты ў жыцьці. Клапаціўся пра маму, пра сям’ю, пра жонку, дзіця гадаваў. Калі ў мяне зламалася машына, то дапамагаў мне з гэтым. Справядлівы чалавек, не шалёны і не напаўшалёны», — кажа Міраслаў.
Зь ягоных словаў, Жывалеўскі палітыкай не цікавіўся, не падымаў палітычныя тэмы, ня меў матыву шкодзіць краіне, у якой жыў.
«Яму добра жылося ў Беларусі. Ён любіў месцы, дзе жыў. Яму ўсё пасавала, усё добра склалася ў фінансавым пляне, у сямейным. Ён ніколі не наракаў праз гэта. Усё заўсёды было добра. Яшчэ і дом там паставіў. Ну якія дывэрсіі ён мог рабіць? Непатрэбна скруцілі Юрка, нармальнага чалавека, які жыў у Беларусі. Дзе б ён там нешта хітрыў ды камбінаваў? Я гэтага не разумею», — кажа Міраслаў.
Ён дапускае, што ў Беларусі сябра маглі арыштаваць праз тое, што «служба бясьпекі хацела сябе паказаць».
«Хіба ім патрэбны быў ахвярны казёл, і трапіўся Юрэк», — разважае мужчына.
Ён дапускае, што Ежы маглі затрымаць нават за тое, што той праз тэлефон нешта сказаў ня тое, прыкладам, прытакнуў, калі хтосьці крытыкаваў Лукашэнку. Адначасна Міраслаў мяркуе, што Лукашэнка добра кіруе краінай. Аднак пасьля арышту Жывалеўскага і ён, і сябры Ежы, якія зьбіраліся наведаць Горадню, цяпер баяцца туды ехаць.
«Бо ня дай Божа», — камэнтуе Міраслаў.
Лістоў сябру ў турму Міраслаў пакуль ня піша.
«А што я напішу: „Беларусь, турма, Юрэк Жывалеўскі“? Я перадаваў праз блізкіх яму прывітаньні ў турму, каб ён трымаўся», — кажа Міраслаў.
Жонка і брат Ежы Жывалеўскага пакуль адмовіліся камэнтаваць Свабодзе гэтую сытуацыю. Праваабарончы цэнтар «Вясна» прызнаў Ежы Жывалеўскага палітвязьнем.
Польскі бок не выказваўся пра арышт свайго грамадзяніна, асуджанага за «агентурную дзейнасьць».