Аліна Коўшык: Было прынцыпова, каб «Белсатам» кіравалі беларусы, і палякі гэта пачулі

Аліна Коўшык. Архіўнае фота.

Прапанова ўзначаліць «Белсат» стала «вельмі нечаканай», хоць размовы пра замену кіраўніцтва мэдыя «ішлі даўно», заявіла Аліна Коўшык 17 лістапада ў эфіры тэлеканала.

Яна паведаміла, што зойме ў «Белсаце» пасаду галоўнага рэдактара.

Паводле словаў Аліны Коўшык, прапанова ўзначаліць канал паступала «многім людзям», але «было складана знайсьці тых, хто гатовы заняць гэтае месца».

«Істотна тое, што „Белсат“ цяпер перажывае складаны, крызісны час. І апошні год быў і вельмі нервовым, і нявызначаным. Мы зрабілі ўсё, што маглі, каб выратаваць сам канал. І тут было, шчыра скажу, заангажаванне з усіх бакоў. І з боку кіраўніцтва „Белсата“, і з боку палітычных структур, якія ў адзін голас казалі пра „Белсат“», — сказала мэдыямэнэджэрка.

«І калі да мяне прыйшлі з прапановай [узначаліць канал], я зразумела, што гэта такая апошняя дошка ратунку. <...> Памятаю, як усе казалі, што вельмі важна, каб беларусы ўзначалілі „Белсат“. Што гэта прынцыповы момант. І палякі гэта пачулі», — дадала Коўшык.

Паводле яе слоў, рашэньне ўзначаліць канал яна прыняла пасьля таго, як стала вядома, што цяперашні выканаўца абавязкаў дырэктара «Белсата» Аляксей Дзікавіцкі «не застанецца на месцы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніцай тэлеканалу «Белсат» прызначылі Аліну Коўшык. Яны сыходзіць з Каардынацыйнай рады і АПК

Пра тое, што Коўшык пакідае пасаду прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па нацыянальным адраджэньні ў сувязі з тым, што яна ўзначаліць тэлеканал «Белсат», стала вядома 15 лістапада. 16 лістапада Коўшык абвясьціла таксама аб выхадзе са складу Каардынацыйнай рады.

  • Да прыходу ў АПК у верасьні 2022 года Коўшык 15 гадоў працавала на «Белсаце», у тым ліку ў якасьці галоўнай вядоўцы, рэдактаркі і прадзюсаркі тэлепраграм. Яна таксама была сузаснавальніцай Беларускага цэнтру салідарнасьці ў Варшаве, праекту InBelKult 2.0, а таксама клюба «Беларускі Варшавы».
  • Коўшык — гісторык паводле адукацыі. Выпускніца Горадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэта імя Янкі Купалы, Цэнтра Ўсходняй Эўропы Варшаўскага ўнівэрсытэта і праграмы MBA ў галіне мэдыямэнэджмэнту ў Стакгольмскай школе эканомікі ў Рызе (Латвія).
  • 19 ліпеня на польскім партале Onet выйшаў артыкул, у якім паведамлялася, што 10 мэнэджараў тэлеканала «Белсат» падазраюцца ў датычнасці да фінансавых парушэньняў на тэлеканале, у іх ліку называліся былая дырэктарка тэлеканала Агнешка Рамашэўска-Гузы і яе тагачасны намесьнік (а пазней выканаўца абавязкаў дырэктара) Аляксей Дзікавіцкі.
  • Сьцвярджалася, што кіраўніцтва канала падазраюць у заключэньні бяз тэндэру 248 кантрактаў, многія зь іх не былі выкананыя.
  • Цяперашнія і былыя мэнэджары тэлеканала «Белсат» 23 ліпеня выступілі з заявай, у якой выказалі пратэст «супраць паклёпу», апублікаванага 19 ліпеня парталам Onet. Дзікавіцкі адразу пасьля выхаду матэрыялу напісаў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку», што інфармацыя зьяўляецца «няпраўдай і паклёпам».
  • 8 ліпеня журналісты-расьсьледавальнікі Radio ZET і RadioZET.pl Марыюш Гершэўскі і Радаслаў Груца паведамілі, што ліквідатар Польскага грамадзкага вяшчання (TVP) Даніэль Горгаш «апавясьціў пракуратуру аб фінансавых парушэньнях» на «Белсаце». 9 ліпеня Рамашэўска-Гузы абвергла абвінавачаньні.
  • На пачатку ліпеня стала вядома, што «Белсат» увойдзе ў склад новай мэдыяструктуры — Цэнтра замежных праграм (ЦЗП), які аб’яднае тэлеканалы, што вяшчаюць на замежных мовах. Дэмсілы і каманда «Белсата» заклікалі кіраўніцтва Польшчы і TVP захаваць самастойнасьць беларускага тэлеканала.
  • Асноўная крыніца фінансаваньня «Белсата» — сродкі МЗС Польшчы. У сакавіку Дзікавіцкі паведамляў, што ў 2023 годзе мэдыя атрымала ад ведамства 63 млн злотых (каля 15,8 млн долараў на сёння), а на 2024 год гэтая сума скарочаная да 40 млн злотых (крыху больш за 10 млн долараў). Такім чынам, фінансаваньне зменшана на 36,5%.
  • Урад прэм’ер-міністра Дональда Туска пасьля прыходу да ўлады па выніках парлямэнцкіх выбараў, якія адбыліся ў кастрычніку 2023 года, пачаў рэвізію грамадзкіх і дзяржаўных СМІ, якія, на яго думку, адстойвалі інтарэсы толькі кіроўнай да гэтага партыі-канкурэнта «Закон і справядлівасьць».
  • Тэлеканал «Белсат» створаны для вяшчаньня на Беларусь у 2007 годзе на падставе дамовы паміж МЗС Польшчы і TVP.