Міністэрства юстыцыі Расеі ўнесла ў сьпіс «непажаданых арганізацый» створаны незалежнымі беларускімі журналістамі тэлеканал «Белсат», зарэгістраваны ў Польшчы, паведамляе Руская служба Радыё Свабода.
У пастанове Міністэрства юстыцыі Расеі гаворыцца, што «Белсат» накіраваны на дыскрэдытацыю палітыкі расейскіх уладаў, стварэньне нэгатыўнага вобразу Расеі і крытыку інтэграцыйных працэсаў Расеі і Беларусі. Таксама Мінюст згадаў крытыку «Белсатам» вайны ва Ўкраіне.
«Белсат» ужо прыцягваў да сябе ўвагу расейскіх праваахоўных органаў. Генпракуратура РФ заяўляла, што канал «распаўсюджвае матэрыялы арганізацый, уключаных у рэестар іншаземных агентаў, і тых, чыя дзейнасьць таксама прызнана непажаданай на тэрыторыі Расеі».
- Тэлеканал «Белсат» быў створаны ў 2007 годзе, рэдакцыя знаходзіцца ў Польшчы. Ён выходзіць на беларускай мове, частка матэрыялаў даступная на расейскай. У 2020 годзе, падчас масавага пратэсту супраць пераабраньня Аляксандра Лукашэнкі кіраўніком Беларусі, «Белсат» асьвятляў пратэсты і даваў слова апазыцыйным палітыкам. Журналістаў «Белсату» ў Беларусі затрымлівалі, некаторых пасьля асудзілі.
- «Белсат», як і большасьць апазыцыйных і незалежных СМІ, быў прызнаны ў Беларусі «экстрэмісцкім фармаваньнем».
- У Беларусі ёсьць рызыка трапіць пад крымінальны перасьлед ня толькі для журналістаў за працу на тэлеканале ці супрацоўніцтва зь ім, але і звычайных людзей — за інтэрвію, камэнтары тэлеканалу ці ўдзел у перадачах «Белсату». Так, напрыклад, у красавіку 2022 году за інтэрвію «Белсату» асудзілі жонку палітзьняволенага журналіста Свабоды Ігара Лосіка Дар’ю — яе прызналі вінаватай у «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 арт. 3614 КК).
Форум