Раней мітынгоўцы зьнесьлі частку плоту вакол комплексу ўрадавых будынкаў і праніклі на тэрыторыю, прылеглую да будынку парлямэнту. Супрацоўнікаў міліцыі ўдзельнікі акцыі закідалі яйкамі і бутэлькамі — тыя, у сваю чаргу, ужылі дымавыя шашкі. Паводле інфармацыі ТАСС, падчас пратэсту пацярпелі восем чалавек — адзін застаецца ў шпіталі, астатніх адпусьцілі.
На фоне пратэсту парлямэнт адмяніў сэсію, на якой павінна было прайсьці галасаваньне па пытаньні ратыфікацыі інвэстыцыйнага пагадненьня з Масквой. Абхаскія ўлады разглядаюць дамову як стымул для мясцовай эканомікі, апазыцыя лічыць яе «прамой здачай інтарэсаў» Расеі. Пры гэтым удзельнікі мітынгу размахвалі расейскімі сьцягамі і скандавалі «Расея!», адказваючы на абвінавачаньні з боку ўладаў у «антырасейскіх настроях».
«Сёньня мітынгоўцы сабраліся ля будынку парлямэнту не для таго, каб выступаць супраць нашых саюзьнікаў, а каб абараніць нацыянальныя інтарэсы Абхазіі, яе прыродныя рэсурсы і багацьці, якія Бжанія спрабаваў узурпаваць дзеля асабістай выгады», — гаворыцца ў заяве апазыцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Абхазіі пратэстоўцы дабіліся вызваленьня апазыцыянэраўНачальнік асабістай аховы Бжанія, кіраўнік МУС і старшыня Службы дзяржаўнай бясьпекі выйшлі да пратэстоўцаў і паабяцалі перадаць Бжанія іх патрабаваньні. Паводле інфармацыі тэлеграм-каналу «Патрыёты Абхазіі», Бжанія пакінуў будынак адміністрацыі прэзыдэнта, які разьмешчаны побач з парлямэнтам. Пратэстоўцы скандавалі: «Дэзэртэр!». Некаторыя зь іх трапілі ў будынак парлямэнту праз вокны. Побач з вокнамі вывесілі расейскі сьцяг.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Абхазіі праз сутыкненьні пратэстоўцаў і сілавікоў скасавалі пасяджэньне парлямэнтуСёньня днём пратэстоўцы ўзламалі дзьверы і ўвайшлі ў будынак парлямэнту. Паводле тэлеграм-каналу «Рэспубліка», прадстаўнікі сілавых структур і аховы не перашкаджалі ім, а пазьней пачалі пакідаць будынак або пераходзіць на бок пратэстоўцаў.
Як перадае «Апсныпрэс», абхаская адміністрацыя рыхтуе дакумэнт аб адкліканьні з парлямэнту законапраекту, які выклікаў народныя хваляваньні.
Пазьней будынак парлямэнту перайшоў пад кантроль пратэстоўцаў. Іх лідэр Леван Мікаа абвясьціў, што народ застанецца ў будынку, пакуль ня будзе паведамленьня аб адстаўцы Бжанія. Мікаа заклікаў сваіх прыхільнікаў стварыць каардынацыйны орган, які возьме сытуацыю ў свае рукі. «Гэта наша дзяржава, і мы навядзем у ёй парадак», — сказаў лідэр пратэстоўцаў.
Дзе цяпер Аслан Бжанія, невядома.
- Сваю незалежнасьць Абхазія і Паўднёвая Асэтыя абвясьцілі яшчэ на пачатку 1990-х гадоў. Па выніках вайны з Грузіяй у 2008 годзе іх незалежнасьць прызнала Расея — на тэрыторыі абедзьвюх рэспублік разьмешчаныя расейскія вайскоўцы, эканоміка абедзьвюх моцна залежыць ад Расеі.
- Пазьней незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі прызналі яшчэ чатыры краіны ААН: Нікарагуа, Вэнэсуэла, Науру і Сырыя. У дакумэнтах ААН абедзьве тэрыторыі названыя рэгіёнамі Грузіі. Сама Грузія афіцыйна лічыць Абхазію і Паўднёвую Асэтыю акупаванымі расейскім войскам.
- Беларусь не прызнае незалежнасьць Абхазіі. Аднак у верасьні 2022 году Аляксандар Лукашэнка наведаў Абхазію і сустрэўся там з Асланам Бжанія. У лютым 2023 году Бжанія прыбыў зь візытам у Менск, дзе правёў перамовы з Лукашэнкам.