Падчас свайго звароту Байдэн паведаміў, што павіншаваў Трампа зь перамогай на выбарах і паабяцаў забясьпечыць мірную перадачу ўлады. Прэзыдэнт ЗША падкрэсьліў, што мірная і ўпарадкаваная перадача ўлады зьяўляецца асновай дэмакратыі.
«Мы прымаем выбар, які робіць краіна. Нельга любіць сваю краіну толькі тады, калі ты перамагаеш, нельга любіць блізкага толькі тады, калі ты зь ім згодныя. Неістотна, за каго вы галасуеце, вы можаце ўспрымаць адзін аднаго не як супернікаў, а як суайчыньнікаў», — падкрэсьліў Байдэн.
Паводле прэзыдэнта ЗША, амэрыканская выбарчая сыстэма сумленная, справядлівая і празрыстая, ёй можна давяраць.
«Няўдачы непазьбежныя, але здавацца недаравальна», — зазначыў Байдэн.
Падчас свайго звароту Джо Байдэн таксама згадаў кандыдатку на гэтых прэзыдэнцкіх выбарах ад Дэмакратычнай партыі, віцэ-прэзыдэнтку Камалу Гарыс, назваўшы яе «чалавекам з характарам».
«Яна ўклала ўсю душу ў гэта. Яна і яе каманда павінны ганарыцца сваёй кампаніяй», — адзначыў ён.
Напярэдадні Камала Гарыс таксама заявіла, што яе каманда будзе дапамагаць Трампу і забясьпечыць «мірную перадачу ўлады».
«Зыход гэтых выбараў — гэта ня тое, чаго мы хацелі, ня тое, за што мы змагаліся, ня тое, за што мы галасавалі. Але сьвятло абяцаньня Амэрыкі заўсёды будзе гарэць яскрава да таго часу, пакуль мы не здаемся», — сказала яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Змагацца за годнасьць, якой заслугоўваюць усе людзі». Гарыс зьвярнулася да сваіх прыхільнікаў і прызнала перамогу ТрампаПрэзыдэнцкія выбары ў ЗША 2024 году
- За перамогу змагаліся два палітыкі: былы прэзыдэнт, 78-гадовы Дональд Трамп, кандыдат ад Рэспубліканскай партыі, і віцэ-прэзыдэнтка, 60-гадовая Камала Гарыс, кандыдатка ад Дэмакратычнай партыі. Па выніках выбараў Дональд Трамп забясьпечыў сабе вяртаньне ў Белы дом.
- Дональд Трамп балятаваўся на пасаду трэці раз. У 2020 годзе ён прайграў Джо Байдэну.
- Трамп стаў другім прэзыдэнтам у гісторыі, які выйграў выбары пасьля перапынку ў кадэнцыях. Адзіным прэзыдэнтам, які дасягнуў гэтага, быў Гровэр Кліўлэнд, яшчэ ў канцы XIX стагодзьдзя.
- Камала Гарыс замяніла Джо Байдэна на выбарах ад Дэмакратычнай партыі. Гэта адбылося пасьля ягонага кепскага выступу на дэбатах з Дональдам Трампам, які падкрэсьліў, што ёсьць прычыны для занепакоенасьці ягоным узростам.
- Гарыс падкрэсьлена падтрымлівала права на аборты пасьля рашэньня Вярхоўнага суду ў 2022 годзе, якое спыніла канстытуцыйнае права на аборты. Гарыс назвала Трампа «пагрозай для дэмакратыі», адзначыўшы ягоную ролю ў нападзе 6 студзеня на Капітолій ЗША і яго адмову прызнаць пройгрыш Байдэну ў 2020 годзе.
- Трамп жа заявіў, што на другім магчымым тэрміне ён зробіць больш для паляпшэньня эканомікі, спыніць хвалю мігрантаў і будзе больш жорсткім у адносінах да супернікаў ЗША, такіх як Кітай.
- Гарыс заявіла, што будзе працягваць палітыку Байдэна ў дапамозе Ўкраіне. Трамп паставіў пад сумнеў падтрымку Ўкраіны, заявіўшы, што Эўропа павінна несьці асноўную частку цяжару падтрымкі Кіева ў змаганьні супраць расейскага ўварваньня.
- Свабода аналізавала, чаму вынік выбараў у ЗША залежыць ад «хісткіх штатаў». Усяго такіх штатаў сем: Пэнсыльванія, Мічыган, Вісконсін, Арызона, Нэвада, Джорджыя і Паўночная Караліна. У 38 штатах адна і тая ж партыя атрымлівае большасьць галасоў на кожных прэзыдэнцкіх выбарах з пачатку XXI стагодзьдзя, часта зь вялікай перавагай. Толькі 12 штатаў «зьмянялі перавагі» хаця б раз з 2000 году.
- У некаторых штатах адна партыя дамінуе яшчэ даўжэй, напрыклад у Мінэсоце з 1976 году большасьць галасоў стабільна атрымлівае кандыдат ад дэмакратаў, а ў Тэхасе з 1980 году перамагае рэспубліканец.
- Таксама ў лістападаўскай кампаніі 2024 году перавыбіраецца траціна Сэнату і ўвесь склад Палаты прадстаўнікоў.
- Сэнат зацьвярджае на пасадах прызначэнцаў прэзыдэнта, у тым ліку судзьдзяў усіх узроўняў, і ратыфікуе міжнародныя пагадненьні. Кожны штат прадстаўляюць два сэнатары — усяго іх сто, тэрмін паўнамоцтваў — шэсьць гадоў. Барацьба ідзе за 34 месцы са 100 наяўных.
- Палата прадстаўнікоў традыцыйна адыгрывае ключавую ролю ў працы над бюджэтам ЗША і сфэрай падаткаў, а таксама мае права ініцыяваць працэдуру імпічмэнту фэдэральным службовым асобам, уключаючы прэзыдэнта. Цяпер у Палаце засядаюць 435 кангрэсмэнаў, тэрмін кадэнцыі якіх складае два гады. Яны прадстаўляюць 50 штатаў, а таксама Фэдэральную акругу Калюмбія (мае дарадчы голас) і пяць тэрыторый ЗША.