Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камала Гарыс і Джо Байдэн павіншавалі Дональда Трампа зь перамогай на выбарах


Каляж: Камала Гарыс і Дональд Трамп
Каляж: Камала Гарыс і Дональд Трамп

Віцэ-прэзыдэнтка ЗША і кандыдатка ў прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі Камала Гарыс 6 лістапада патэлефанавала Дональду Трампу і павіншавала яго зь перамогай на прэзыдэнцкіх выбарах.

Як распавёў агенцтву Associated Press адзін з памочнікаў Гарыс, у тэлефоннай гутарцы яна абгаварыла з Трампам важнасьць мірнай перадачы ўлады.

Чакаецца, што Гарыс выступіць з прамовай, дзе прызнае сваю паразу, апоўначы па менскім часе. Яна мае намер заклікаць сваіх прыхільнікаў шукаць «агульную глебу» з выбарнікамі Трампа, каб разам працаваць на карысьць ЗША.

Таксама АР і NBC паведамляюць, што Трампа павіншаваў і дзейны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн. Ён патэлефанаваў Трампу, каб павіншаваць яго зь перамогай на прэзыдэнцкіх выбарах і запрасіць у Белы дом. У Белым доме заявілі, што ўзгодняць дату візыту «ў бліжэйшы час».

Таксама Байдэн паразмаўляў зь віцэ-прэзыдэнткай Камалай Гарыс, каб павіншаваць яе з выбарчай кампаніяй. Прэзыдэнт ЗША плянуе зьвярнуцца да нацыі з нагоды вынікаў выбараў, піша АР.

  • Дональд Трамп перамог на выбарах прэзыдэнта ЗША 5 лістапада, набраўшы 294 галасы электараў (гэта 50,9% галасоў выбарнікаў у ЗША). Яго галоўная канкурэнтка, дзейная віцэ-прэзыдэнтка Камала Гарыс, набрала 223 галасы электараў — гэта 47,4 працэнта. Падлік галасоў яшчэ працягваецца, але засталося палічыць толькі невялікі іх працэнт, які ня зробіць значнага ўплыву на вынік. Многія кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў ужо павіншавалі Трампа з абраньнем.

Прэзыдэнцкія выбары ў ЗША 2024 году

  • За перамогу змагаліся два палітыкі: былы прэзыдэнт, 78-гадовы Дональд Трамп, кандыдат ад Рэспубліканскай партыі, і віцэ-прэзыдэнтка, 60-гадовая Камала Гарыс, кандыдатка ад Дэмакратычнай партыі. Па выніках выбараў Дональд Трамп забясьпечыў сабе вяртаньне ў Белы дом.
  • Дональд Трамп балятаваўся на пасаду трэці раз. У 2020 годзе ён прайграў Джо Байдэну.
  • Трамп стаў другім прэзыдэнтам у гісторыі, які выйграў выбары пасьля перапынку ў кадэнцыях. Адзіным прэзыдэнтам, які дасягнуў гэтага, быў Гровэр Кліўлэнд, яшчэ ў канцы XIX стагодзьдзя.
  • Камала Гарыс замяніла Джо Байдэна на выбарах ад Дэмакратычнай партыі. Гэта адбылося пасьля ягонага кепскага выступу на дэбатах з Дональдам Трампам, які падкрэсьліў, што ёсьць прычыны для занепакоенасьці ягоным узростам.
  • Гарыс падкрэсьлена падтрымлівала права на аборты пасьля рашэньня Вярхоўнага суду ў 2022 годзе, якое спыніла канстытуцыйнае права на аборты. Гарыс назвала Трампа «пагрозай для дэмакратыі», адзначыўшы ягоную ролю ў нападзе 6 студзеня на Капітолій ЗША і яго адмову прызнаць пройгрыш Байдэну ў 2020 годзе.
  • Трамп жа заявіў, што на другім магчымым тэрміне ён зробіць больш для паляпшэньня эканомікі, спыніць хвалю мігрантаў і будзе больш жорсткім у адносінах да супернікаў ЗША, такіх як Кітай.
  • Гарыс заявіла, што будзе працягваць палітыку Байдэна ў дапамозе Ўкраіне. Трамп паставіў пад сумнеў падтрымку Ўкраіны, заявіўшы, што Эўропа павінна несьці асноўную частку цяжару падтрымкі Кіева ў змаганьні супраць расейскага ўварваньня.
  • Свабода аналізавала, чаму вынік выбараў у ЗША залежыць ад «хісткіх штатаў». Усяго такіх штатаў сем: Пэнсыльванія, Мічыган, Вісконсін, Арызона, Нэвада, Джорджыя і Паўночная Караліна. У 38 штатах адна і тая ж партыя атрымлівае большасьць галасоў на кожных прэзыдэнцкіх выбарах з пачатку XXI стагодзьдзя, часта зь вялікай перавагай. Толькі 12 штатаў «зьмянялі перавагі» хаця б раз з 2000 году.
  • У некаторых штатах адна партыя дамінуе яшчэ даўжэй, напрыклад у Мінэсоце з 1976 году большасьць галасоў стабільна атрымлівае кандыдат ад дэмакратаў, а ў Тэхасе з 1980 году перамагае рэспубліканец.
  • Таксама ў лістападаўскай кампаніі 2024 году перавыбіраецца траціна Сэнату і ўвесь склад Палаты прадстаўнікоў.
  • Сэнат зацьвярджае на пасадах прызначэнцаў прэзыдэнта, у тым ліку судзьдзяў усіх узроўняў, і ратыфікуе міжнародныя пагадненьні. Кожны штат прадстаўляюць два сэнатары — усяго іх сто, тэрмін паўнамоцтваў — шэсьць гадоў. Барацьба ідзе за 34 месцы са 100 наяўных.
  • Палата прадстаўнікоў традыцыйна адыгрывае ключавую ролю ў працы над бюджэтам ЗША і сфэрай падаткаў, а таксама мае права ініцыяваць працэдуру імпічмэнту фэдэральным службовым асобам, уключаючы прэзыдэнта. Цяпер у Палаце засядаюць 435 кангрэсмэнаў, тэрмін кадэнцыі якіх складае два гады. Яны прадстаўляюць 50 штатаў, а таксама Фэдэральную акругу Калюмбія (мае дарадчы голас) і пяць тэрыторый ЗША.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG