Здарэньне адбылося яшчэ раніцай 30 кастрычніка пад Кінгісепам (Ленінградзкая вобласьць). На апублікаваным відэа аўтобус цалкам ахоплены агнём.
Аб прычынах узгараньня не паведамляецца.
Характэрна, што аўтобус згарэў у расейскім рэгіёне, куды беларускія ўлады разьлічваюць пастаўляць пасажырскую тэхніку.
Беларусь гатовая «цалкам задаволіць» патрэбы Санкт-Пецярбургу ў сучасным пасажырскім транспарце, заявіў 25 кастрычніка на пасяджэньні 14-й Рады дзелавога супрацоўніцтва Беларусі і Санкт-Пецярбургу прэм’ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка.
Чыноўнік сьцьвярджаў, што кантракты з Санкт-Пецярбургам для такіх прадпрыемстваў «заўсёды ў прыярытэце», у прыватнасьці, Беларусь хоча пастаўляць у горад «новыя мадэлі беларускіх аўтобусаў, тралейбусаў, электробусаў, трамваяў». З гэтай мэтай беларускі бок гатовы «прапаноўваць вельмі выгадныя фінансавыя варыянты ўзаемадзеяньня пры заключэньні такіх кантрактаў», сказаў Галоўчанка.
Аўтобусы МАЗ рэгулярна загараюцца ў Расеі
22 кастрычніка паведамлялася пра ўзгараньне ў Самары аўтобуса МАЗ (2018 год выпуску), які знаходзіўся на канцавым прыпынку каля гандлёвага цэнтру, пасажыраў у ім не было. Прычынай, паводле папярэдняй інфармацыі, стала няспраўнасьць электраправодкі.
3 студзеня ў Санкт-Пецярбургу загарэўся аўтобус маркі «МАЗ», які належыць кампаніі «Домтрансавто».
Паводле зьвестак расейскіх СМІ, у гэтым горадзе ў 2023 годзе загарэлася ня менш як дзевяць аўтобусаў Менскага аўтазаводу. Годам раней было зафіксавана восем падобных выпадкаў.
«У сувязі з наяўнасьцю заўваг, якія патэнцыйна могуць прывесьці да ўзгараньня аўтобусаў, прынятае рашэньне аб прыпыненьні эксплюатацыі на гарадзкой маршрутнай сетцы 137 аўтобусаў Менскага аўтамабільнага заводу (МАЗ 203047). Яны паступілі ў Пецярбург па кантрактах 2022 году», — паведамляла 2 жніўня 2023 году прэсавая служба дзяржаўнага прадпрыемства «Пассажиравтотранс».
У адказ на запыт віцэ-губэрнатара Санкт-Пецярбургу Кірыла Палякова ў чэрвені 2022 году МАЗ паведаміў, што прычынай узгараньняў можа быць «трапляньне алівы з сыстэмы гідрапрыводу вэнтылятара на гарачыя часткі рухавіка».
«Ва ўмовах санкцыйнага ціску і парушэньня лягістычных ланцужкоў пры пастаўках камплектаў гідрапрыводу магла адбыцца замена правераных флянцаў на іншыя, аналягічныя па тэхнічных характарыстыках, але якія ня маюць правераных рэфэрэнцый», — растлумачыў чыноўнік.
Выпадкі з узгараньнем аўтобусаў Менскага аўтазаводу фіксаваліся і ў Беларусі.
Праблему зь беларускімі аўтобусамі ўскосна прызнаў Аляксандар Лукашэнка, які заявіў 19 верасьня 2023 году на сустрэчы з губэрнатарам Краснадарскага краю РФ Веніямінам Кандрацьевым, што прычына ўзгараньняў пасажырскага транспарту ў Пецярбургу крыецца ў адсутнасьці «якаснага і своечасовага абслугоўваньня». Ён прапанаваў наладзіць тэхабслугоўваньне на месцы сіламі беларускіх рамонтнікаў.
На прэсавай канфэрэнцыі 25 кастрычніка намесьнік галоўнага канструктара па грузавой тэхніцы ААТ «Менскі аўтамабільны завод» Мікалай Лакотка заявіў, што прычыны частага ўзгараньня тэхнікі прадпрыемства ў РФ — парушэньне ўмоў і правілаў эксплюатацыі.
Паводле яго слоў, тэхніка «стала вельмі цяжкая, энэрганасычаная, таму ўмовы эксплюатацыі і правілы эксплюатацыі ніхто не адмяняў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску на праспэкце Машэрава згарэў аўтобус МАЗ