«Амэрыканцы стаміліся ад падзей міжнароднага жыцьця, якія апынуліся ў парадку дня. Спрацавала жаданьне перанесьці акцэнт на ўнутраныя праблемы — інфляцыю, дабрабыт, і тут Трамп змог прадставіць сябе больш кампэтэнтным, чым Камала Гарыс. Большасьць выбарнікаў вырашылі, што лепш рэсурсы краіны патраціць на вырашэньне ўнутраных праблем. Але спрацаваў і папулізм. Хоць амэрыканцы больш дасьведчаныя ў дэмакратыі, але жывы чалавек застаецца такім — яму хочацца хутчэйшага выніку. І калі ім кажуць, што „за адзін дзень спыню вайну“, дык чалавек хоча ў гэта паверыць. Папулізм, як бачым, працуе ня толькі ў Беларусі і на той прасторы, якую мы называем постсавецкай, але і ў Амэрыцы».
Паводле Анатоля Лябедзькі, прыход да ўлады ў ЗША Дональда Трампа паўплывае на вайну ва Ўкраіне, якую разьвязала Расея.
«Гэта новы выклік для Ўкраіны. Трамп ужо заявіў, што пры ім войнаў ня будзе. Гэта папулісцкая заява, але ясна, што словамі не закончыцца, а пачнецца ціск на Зяленскага, на ўкраінцаў, каб яны сядалі за стол перамоваў — і ня ў якасьці пераможцаў. Украіне вельмі патрэбна моцная міжнародная кааліцыя, каб нехта ўраўнаважыў Трампа і падтрымаў Зяленскага. Зараз нешта прагучыць у Брусэлі, у Бэрліне, Парыжы, Лёндане, будзе важна паслухаць. Што да Трампа, дык ад яго сапраўды можна чакаць і замарожваньня дапамогі Ўкраіне. Але ён здольны рабіць моцныя мэсэджы ня толькі Кіеву, але і Маскве. Мяркую, такога палітычнага ўльтыматуму ад яго чакаць варта».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дональд Трамп вяртаецца на пасаду прэзыдэнта ЗШАЛябедзька мяркуе, што перамога Дональда Трампа не азначае страты падтрымкі ЗША для сілаў, якія прагнуць дэмакратычных зьменаў у Беларусі. Беларускі апазыцыйны палітык нагадаў, што ў Кангрэсе ЗША ўжо запушчаная працэдура прыняцьця Акту аб падтрымцы дэмакратыі ў Беларусі, і гэты працэс, як ён мяркуе, ня спыніцца.
«Зразумела, калі б перамагла кандыдатка ад дэмакратаў Гарыс, мы мелі б прагназаваны парадак дня. Яны б ішлі наперад ня так хутка, як бы нам хацелася, але не было б скачкоў управа ці ўлева. А Трамп — гэта нечаканасьць. З улікам таго, што мы моцна падвязаныя да падзеяў ва Ўкраіне, дык і тут для нас вялікага аптымізму няма. Што да Кангрэсу ЗША, ці будуць для нас на гэтым кірунку вялікія перамены, дык я б сказаў, што ўсё выглядае больш-менш стабільным. Кокусы (гэта групы дэпутатаў у падтрымку Беларусі) былі сфармаваныя на двухпартыйнай аснове, і яны, спадзяюся, не асабліва памяняюцца, хоць, магчыма, стануць больш рэспубліканскімі паводле складу. Але і сярод рэспубліканцаў шмат сяброў Беларусі. Празь іх мы будзем мець падтрымку Кангрэсу, і гэта той выпадак, калі можна будзе ўплываць і на адміністрацыю Трампа. Безумоўна, шмат будзе залежаць і ад таго, хто ачоліць Дзярждэпартамэнт і хто будзе дарадцам прэзыдэнта ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі. Але для нас важна, што працэдура прыняцьця Акту аб падтрымцы дэмакратыі ў Беларусі ўжо распачатая і мы будзем мець прававую аснову падтрымкі, а ЗША — гэта прававая краіна, дзе законы працуюць», — кажа Анатоль Лябедзька.
Лябедзька прадбачыць, што перамога Дональда Трампа можа зьмяніць сытуацыю і ў Эўразьвязе.
«Такія асобы, як вугорскі прэм’ер Орбан і славацкі прэм’ер Фіца, выглядалі ў Эўропе як палітычныя лузэры, але калі Трамп іх падтрымае, яны працягнуць будаваць свае кааліцыі. Гэта стане пэўным фактарам сілы для палітычных партый у краінах Эўразьвязу, якія дагэтуль былі ў меншасьці. Для Эўразьвязу гэта таксама выклік. Таму вельмі важна, ці знойдзецца ў Эўропе палітык, які зможа на роўных размаўляць з Трампам, свой Чэрчыль. Яго пакуль няма, але патрэба ў ім ёсьць. Дарэчы, наяўнасьць такога лідэра вельмі важная і для вырашэньня беларускага пытаньня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кавалеўскі ацаніў працяг Стратэгічнага дыялёгу беларускай апазыцыі і ЗША пасьля выбараўПалітык так бачыць плян далейшай супрацы з уладамі ЗША кабінэту Сьвятланы Ціханоўскай, дзе ён займае пасаду прадстаўніка ў пытаньнях канстытуцыйнай рэформы:
«Першы пункт — абноўленыя кокусы па Беларусі, зь якімі трэба будзе сфармаваць плян працы. Другі пункт — далей змагацца за прыняцьце Акту аб падтрымцы дэмакратыі ў Беларусі, каб ён прайшоў усе ўзгадненьні і быў дзейны. Трэці пункт — як мага хутчэй усталяваць кантакты зь Дзярждэпартамэнтам, зь дзяржсакратаром і дарадцам у пытаньнях нацыянальнай бясьпекі. Усё астатняе — нам трэба дапамагаць Украіне па ўсіх кірунках».
Анатоль Лябедзька не чакае, што пасьля меркаванай інаўгурацыі Дональда Трампа рэзка зьменіцца стаўленьне адміністрацыі ЗША да Аляксандра Лукашэнкі.
«Нейкая інтрыга ўзьнікне, могуць паспрабаваць зноў разабрацца, чаго хоча Лукашэнка, але рэзкіх зрухаў не чакаю. Вядома, для Лукашэнкі, як і для Пуціна, Трамп лепшы, чым Гарыс, і ён сёньня за гэта выпіў шампанскага. Але ў ЗША застаецца судовая сыстэма, Кангрэс, грамадзкая думка, і таму палітык, які там прыходзіць да ўлады, мусіць гэта ўлічваць. Так было і падчас мінулага прэзыдэнцтва Дональда Трампа», — прыгадаў Анатоль Лябедзька.
Прэзыдэнцкія выбары ў ЗША 2024 году
- За перамогу змагаліся два палітыкі: былы прэзыдэнт, 78-гадовы Дональд Трамп, кандыдат ад Рэспубліканскай партыі, і віцэ-прэзыдэнтка, 60-гадовая Камала Гарыс, кандыдатка ад Дэмакратычнай партыі. Па выніках выбараў Дональд Трамп забясьпечыў сабе вяртаньне ў Белы дом.
- Дональд Трамп балятаваўся на пасаду трэці раз. У 2020 годзе ён прайграў Джо Байдэну.
- Трамп стаў другім прэзыдэнтам у гісторыі, які выйграў выбары пасьля перапынку ў кадэнцыях. Адзіным прэзыдэнтам, які дасягнуў гэтага, быў Гровэр Кліўлэнд, яшчэ ў канцы XIX стагодзьдзя.
- Камала Гарыс замяніла Джо Байдэна на выбарах ад Дэмакратычнай партыі. Гэта адбылося пасьля ягонага кепскага выступу на дэбатах з Дональдам Трампам, які падкрэсьліў, што ёсьць прычыны для занепакоенасьці ягоным узростам.
- Гарыс падкрэсьлена падтрымлівала права на аборты пасьля рашэньня Вярхоўнага суду ў 2022 годзе, якое спыніла канстытуцыйнае права на аборты. Гарыс назвала Трампа «пагрозай для дэмакратыі», адзначыўшы ягоную ролю ў нападзе 6 студзеня на Капітолій ЗША і яго адмову прызнаць пройгрыш Байдэну ў 2020 годзе.
- Трамп жа заявіў, што на другім магчымым тэрміне ён зробіць больш для паляпшэньня эканомікі, спыніць хвалю мігрантаў і будзе больш жорсткім у адносінах да супернікаў ЗША, такіх як Кітай.
- Гарыс заявіла, што будзе працягваць палітыку Байдэна ў дапамозе Ўкраіне. Трамп паставіў пад сумнеў падтрымку Ўкраіны, заявіўшы, што Эўропа павінна несьці асноўную частку цяжару падтрымкі Кіева ў змаганьні супраць расейскага ўварваньня.
- Свабода аналізавала, чаму вынік выбараў у ЗША залежыць ад «хісткіх штатаў». Усяго такіх штатаў сем: Пэнсыльванія, Мічыган, Вісконсін, Арызона, Нэвада, Джорджыя і Паўночная Караліна. У 38 штатах адна і тая ж партыя атрымлівае большасьць галасоў на кожных прэзыдэнцкіх выбарах з пачатку XXI стагодзьдзя, часта зь вялікай перавагай. Толькі 12 штатаў «зьмянялі перавагі» хаця б раз з 2000 году.
- У некаторых штатах адна партыя дамінуе яшчэ даўжэй, напрыклад у Мінэсоце з 1976 году большасьць галасоў стабільна атрымлівае кандыдат ад дэмакратаў, а ў Тэхасе з 1980 году перамагае рэспубліканец.
- Таксама ў лістападаўскай кампаніі 2024 году перавыбіраецца траціна Сэнату і ўвесь склад Палаты прадстаўнікоў.
- Сэнат зацьвярджае на пасадах прызначэнцаў прэзыдэнта, у тым ліку судзьдзяў усіх узроўняў, і ратыфікуе міжнародныя пагадненьні. Кожны штат прадстаўляюць два сэнатары — усяго іх сто, тэрмін паўнамоцтваў — шэсьць гадоў. Барацьба ідзе за 34 месцы са 100 наяўных.
- Палата прадстаўнікоў традыцыйна адыгрывае ключавую ролю ў працы над бюджэтам ЗША і сфэрай падаткаў, а таксама мае права ініцыяваць працэдуру імпічмэнту фэдэральным службовым асобам, уключаючы прэзыдэнта. Цяпер у Палаце засядаюць 435 кангрэсмэнаў, тэрмін кадэнцыі якіх складае два гады. Яны прадстаўляюць 50 штатаў, а таксама Фэдэральную акругу Калюмбія (мае дарадчы голас) і пяць тэрыторый ЗША.