Сьцісла:
- Ніколі раней у гісторыі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі не было зарэгістравана так мала ініцыятыўных груп — усяго сем.
- Наўрад ці хто з прэтэндэнтаў (акрамя Лукашэнкі) рэальна зможа сабраць патрэбную колькасьць подпісаў. Гэта дае ўладам магчымасьць вырашаць, каго пакінуць у якасьці кандыдатаў у прэзыдэнты, а каго выкінуць з кампаніі.
- Зьяўленьне ў кампаніі Канапацкай магло б стаць прыгожай карцінкай для Захаду — як аргумэнт на карысьць паўмаўклівага прызнаньня гэтых выбараў. Маўляў, глядзіце, у нас жа і апазыцыя ўдзельнічае.
- Магчыма, існуе спакуса зрабіць з Канапацкай своеасаблівую новую Ціханоўскую, аднак цалкам кантраляваную.
Кола ахвотных звужаецца
Завяршыўся чарговы этап прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі — рэгістрацыя ініцыятыўных груп. 11 чалавек падалі заяўкі, але зарэгістраваныя толькі 7 груп. Чатыром патэнцыйным кандыдатам адмовілі.
Заўсёды падчас выбарчых кампаній зьяўляюцца асобы, якіх можна аднесьці да ўмоўнай катэгорыі «дзівакоў». Гэта нікому не вядомыя пэрсанажы, часта беспрацоўныя, якія раптам выявілі ў сабе здольнасьці прэтэндаваць на кіраваньне дзяржавай. І гэтым разам такія людзі зьявіліся, аднак былі адсечаныя на далёкіх подступах. Бо падалі ў ЦВК няправільна аформленыя дакумэнты.
Яшчэ адзін прэтэндэнт — апазыцыянэр Юрась Губарэвіч — атрымаў адмову таму, што не прынёс у Цэнтравыбаркам неабходныя дакумэнты асабіста, а даслаў іх электроннай поштай. Цікава, ці прыносіў дакумэнты ў ЦВК сам Аляксандар Лукашэнка? Ніякай інфармацыі пра гэта няма.
У Беларусі гэта сёмыя прэзыдэнцкія выбары. Але ніколі раней не было зарэгістравана так мала ініцыятыўных груп — усяго сем. Раней іх было больш (ад 8 у 2006 і 2015 гадах да 22 у 2001-м).
Усім зразумела, што прозьвішчы тых прэтэндэнтаў, ініцыятыўныя групы якіх зарэгістраваныя, былі ўзгодненыя на самым палітычным версе. Усіх лішніх адсеялі. Пакуль няясна, які сцэнар падрыхтавалі ўлады на наступных этапах. Пра колькасны склад ініцыятыўных групаў нічога не паведамляецца. Наўрад ці гэта выпадкова. Ёсьць падставы меркаваць, што ён недастатковы для таго, каб сабраць 100 тысяч подпісаў.
Калі глядзець аб’ектыўна, то наўрад ці хто з прэтэндэнтаў (акрамя Лукашэнкі) рэальна зможа сабраць патрэбную колькасьць подпісаў. Бо, па-першае, выбарчая кампанія праходзіць ва ўмовах дэпалітызацыі грамадзтва. Тая палітычная хваля, якая ў 2020 годзе была максымальнай і захапіла большасьць грамадзтва, цяпер дасягнула мінімальнага значэньня. Выбары мала каму цікавыя з прычыны іх відавочнай прадвызначанасьці.
Па-другое, пасьля 2020 году пачаліся і працягваюцца шырокія рэпрэсіі адносна тых, хто ставіў подпісы ў падтрымку альтэрнатыўных Аляксандру Лукашэнку кандыдатаў. Асабліва пацярпелі прыхільнікі Віктара Бабарыкі. І цяпер людзі будуць асьцерагацца падпісвацца за любых фігур, якія выставілі свае кандыдатуры ў якасьці апанэнтаў дзейнага ўладара.
Гэта дае ўладам магчымасьць маніпуляцый — вырашаць, каго пакінуць у якасьці кандыдатаў у прэзыдэнты, а каго выкінуць з кампаніі (маўляў, не сабралі подпісы). Вось жа, старшыня ЦВК Ігар Карпенка спрагназаваў, што ўрэшце ў бюлетэні застануцца тры-чатыры прозьвішчы. Відаць, чалавек нешта ведае.
Пачатак выбарчай кампаніі паказаў, што яе сцэнар мае вялікія хібы, дрэнна падрыхтаваны. Узяць хоць бы гісторыю з флэшмобам «Трэба!» («Надо!»), у якім Лукашэнку заклікалі згадзіцца ісьці на выбары — пасьля таго як ён ужо падаў сваю заяўку на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. Таму, можна меркаваць, дакладнага жорсткага пляну кампаніі няма, адміністрацыя Лукашэнкі будзе рэагаваць на сытуацыю і мяняць сцэнар на хаду.
Што азначае азначае зьяўленьне ў сьпісе прэтэндэнтаў Ганны Канапацкай?
Зьвяртае на сябе ўвагу зьяўленьне ў сьпісе прэтэндэнтаў на вышэйшую пасаду Ганны Канапацкай. Яна выбіваецца з агульнага шэрагу. З астатнімі пяцьцю прэтэндэнтамі, якія нібыта адважыліся кінуць выклік Лукашэнку, усё больш-менш ясна. Яны прадстаўляюць праўладныя партыі і адзяржаўленыя грамадзкія арганізацыі.
А вось Канапацкая — фігура з пэўным апазыцыйным бэкграўндам. У мінулым — чалец Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Была дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў, дзе прадстаўляла апазыцыю, няхай і «канструктыўную». Будучы кандыдатам у прэзыдэнты ў 2020 годзе, будавала сваю кампанію на хай сабе памяркоўнай, але крытыцы Лукашэнкі і ягонай палітыкі.
І яе зьяўленьне ў выбарчай кампаніі стала нечаканым, бо ўсе экспэрты прагназавалі, што ніякіх сумнеўных асобаў да ўдзелу ў выбарах не дапусьцяць на гарматны стрэл. Пагатоў, паводле інфармацыі «Нашай нівы», Канапацкая ці то мела, ці то мае дазвол на жыхарства ў Нямеччыне. А паводле цяперашняга беларускага заканадаўства прэтэндэнты на пасаду прэзыдэнта ня могуць мець ДНЖ іншай краіны.
Магчыма, з дапамогай Канапацкай улады ладзяць нейкі тэст, экспэрымэнт. Такі беларускі варыянт Барыса Надзеждзіна. Нагадаю, што падчас прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі Крэмль спачатку дапусьціў да ўдзелу ў іх палітыка, які прэзэнтаваў мяккую антываенную пазыцыю. Калі ж улады ўбачылі, што ў буйных гарадах выбарцы пасталі ў чэргі, каб падпісацца ў яго падтрымку, то Надзеждзіна адразу зьнялі з выбараў.
І вось беларускія ўлады, магчыма, хацелі б спраўдзіць, ці зьявяцца чэргі. Калі раптам зьявяцца, то можна будзе, паводле расейскага сцэнару, зьняць яе з выбараў, не рэгістраваць у якасьці кандыдаткі. Маўляў, не сабрала подпісаў (ці сабрала з памылкамі).
Але тут можа быць і танчэйшая гульня. Шмат залежыць ад таго, што будзе дазволена Канапацкай. Ня выключаны варыянт, што ёй ня будуць перашкаджаць гаварыць пра неабходнасьць прымірэньня, вызваленьня палітвязьняў, спыненьня рэпрэсій, агітаваць за эўрапейскі выбар і дыстанцыяваньне ад Расеі. Гэта магло б стаць прыгожай карцінкай для Захаду — як аргумэнт на карысьць паўмаўклівага прызнаньня гэтых выбараў. Маўляў, глядзіце, у нас жа і апазыцыя ўдзельнічае.
Таксама ўдзел Канапацкай мог бы паспрыяць адсорбцыі апазыцыйных галасоў. Па выніках выбараў можна было б налічыць ёй некалькі працэнтаў. І потым прэзэнтаваць яе як лідэра апазыцыйна настроенага грамадзтва. Зрабіць гэткую новую Ціханоўскую, але не ў замежжы, а ўнутры Беларусі. Абсалютна кіраваную, якая будзе дзейнічаць у строга абмежаваных рамках. Можна нават дазволіць ёй езьдзіць за мяжу на нейкія канфэрэнцыі ў якасьці прадстаўніцы дэмакратычнай Беларусі. І такім чынам нэўтралізаваць ролю і статус Сьвятланы Ціханоўскай. Маўляў, вось жа асоба са «сьвежым» рэйтынгам, новай легітымнасьцю, а ня той, якая атрыманая пяць гадоў таму.
Але тут ёсьць адна праблема. Хто сёньня ў Беларусі адважыцца падпісацца ў падтрымку Канапацкай, калі яна будзе прэзэнтаваць сябе ў якасьці апазыцыянэркі? Гэта ж будуць амаль «расстрэльныя сьпісы», па сутнасьці — самаданосы, сьпіс кандыдатаў у палітвязьні.
Такім чынам, тонкая гульня ва ўмовах палітычнага тэрору — справа, якую давесьці да канца надзвычай складана.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Без рэальных супернікаў і канкурэнтаў. Выбары, якія нагадваюць флэшмобВыбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на пяць год. Гэта будуць ужо сёмыя выбары для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Напярэдадні абвяшчэньня даты галасаваньня амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» ў часе выбараў, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што цяперашняя электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Раней дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнаньня гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
- Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца да гэтага часу.
- У турмах Беларусі застаецца каля 1,3 тысячы чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі (колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна большая). З 2020 году праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы сама меней 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі (як мінімум 2336 чалавек — на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію»). Больш за 50 тысяч чалавек затрымлівалі з палітычных матываў.
- У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў: сацыёляг Генадзь Коршунаў у траўні 2024-га ацэньваў маштаб палітычнай эміграцыі ў 500-600 тысяч чалавек, намесьнік кіраўніка МУС Карпянкоў у кастрычніку 2023 году казаў, што з 2020 году зь Беларусі зьехалі 350 тысяч чалавек.
- У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, засталіся толькі 4 праўладныя партыі. Агулам грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў ужо сама меней 1838 некамэрцыйных арганізацыяў (сярод іх грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы, палітычныя партыі, фонды, недзяржаўныя ўстановы, асацыяцыі, рэлігійныя арганізацыі і інш.).
- Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, арыштамі, ператрусамі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы. За кратамі ў Беларусі цяпер застаюцца 36 прадстаўнікоў мэдыя.