За кратамі ў Беларусі пяць сьвятароў, яшчэ 11 сёлета судзілі ў адміністрацыйных справах

Закрыты менскімі ўладамі Чырвоны касьцёл

Праваабаронцы фіксуюць працяг рэпрэсій супраць беларускіх сьвятароў, якія выказваюць сваю грамадзкую пазыцыю.

11 сьвятароў зазналі адміністрацыйны і крымінальны перасьлед з пачатку 2024 году, паводле «Хрысьціянскай візіі». Праваабаронцы падлічылі, што агульная лічба фактаў рэпрэсій супраць сьвятароў зь верасьня 2020 году дасягнула 74 выпадкаў.

Рэпрэсіі зьведалі 19 праваслаўных, 25 рымска-каталіцкіх, 5 грэка-каталіцкіх і 25 пратэстанцкіх сьвятароў, падлічылі праваабаронцы.

Рэпрэсіямі яны лічаць затрыманьні, адміністрацыйныя арышты, крымінальны перасьлед, грашовыя штрафы, прысуды з палітычных матываў, катаваньні і пагрозы.

Гісторыі некаторых рэпрэсій не завершаныя або ў праваабаронцаў няма дастатковых зьвестак пра тое, што цяпер адбываецца з затрыманымі служкамі цэркваў, адзначае «Вясна».

Пяць беларускіх сьвятароў застаюцца за кратамі

Паводле зьвестак «Вясны», за кратамі цяпер знаходзяцца пяць палітвязьняў-сьвятароў. Гэта праваслаўны сьвятар Сяргей Разановіч, якога ў 2021 годзе асудзілі на 16 гадоў зьняволеньня як аднаго зь фігурантаў гучнай справы Мікалая Аўтуховіча аб «тэрарызьме». Другі год за кратамі знаходзіцца выкладчык катэхізісу, навучэнец рыма-каталіцкай сэмінарыі Ўладзіслаў Беладзед, асуджаны на 3 гады зьняволеньня паводле чатырох артыкулаў КК, тры зь якіх праваабаронцы адносяць да палітычных.

Яшчэ трох беларускіх сьвятароў цягам 2024 году ўзялі пад варту і завялі на іх крымінальныя справы, якія дагэтуль расьсьледуюць. Гэта ксёндз зь Менскай вобласьці, якога вінавацяць у «здрадзе дзяржаве», прапаведнік ЭХБ зь Менску, якому інкрымінуюць абразу Лукашэнкі, і пробашч рымска-каталіцкай парафіі ў Віцебскай вобласьці, пра якога праваабаронцам невядома, што яму закідаюць сьледчыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выкладчыка катэхезы ў менскім катэдральным касьцёле Беладзеда асудзілі на тры гады зьняволеньня

Прынамсі адзін сьвятар сёлета пакінуў Беларусь пасьля арышту

Сьпіс рэпрэсаваных сёлета сьвятароў «Вясны» адкрывае Раман Р., пастар баптысцкай царквы ў Магілёўскай вобласці. У студзені пастар адбыў 14 дзён арышту паводле артыкулу 19.11 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»).

У пачатку года два адміністрацыйныя арышты запар паводле таго ж артыкулу адбыў святар Беларускай праваслаўнай царквы Ігар Кавальчук, былы настаяцель прыходу храма Ўсьпеньня Прасьвятой Багародзіцы ў Рагачове. Пасьля адбыцьця пакараньня сьвятар пакінуў Беларусь, паведамляе «Хрысьціянская візія».

Два запар арышты давялося адбыць увесну 2024 году пастару з Новалукомля Аляксандру З. Сьвятара эвангельскай царквы судзілі за «несанкцыянаванае пікетаваньне», якое суд Чашніцкага раёну выявіў у пропаведзі падчас імшы. Таксма на «сутках» пабывалі ксяндзы Анджэй Ю., Павал Ю., Юры Б. якія служаць у Віцебскай вобласьці, служыцель царквы ЭХБ Дзьмітры Ч.

Ад пачатаку году сама меней чатырох беларускіх сьвятароў аштрафавалі на сумы ад 1200 да 1600 рублёў. Гэта ксяндзы Павал Г. з Горадзенскай вобласьці і Павал Я. зь Берасьцейшчыны, праваслаўны сьвятар з Гародні Мікалай Г., пастар царквы хрысьціян веры эвангельскай Юры Г.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапейскія дыпляматы прыйшлі пад суд падтрымаць палітзьняволенага тэоляга

Улады знайшлі «факты богаслужэньняў за перамогу Ўкраіны»

Працягваецца і кампанія пагроз у бок сьвятароў, якія выказваюцца пра падзеі ў Беларусі і вайну ва Ўкраіне, зазначаюць праваабаронцы.

Сярод прыкладаў такіх пагроз «Хрысьціянская візія», на якую спасылаецца «Вясна», называе выступ кіраўніцы галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы і ў справах моладзі Менскага гарвыканкаму Вольгі Чамаданавай перад сходам духавенства Менскай эпархіі 20 сьнежня 2023 году.

Выступаючы ў Менску перад сьвятарамі, былая прэс-сакратарка Міністэрства ўнутраных справаў Чамаданава прыгразіла «ідэалягічна чужому духавенству». Паводле яе, на працягу году, перадухіляючы распаўсюджваньне «экстрэмісцкай» літаратуры, улады правялі маніторынг больш як 500 рэлігійных суполак і ў тым ліку выявілі, што ў цэрквах маліліся за перамогу Ўкраіны ў вайне з Расеяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускага сьвятара, забароненага ў служэньні ў Беларусі, прынялі ў клір Сусьветнага Патрыярхату ў ЗША