Былыя палітвязьні, актывісты, сваякі ўцекачоў. Да каго прыходзяць з арыштамі сілавікі перад выбарамі

Затрыманьне пратэстоўца ў Менску, восень 2020. Ілюстрацыйнае фота

З канца кастрычніка праваабаронцы фіксуюць масавыя затрыманьні па ўсёй Беларусі, колькасьць арыштаваных ужо можа перавышаць сотні людзей. Пагаварылі са сьведкамі маштабнай апэрацыі сілавікоў.

Пра тое, што чарговыя выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году, стала вядома 23 кастрычніка. Адпаведнае рашэньне прыняла Цэнтральная выбарчая камісія. Дата стала нечаканасьцю. Раней арганізацыя былых беларускіх сілавікоў BelPol прагназавала, што галасаваньне могуць прызначыць на канец лютага 2025 году.

Прыкладна праз тыдзень пасьля абвяшчэньня даты выбараў праваабаронцы пачалі паведамляць пра масавыя затрыманьні ў розных гарадах Беларусі. Па інфармацыі цэнтру «Вясна», затрыманьні ўжо прайшлі ў Смаргонях, Ваўкавыску, Наваградку, Хойніках, Гомлі, іншых гарадах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кубракоў абвясьціў пра вучэньні МУС перад прэзыдэнцкімі выбарамі

Прозьвішчы затрыманых, як правіла, не агучваюцца. Па інфармацыі «Вясны», толькі ў Хойніках на філіяле малочнага заводу «Мілкавіта» затрымалі каля 20 чалавек.

Многія затрыманыя атрымалі адміністрацыйныя арышты паводле артыкулу 19.11 КаАП («Распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Па інфармацыі «Вясны», 31 кастрычніка і 1 лістапада да многіх людзей па ўсёй краіне прыходзілі супрацоўнікі КДБ у межах крымінальнай справы, заведзенай паводле артыкулу 357 Крымінальнага кодэксу («Змова ці іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады»).

З уласных крыніц Свабодзе вядома, што з 31 лістапада былі затрыманыя людзі ў рэгіёнах, якія пасьля 2020 году не праяўлялі ніякай актыўнасьці — не выступалі публічна, не вялі ніякай грамадзкай дзейнасьці, не былі затрыманыя міліцыяй. Сярод такіх людзей, у прыватнасьці, ёсць былыя актывісты культурніцкіх недзяржаўных арганізацый, ліквідаваных уладай пасьля 2020 году.

Таксама сярод затрыманых ёсьць былыя палітвязьні. Свабодзе вядома пра як мінімум тры такія выпадкі. Адзін з былых палітвязьняў, да якога сілавікі прыйшлі пасьля абвяшчэньня даты прэзыдэнцкіх выбараў, быў вызвалены па апошняй амністыі ў сувязі са станам здароўя.

Аляксандар Айнутдзінаў, архіўнае фота

У Гомлі затрымалі былога палітвязьня Аляксандра Айнутдзінава. 5 лістапада яго будуць судзіць у судзе Гомельскага раёну за «непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню службовай асобы пры выкананьні ім службовых паўнамоцтваў» (артыкул 24.3 КаАП).

Айнутдзінава затрымлівалі ў ліпені 2022 году пры спробе перасячэньня мяжы з Украінай. У так званым «пакаянным» відэа, зьнятым сілавікамі, ён казаў, што хацеў далучыцца да палка Каліноўскага. За такія дзеяньні Айнутдзінаў атрымаў 2 гады і адзін месяц пазбаўленьня волі. Палітвязень вызваліўся з калёніі ў траўні 2024 году.

Натальля Васіленка, архіўнае фота

Як стала вядома Свабодзе, у Гомлі затрымалі жанчыну з інваліднасьцю Натальлю Васіленку. У 2016 годзе яе гісторыя стала вядомай шырокай грамадзкасьці пасьля таго, як улады хацелі выселіць яе з пакоя ў кватэры на вуліцу за даўгі ў камунальных плацяжах. Тады за жанчыну заступілася нобэлеўская ляўрэатка ў літаратуры Сьвятлана Алексіевіч, якая дапамагла ёй фінансава. Нягледзячы на гэта, Натальлю Васіленку ўсё ж выселілі.

1 лістапада каля 17 гадзін Натальля напісала на адной са сваіх старонак у сацыяльных сетках: «За мной прыйшлі, мне выломваюць дзьверы, дапамажыце». Потым сувязь з жанчынай зьнікла.

Свабодзе таксама вядома, што адной з затрыманых на пачатку лістапада сужэнскіх пар інкрымінуюць крымінальную справу.

Затрыманыя каля сьцяны ў Савецкім РУУС Менску, лета 2020

Дваровыя чаты

Таксама на пачатку лістапада КДБ папоўніў сьпіс «экстрэмісцкіх фармаваньняў». Туды ўвайшла ініцыятыва «Ордэн», у якую, паводле спэцслужбаў, уваходзяць «Злые когтики», «Сухарево», «Сеніца 2.0», «Солидарность», «Вольныя ваўкі», «Навагрудзкія партызаны», «Вилия», «Скромные матрёшки». Адпаведнае рашэньне было прынятае КДБ 29 кастрычніка. Затрыманьні людзей, якія нібыта могуць мець дачыненьне да дзейнасьці згаданых чатаў, пачаліся 31 кастрычніка.

Дваровыя чаты былі папулярнымі ў беларусаў увосень 2020 году. Там гуртаваліся неабыякавыя грамадзяне, якія дамаўляліся пра маршы, акцыі пратэсту ў дварах, культурныя мерапрыемствы. Барацьбу з дваровымі чатамі міліцыя і спэцслужбы распачалі ўвосень-узімку 2020 году. Адміністратараў і актывістаў чатаў і суполак затрымлівалі, судзілі. Чаты пераходзілі пад кантроль міліцыі ці ліквідоўваліся. У 2024 годзе ў адкрытых дваровых чатах не назіралася якой-небудзь актыўнасьці.

Леанід Судаленка

«Спэцапэрацыя пад кодавай назвай»

Масавыя арышты па ўсёй Беларусі праваабаронца Леанід Судаленка называе «спэцапэрацыяй пад кодавай назвай «выбары-дурыбары». Ён кажа, што напярэдадні выбараў прэзыдэнта спэцслужбы будуць актыўнічаць, а рэпрэсіі — толькі ўзмацняцца.

«Прыдумалі крымінальную справу аб захопе ўлады і пад яе будуць арыштоўваць усіх, хто можа шавяліцца. Гэта сьведчыць, што акрамя рэпрэсій, Лукашэнка нічым, ніякім іншым шляхам ня можа ўтрымаць уладу», — выказаўся Леанід Судаленка.

Ён лічыць, што колькасьць затрыманых можа сягаць сотні ці нават тысячы чалавек, калі толькі ў Хойніках затрымалі 20 на адным прадпрыемстве. Па словах Судаленкі, праваабаронцы ведаюць частку дадзеных затрыманых, але ня пішуць пра іх, бо сваякі баяцца рабіць публічнай гэтую інфармацыю.

«Таму мы толькі фіксуем, працуем як статысты. Людзі запалоханыя і баяцца, што недзе выйдзе інфармацыя і іхным блізкім будзе горш», — дадаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў аб адзінстве грамадзтва напярэдадні выбараў, калі ў краіне працягваюцца масавыя рэпрэсіі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былая прэс-сакратарка МУС, прадзяржаўны камуніст і Канапацкая. Каму, апроч Лукашэнкі, дазволілі зьбіраць подпісы для ўдзелу ў выбарах