Беларуска з Чарнігава пасьля сьмерці мужа трапіла ва ўкраінскі лягер для мігрантаў

Суд у Чарнігаве. Ілюстрацыйнае фота

Беларуска пасьля некалькіх спроб выехаць з Украіны сама прыйшла ў міграцыйныя органы па дапамогу ў вяртаньні ў Беларусь.

Ва Ўкраіне грамадзянку Беларусі, у якой памёр муж-украінец, прызналі парушальніцай міграцыйнага заканадаўства і зьмясьцілі на паўгода ў пункт часовага знаходжаньня іншаземцаў і асобаў без грамадзянства, якія незаконна знаходзяцца ва Ўкраіне.

Як стала вядома Свабодзе, беларуска прыехала ў Чарнігаў у 2021 годзе да мужа-ўкраінца і на гэтай падставе кожны год атрымлівала дазвол на часовае пражываньне ва Ўкраіне. У Чарнігаве яна жыла разам з мужам і сьвекрывёй.

Грамадзянку Беларусі затрымалі ў Чарнігаве 29 кастрычніка. Перад гэтым яна зьвярнулася ў міграцыйныя органы па падаўжэньне дазволу на часовае жыхарства, а ў заяве паведаміла пра сьмерць свайго мужа. У абласным упраўленьні Дзяржаўнай міграцыйнай службы Ўкраіны палічылі, што беларуска страціла падставы для падаўжэньня дазволу на пражываньне, анулявалі дзейны дазвол, аштрафавалі на 3400 грыўняў (прыблізна 85 даляраў у эквіваленце. — РС) і абавязалі выехаць з Украіны да 26 лістапада 2024 году.

Беларуска зрабіла дзьве спробы выехаць з Украіны: адну ў Малдову, а другую — у Польшчу. Але памежнікі абедзьвюх краін не дазволілі ёй уехаць. Прычынай адмовы стаў пашпарт Беларусі, выдадзены ў 2008 годзе і дзейны да 2063 году. Паводле правілаў Польшчы і Малдовы, на іхную тэрыторыю можа ўехаць грамадзянін замежнай краіны на падставе новага ўзору пашпарта, які мае 10-гадовы тэрмін дзеяньня.

Як паведаміла Свабодзе набліжаная да беларускі крыніца, у выніку беларуска вярнулася ў Чарнігаў і добраахвотна пагадзілася на дэпартацыю з Украіны ў Беларусь, дзе ў яе жыве дачка.

«У яе проста не заставалася ніякага іншага выйсьця», — паведаміла крыніца.

Беларуска сама зьвярнулася ў міграцыйную службу па дапамогу выехаць у Беларусь. У выніку яе 29 кастрычніка затрымалі, а 31 кастрычніка на падставе рашэньня суду зьмясьцілі да 29 красавіка 2025 году ў пункт часовага знаходжаньня іншаземцаў і асобаў без грамадзянства, якія незаконна знаходзяцца ва Ўкраіне, для далейшага прымусовага выдварэньня.

Як стала вядома Свабодзе, грамадзянка Беларусі пагадзілася з такім рашэньнем суду і адмовілася яго абскарджваць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як ставяцца жыхары суседніх краінаў да беларусаў і Беларусі?

Што вядома пра пункты часовага знаходжаньня іншаземцаў

Ва Ўкраіне для незаконных мігрантаў створаныя і дзейнічаюць тры пункты часовага знаходжаньня іншаземцаў і асобаў без грамадзянства, якія незаконна знаходзяцца на ўкраінскай тэрыторыі — у Мікалаеўскай, Чарнігаўскай і Валынскай абласьцях.

Рэжым утрыманьня грамадзян у такіх пунктах падобны да рэжыму ва ўстановах пэнітэнцыярнай сыстэмы.

Грамадзяне могуць свабодна перамяшчацца толькі па тэрыторыі пункту, насіць уласнае адзеньне, пісаць лісты, атрымліваць пасылкі, сустракацца з праваабаронцамі, адвакатамі, дыпляматамі ўстаноў краіны свайго паходжаньня.

Рашэньне аб прымусовым выдварэньні (рэадмісіі) затрыманыя грамадзяне могуць абскардзіць у судзе.

Пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну, якое адбылося ў тым ліку і зь беларускай тэрыторыі, украінскі ўрад ухваліў рашэньне аб закрыцьці ўсіх пунктаў пропуску на ўкраінска-беларускай мяжы.

Працуе толькі адзін пункт пропуску ў Валынскай вобласьці — празь яго пешшу перасякаюць мяжу грамадзяне Ўкраіны, якія вяртаюцца зь незаконнай дэпартацыі з Расеі.

Беларускія дыпляматы выехалі з Украіны ў сакавіку 2022 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне жонцы беларускага добраахвотніка скарацілі тэрмін знаходжаньня ў краіне. Яна пайшла ў суд