Ва Ўкраіне больш за 1700 дзяцей лічацца зьніклымі бязь вестак праз вайну, паведаміў 31 кастрычніка намесьнік кіраўніка МУС Украіны Леанід Цімчанка са спасылкай на зьвесткі Адзінага рэестру асобаў, якія зьніклі бязь вестак пры асаблівых абставінах.
Для пошуку непаўналетніх па ўсёй Украіне задзейнічалі спэцыялізаваныя цэнтры, якія працуюць пры Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны. Пры гэтым на партале childrenofwar гаворыцца, што зьніклымі бязь вестак ва Ўкраіне лічацца 1934 дзіцяці.
Кабінэт міністраў Украіны раней прыняў пастанову, паводле якой міністэрства юстыцыі краіны будзе фармаваць і весьці рэестар прымусова перамешчаных украінскіх дзяцей. Як зазначаецца, рашэньне накіраванае на «ўрэгуляваньне пытаньняў абароны правоў і інтарэсаў дзяцей, дэпартаваных або прымусова перамешчаных у сувязі з узброенай агрэсіяй Расеі супраць Украіны».
Па стане на канец кастрычніка 2024 году дэпартаванымі або вымушана перамешчанымі, паводле зьвестак украінскіх уладаў, лічацца 19 546 дзяцей. Афіцыйны Кіеў падкрэсьлівае, што «дакладную колькасьць пацярпелых дзяцей устанавіць немагчыма з прычыны актыўных баявых дзеяньняў і часовай акупацыі часткі тэрыторыі Ўкраіны». Расея ў канцы ліпеня 2024 году заяўляла пра 700 тысячах вывезеных з Украіны дзяцей.
У пачатку кастрычніка Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы ў сваёй рэзалюцыі па сытуацыі ва Ўкраіне ўказала, што па стане на 18 верасьня 2024 году 65 956 украінскіх вайскоўцаў і цывільных асобаў лічацца як зьніклыя бязь вестак або якія трапілі ў палон. Зь іх 50 916 чалавек зьніклі бязь вестак на падставе правераных зьвестак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гаазе пацьвердзілі, што рэжым Лукашэнкі могуць прыцягнуць да адказнасьці за дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей- Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і дзіцячага омбудсмэна Марыі Львовай-Бяловай за незаконную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны.
- Кіеў кваліфікуе падобную практыку як незаконнае перамяшчэньне. Офіс генпракурора Ўкраіны пачаў крымінальнае вядзеньне па факце «прымусовай дэпартацыі больш як 19 тысяч дзяцей» з акупаваных тэрыторыяў Данбасу, Луганскай, Запароскай, Херсонскай і Харкаўскай вобласьцяў у тым ліку ў Беларусь.
- ПАРЭ прыняла рэзалюцыю, у якой прызнала гвалтоўную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Расею генацыдам, а Аляксандра Лукашэнку і ўрад Беларусі — датычнымі да яго.
- У канцы чэрвеня НАУ перадала пракурору Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе Карыму Хану доказы ваенных злачынстваў у выглядзе незаконнага перамяшчэньня ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў у Беларусь. Паводле матэрыялаў дасье, зь верасьня 2022 году па цяперашні час у Беларусь з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны вывезьлі больш за 2100 дзяцей.
- Нягледзячы на тое, што Беларусь не далучылася да Рымскага статуту Міжнароднага крымінальнага суду (МКС), рэжым Аляксандра Лукашэнкі можа быць прыцягнуты да адказнасьці за ўдзел у дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый, калі ёсьць доказы гэтага, пацьвердзіў прэс-сакратар Міжнароднага крымінальнага суда Фадзі эль-Абдала.