У сьвеце жывёлаў, падобных да людзей. Каму замінаюць квадробэры

Маска лісы. Ілюстрацыйнае фота

Зьяўленьне новага руху квадробэраў (падлеткаў у масках, якія імітуюць рухі жывёлаў) выклікала процілеглую рэакцыю ў Беларусі і Расеі, што сьведчыць пра істотнае адрозьненьне грамадзкай атмасфэры ў дзьвюх краінах «саюзнай дзяржавы».

Сьцісла:

  • За апошнія гады ўяўленьне пра чалавека як каштоўнасьць, уласьцівае эўрапейскай ідэнтычнасьці, зьнікла з публічнага поля Беларусі.
  • Расейская прапагандысцкая «повестка» выглядае ў Беларусі зьявай чужароднай і часовай.
  • Рэжымная прапаганда, якую мы чуем з тэлевізара ў Менску, немагчымая па-беларуску і ў беларускім культурным кантэксьце.

Беларуская мова і культура як індыкатар чалавечнасьці

Выяўляць публічна сваю інакшасьць, а нават проста ясны розум, нармальныя міжчалавечыя адносіны і салідарнасьць сёньня беларусы могуць толькі ў эміграцыі. На радзіме даводзіцца гэтыя «анамаліі» старанна хаваць. У перакуленым сьвеце пануюць вар’яцкія ідэі, падвышаны тон, даносы і сваволя начальства — ад малога да найбольшага. Традыцыйная беларуская людзкасьць выклікае падазрэньне і перасьлед. Часам дастаткова адкрытага погляду, каб сарваліся зь месца «блюсьціўцы парадку». Драпежнай жывёле ў вочы лепш не глядзець.

Гісторык Цімох Акудовіч, разважаючы пра вяртаньне культурных каштоўнасьцяў у Беларусь, выказаў, здавалася б, цалкам зразумелую думку: галоўная каштоўнасьць, якую трэба вяртаць, гэта людзі. Камэнтатары зь ім збольшага не пагадзіліся. З чаго можна зрабіць выснову, што з грамадзкай прасторы зьнікла легальнае разуменьне таго, што чалавек — каштоўнасьць. За мінулыя 30 гадоў замест гэтай беларускай традыцыйнай і культурнай максымы быў навязаны расейскі падыход, у якім чалавек — расходны матэрыял, каштоўнасьць якога вымяраецца не ўнікальнасьцю, а колькасьцю. Каб адчуць розьніцу паміж двума падыходамі, уявіце сабе, што прапагандыст Азаронак прамаўляе свае сьпічы не па-расейску, а па-беларуску, цытуючы пры гэтым не Аляксандра Блока, а напрыклад Максіма Багдановіча...

Іншымі словамі, арганічны беларускі чалавек сёньня або схаваўся, або выціснуты зь Беларусі. А вар’яцкія ідэі, якія ў Расеі завалодваюць мазгамі ўсяго імпэрскага народу, у Беларусі выглядаюць як наносны расейскі імпарт, што трымаецца на штыхах, і толькі. А штых, вядома, кораня не пускае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Забарона Дуніна-Марцінкевіча як прэцэдэнт пачатку вялікага пагрому беларускай культуры

Праблемы няма

Паказальная розьніца ў рэакцыях у Беларусі і Расеі на квадробіку — аэробіку ў масках, дзе становяцца на карачкі і імітуюць рухі жывёлаў. Яе называюць калі субкультурай, а калі і неафіцыйным відам спорту.

У нас гэтую зьяву разглядалі на нарадзе аб маральнасьці — з удзелам царкоўнікаў і міліцыі. З дакладам выступіў старшыня Саюзу пісьменьнікаў Карлюкевіч. Даклад, праўда, не прагрымеў, нават можна сказаць, не прагучаў — ня меў розгаласу. Недзе ў афіцыйных газэтах выказаліся пэдагогі — з засьцярогамі пра рызыку атрымаць траўму, ня большую, зрэшты, чым у іншых відах спорту. Словам, праблему шукалі, але не знайшлі.

Відаць, прычына ў тым, што маскі нікога не напалохалі. У сацсетках згадалі і карнавалы ў дзіцячых садках, дзе абавязкова скачуць зайчыкі і лісічкі, успомнілі Ўсяслава Чарадзея, полацкага князя, які абарочваўся ваўком, і, натуральна, не забыліся пра беларускія Каляды (якіх у Расеі няма). Словам, удаваць жывёлаў — звычайная справа, заглыбляцца ў якую няма сэнсу.

Рысу падвёў Лукашэнка: «У нас гэтай праблемы няма». Квадробэры ёсьць, а праблемы няма. Праўда, у перакладзе з лукашэнкаўскай мовы на звычайную гэта значыць, што, каб зьявіўся гэткі квадробэр на вачах у каго з расейскіх даносчыкаў або непасрэдна на вачах у «блюсьціўцаў парадку», яго б зараз жа скруцілі — і на «суткі», а там яшчэ тэлефон праверылі — і «суткі» ператварыліся б у гады. У нас жа і палітзьняволеных нібыта няма. Яны ёсьць, але праблемы іх няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Альбо мы частка Расеі, альбо эўрапейская нацыя, — Дзьмітры Шчыгельскі

Разнастайнасьць пачуцьцяў і аднастайнасьць інстынктаў

У Расеі іншая справа, таму прапагандыстка Скабеева і спыталася пра квадробэраў у Лукашэнкі. Там гэтая праблема, мякка кажучы, на слыху.

Сьпікер Дзяржаўнай Думы мяркуе, што квадробэры — гэта выклік для ўсяго сьвету. Гэта, маўляў, праект Захаду, скіраваны на расчалавечваньне. На яго думку, так гома сапіенса могуць ператварыць у сурагат, пазбавіўшы памяці і «паняцьця граху, спачуваньня і спагады».

«Сёньня мы знаходзімся на этапе, калі людзей падштурхоўваюць да адмаўленьня ня толькі ад гендэрнай, але і ад чалавечай ідэнтычнасьці». Выснова: «Нам вельмі важна выратаваць людзей ад гэтага, зьберагчы ад далейшага расчалавечваньня».

Тут што ні слова, усё наадварот. Навошта Захаду кагосьці расчалавечваць? Толькі таму, што ён для Расеі традыцыйна «зловредный»? Але на Захадзе працуе вяршэнства закону, чалавек прызнаны за галоўную каштоўнасьць і ў цэлым жыцьцё прывабнае для мільёнаў расейцаў, якія эмігравалі ў заходні камфорт зусім не для таго, каб стаць «сурагатам»... Ці не з Расеі яны ўцякаюць — як ад граху? Бо чым яшчэ ёсьць расейская агрэсія супраць Украіны, залітай крывёю мірных жыхароў, зь яе зраўнянымі зь зямлёю гарадамі? Мабыць, расстрэльваць палонных украінцаў — гэта ня грэх, а цнота? Пагражаць сьвету ядзернай вайной і пры тым ратаваць сьвет ад тых, хто пераапрануўся ў коціка і стаў на карачкі — гэта як? Так, як яны ратуюць украінцаў ад іхнага ўкраінства, то бок забіваць?

І з чаго ўзялася думка, што коцікі-сабачкі пазбаўленыя спачуваньня і спагады, калі дзеля гэтага найперш трымаюць іх у сябе дома людзі, якія адчуваюць дэфіцыт гэтых пачуцьцяў сярод людзей?

Між іншым, квадробіка стала пашырацца сярод расейскіх падлеткаў вясной 2024 году, у самы разгар гэтай вайны, хоць у сьвеце яна вядомая ўжо гадоў дзесяць. Выглядае, што квадробэры — гэта не расчалавечваньне, а рэакцыя на расчалавечваньне, імкненьне схавацца ад такой «чалавечай ідэнтычнасьці» і ня мець зь ёй нічога супольнага.

Пасьля порцыі штодзённых навінаў — што зь Беларусі, што з Расеі — іншы раз сапраўды хочацца надзець хоць ваўчыную, хоць зайчыную маску і хвост, стаць на карачкі і схавацца дзе-небудзь у іншым вымярэньні. Там, дзе ўсё па-людзку.

Як ні дзіўна, чалавечы сьвет разнастайны. Так задумана ад пачатку дзён. І колькі ні аспрэчвай гэта, колькі ні зьнішчай інакшых, а ён ізноў узнаўляецца новымі пакаленьнямі розных і разнастайных.

Адметныя не патрабуюць ад іншых быць падобнымі да сябе, гэтага патрабуюць ніякія. У разнастайнасьці чалавечага сьвету няма ні пагрозы, ні вычварэньня. Захоўвай сваю ўнікальнасьць і жыві ў згодзе зь іншымі. Толькі дурасьць можа прымусіць цябе быць кімсьці іншым, аднастайным маналітам, які сьцірае тваю адметнасьць і сапраўды расчалавечвае цябе, пакідаючы табе толькі жывёльныя інстынкты.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вельмі хочацца ўцячы ад рэальнасьці». Чаму падлеткі становяцца квадробэрамі, камэнтар псыхоляга