«Свая зграя»
Псыхоляг Натальля (экспэртка просіць не называць яе поўнага імя дзеля бясьпекі. — РС) пракамэнтавала Свабодзе, што квадробэры — гэта чарговая падлеткавая субкультура.
«Далёка ня першая. Былі ў нас і эма, і готы. Гэта нейкая мода, дзіцячая субкультура, якая стала моднай, у якой знайшлося шмат пасьлядоўнікаў і пасьлядоўніц. Цяпер яна выбухнула», — камэнтуе суразмоўца.
Квадробінг хутчэй датычыць падлеткаў і маладых людзей.
«Для падлеткаў вельмі важная рэфэрэнтная група — гэта, як правіла, людзі аднаго ўзросту, на якіх яны абапіраюцца, якія для іх важныя. Якія для іх „свая зграя“», — тлумачыць псыхоляг.
Яна ўдакладняе, што падлеткі шукаюць такую значную для сябе групу заўсёды. Групу, у якой іх зразумеюць і прымуць. Бо гэта псыхалягічныя працэсы разьвіцьця.
«У гэтым сэнсе квадробінг не адрозьніваецца ад іншых субкультураў, якія былі раней», — мяркуе Натальля.
Зьявілася ў Японіі, раскруцілася ў ЗША
Квадробінг, або квадробіка, паходзіць ад лацінскага слова quattuor («чатыры») і ангельскага aerobics («аэробіка»). Гэта неафіцыйны від спорту, у якім людзі імітуюць паводзіны і рухі жывёлаў, перасоўваюцца на чатырох канцавінах. Часта падчас квадробінгу людзі надзяваюць маскі, лапкі і хвасты, каб яшчэ больш ужыцца ў ролю жывёлы.
Квадробіка зьявілася ў Японіі прыкладна ў 2015 годзе. Аднак як субкультура яна стала папулярнай у ЗША пад уплывам сацыяльных сетак, у прыватнасьці TikTok. Квадробэрамі часьцей за ўсё становяцца дзеці і падлеткі ад 7 да 14 гадоў, якія ўспрымаюць тое, што адбываецца, як гульню.
У Беларусі рух стаў папулярным сёлета, у 2024 годзе. На вуліцах розных гарадоў сталі заўважаць падлеткаў у касьцюмах жывёлаў, якія скачуць на карачках, часам мяўкаюць ці рычаць і пужаюць мінакоў.
Прадстаўнік пракуратуры Міхаіл Мануілаў у верасьні папярэдзіў падлеткаў, што іх могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці, калі яны будуць парушаць парадак. Калі яны будуць назойліва прыставаць да мінакоў, раскідваць сьмецьце, забірацца на аўтамабілі, гэта расцэняць як хуліганства. Пакараць маладога чалавека можна з 16 гадоў, пісала выданьне minsknews.by.
Калі ж дзіця-квадробер пашкодзіць чужую маёмасьць або здароўе, за гэта могуць завесьці крыміналку, калі падлетку ўжо споўнілася 14 гадоў. Калі ён малодшы, тады могуць пакараць бацькоў за неналежнае выхаваньне дзіцяці.
«Вельмі хочацца ўцячы ад рэальнасьці»
На думку псыхоляга, людзі выбіраюць для сябе такія забавы, як квадробінг, бо хочуць уцячы ад рэальнасьці.
«Вельмі хочацца пабыць у іншай рэальнасьці: менш трывожнай, менш страшнай, якая менш ускладае абавязкаў, менш напружаная, дзе можна расслабіцца, пагуляць», — тлумачыць экспэртка.
Гульні — гэта першасная дзейнасьць чалавека, працягвае псыхоляг. Калі немаўля крыху падрастае, яно пачынае гуляць. Таму гульня — гэта базавая чалавечая дзейнасьць.
«У гэтым няма нічога дрэннага. Я не лічу, што гэта (квадробінг. — РС) небясьпечна. Гэтаксама, як не былі небясьпечнымі готы ці эма. Хаця ёсьць небясьпечныя субкультуры, але мне не здаецца, што квадробэры — гэта ня той выпадак», — кажа псыхоляг.
Спэцыялістка адзначыла, што падобныя па форме паводзіны бываюць у дзяцей 3-5 гадоў. Аднак яны маюць іншы сэнс. У 3-4 гады дзеці прыходзяць да ролевых гульняў. Гэта іхная сыстэма адаптацыі ў грамадзтве. Пазьней, у 5-6 гадоў, дзіця будзе гуляць у краму, школу, у сацыяльныя ролі.
«Крок да сацыяльнай гульні пачынаецца зь перайманьня жывёлаў. Дзіця бачыць іх у мульціках. Жывёлы часта ў мульціках чалавекападобныя, яны паводзяць сябе, як людзі. Дзіцяці лёгка прымерыць гэта на сябе. Гэта проста нармальны этап разьвіцьця — пабыць і коцікам, і сабачкам», — тлумачыць экспэртка.
Квадробінг ня можа выклікаць псыхоз у здаровага дзіцяці
Квадробінг, на думку суразмоўцы, можа быць шкодны ў скрайніх выпадках. Мяжа небясьпекі, паводле яе, праходзіць па мяжы вострага псыхозу.
«Калі дзіця ўпадае ў востры псыхоз, адмаўляецца есьці чалавечую ежу, у яго зьяўляюцца галюцынацыі, тады трэба зьвярнуцца па дапамогу псыхіятра», — перакананая псыхоляг.
Яна падкрэсьлівае, што квадробінг ня можа выклікаць псыхоз у здаровага дзіцяці.
«Было здаровае дзіця, стала на карачкі, сказала, што яно кот, і раптам у яго зрабіўся псыхоз — так не бывае. Квадробінг псыхозу не выклікае. Значыць, праблемы былі раней. Квадробінг мог паўплываць на тое, што псыхоз праявіўся або, наадварот, мог разрадзіць напружаньне, якое было ў чалавека, і да псыхозу ня дойдзе», — кажа Натальля.
Яна мяркуе, што мода на квадробінг пройдзе, як праходзілі іншыя хвалі захапленьня чымсьці іншым.
«Шмат агрэсіі, зьдзеклівых, прыніжальных камэнтароў»
Натальля прызнаецца, што яе больш турбуе ня зьява квадробінгу, а рэакцыя людзей на яе. Яна называе яе «дзікунскай». Прыкладам, у Расеі хочуць забараніць квадробінг, ужо рыхтуюць адпаведны законапраект. Паводле яго, хочуць забараніць прадаваць у краіне касьцюмы для квадробэраў, а бацькоў такіх дзяцей караць.
«Я лічу, што гэта неадэкватныя меры», — кажа псыхоляг.
Таксама яна бачыць у сацсетках шмат нэгатыву.
«Бацькі занепакоеныя, нешта спрабуюць высьветліць. Але, акрамя гэтага, вельмі шмат агрэсіі, зьдзеклівых, прыніжальных камэнтароў, карцінак, непрыкрытай нянавісьці, што „ўсе ўжо звар’яцелі“, „давайце будзем іх сабачым кормам карміць“», — дзеліцца Натальля.
Яна бачыць дзьве прычыны ў такой рэакцыі. Першая тая, што ў беларускім і расейскім грамадзтвах «нянавісьць разьлітая ў паветры, шмат напружаньня, нэгатыву, які шукае сваёй каналізацыі, на каго б выліцца».
«Ці гэта будуць ЛГБТ, ці то квадробэры, прыхільнікі тых ці іншых палітычных дзеячоў», — разважае спэцыялістка пра ўразьлівыя групы, на якія вылівае нянавісьць грамадзтва.
Другая прычына ў тым, што гэта звычайная рэакцыя ў беларускім грамадзтве на нешта незвычайнае.
«Чамусьці ў нас так атрымалася (можна доўга аналізаваць, чаму), што рэакцыя на ўсё незвычайнае, незразумелае, яркае — непрыманьне і нянавісьць. Як быццам гэтая варожасьць адмяніла ўсе астатнія пачуцьці: цікаўнасьць, добрую іронію. Гэтага ўсяго няма. Ёсьць чорнае і белае. Калі ты ня свой, ты чужы. Калі ты чужы, цябе варта зьесьці», — камэнтуе псыхоляг.
«Няма гаворкі пра тое, каб дазваляць ці не дазваляць»
Натальля мяркуе, што бацькам у дачыненьні да сваіх дзяцей-квадробэраў ня варта кідацца ў скрайнасьці. Прыкладам, не абавязкова адразу купляць касьцюм для квадробінгу — якасны можа каштаваць тысячы даляраў. Простыя маску, лапкі і хвост у онлайн-крамах у Беларусі можна купіць за 30-50 рублёў.
«Любая зьява, якая адбываецца ў жыцьці падлетка — ці то першае каханьне, ці то квадробінг — патрабуе дыялёгу з бацькамі. Сам квадробінг — гэта спроба сказаць нешта, зьвярнуць на сябе ўвагу, але не ў зласьлівым сэнсе, ня выпендрыцца. Калі дзіця паводзіць сябе незвычайна, гэта спроба выказаць нешта, што яно ня можа выказаць іншымі спосабамі», — тлумачыць спэцыялістка.
Яна рэкамэндуе найперш пагаварыць зь дзіцем.
«Няма гаворкі пра тое, каб дазваляць ці не дазваляць. А што вы зробіце? Спаліце ўсе квадробэрскія штучкі? Пойдзеце на канфікт? Ці будзеце выгульваць на ланцугу?» — разважае яна.
Экспэртка мяркуе, што варта пачаць з пытаньня, чаму гэтае захапленьне такое важнае для дзіцяці.
«„Што ты знайшоў (ці знайшла) у гэтай субкультуры?“ Замяніце сваё непрыняцьце і нянавісьць на цікаўнасьць: чаму маё дзіця гэта прыцягнула, чаму гэта важна. Спытайце: „Што цябе прываблівае?“», — прапануе варыянты пытаньня экспэртка.
Яна мяркуе, што з гэтага можа атрымацца добры якасны дыялёг.
«Напрыклад, што дзіця адчувае такую нянавісьць, цяжкую атмасфэру ў паветры, што сыходзіць у сабачак і коцікаў, бо яны неагрэсіўныя, пухнаценькія, яму хочацца абдымкаў, зьняць адказнасьць, якую яно на сябе ўзваліла і спрабуе несьці. Па-даросламу яно не спраўляецца», — тлумачыць псыхоляг.
Зь ейных словаў, гэта можа быць рэгрэсіўная зьява, калі чалавек у разьвіцьці вяртаецца на крок назад. Гэта характэрна для дзяцей і падлеткаў, часам для дарослых. Такое адбываецца, калі чалавек у стрэсе.
«Мы прыходзім, і нам хочацца ўкруціцца ў коўдру і каб хтосьці ўзяў на ручкі. Гэта рэгрэс. Гэта нармальна, калі мы ў стрэсе. Дык калі гэта стрэс, то мо варта паразмаўляць, што гэты стрэс выклікае, што ў жыцьці адбываецца?» — камэнтуе псыхоляг.
Форум