Нягледзячы на тое, што галасаваньне ў падтрымку сяброўства Малдовы ў Эўразьвязе фармальна расчышчае шлях для краіны ў ЭЗ, мізэрная перавага галасоў «за» на рэфэрэндуме не палегчыць сытуацыю для прэзыдэнткі Маі Санду, якая ініцыявала гэтае пытаньне.
Адрыў у галасах на рэфэрэндуме ў падтрымку сяброўства Малдовы ў ЭЗ складае менш за 1% (гэта 11 тысяч зь нечым галасоў), «за» выступіла крыху больш за 50% грамадзян Малдовы, якія прынялі ўдзел у галасаваньні. Падлік галасоў яшчэ не завершаны.
Сытуацыю аналізуе аглядальнік Свабоды Эндзі Гайл.
Перамога зь невялікім адрывам праэўрапейскага лягеру на рэфэрэндуме ў Малдове — не зусім той вынік, на які разьлічвала прэзыдэнтка Мая Санду.
Заклікаючы да рэфэрэндуму, Санду, якая нарадзілася ў СССР і атрымала адукацыю ў Малдове і ЗША, спадзявалася зарабіць на падтрымцы ЭЗ, а таксама на палітычным імпульсе ад барацьбы з інфляцыяй і дзякуючы дывэрсыфікацыі энэргетыкі ад Расеі.
Але толькі ў канцы падліку галасоў Санду і яе саюзьнікі вырвалі перамогу, нягледзячы на пастаянную падтрымку большасьці малдаван інтэграцыі ў ЭЗ, якая дасягнула 63-працэнтнай адзнакі ў апытаньні ўсяго за некалькі тыдняў да галасаваньня.
На прэзыдэнцкіх выбарах, якія прайшлі адначасова, Санду заняла першае месца. Але прэтэндэнт ад сацыялістаў, былы генэральны пракурор Аляксандар Стаяноглу, атрымаў больш, чым чакалася, выбарнікі вывелі яго ў другі тур прэзыдэнцкіх выбараў, які пройдзе праз два тыдні (ён атрымаў 26% супраць 42% Санду).
Абедзьве кампаніі ў гэтай расколатай былой савецкай рэспубліцы з амбіцыямі на сяброўства ў ЭЗ і агульнай мяжой з Украінай назіральнікі лічылі геапалітычна знакавымі ў сувязі з прыкметамі антызаходняй палітыкі і размываньня адзінства супраць расейскай пагрозы.
Аналітык Дэніс Чэнушэ з Expert-Grup пры нямецкім унівэрсытэце Гесэна нядаўна назваў Малдову патэнцыйнай «дзяржавай ваганьняў» паміж прарасейскай і праэўрапейскай траекторыямі.
У той час як галасаваньне «за» на рэфэрэндуме расчышчае шлях да «незваротнасьці эўрапейскага курсу» ў Малдове, мізэрная перамога не зьяўляецца моцнай легітымізацыяй памкненьняў Санду ў ЭЗ. Складаны вынік патэнцыйна можа прадвяшчаць новы пэрыяд палітычнай нестабільнасьці і пратэстаў з заклікамі да пералічваньня галасоў і абвінавачваньнямі ў махлярстве з абодвух бакоў.
Гэтая нявызначанасць — і патэнцыйная нестабільнасьць — робіць Малдову яшчэ больш уразлівай для ўмяшаньня з боку Расеі, якая па-ранейшаму лічыць Малдову сваім «блізкім замежжам» і трымае сотні вайскоўцаў у сэпаратысцкім рэгіёне Прыднястроўя.
У першыя гадзіны 21 кастрычніка Санду абвясціла, што «злачынныя групоўкі разам з замежнымі сіламі» спрабавалі «купіць 300 000 галасоў» — удвая больш за папярэднія заявы супрацоўнікаў службаў бясьпекі і праваахоўных органаў.
Супрацоўнік Эўразійскага цэнтру Карнегі ў Расеі Максім Самарукаў нядаўна папярэдзіў, што ў той час як «набор інструментаў Расеі значна звузіўся» з моманту ўварваньня ва Ўкраіну, невялікія памеры Малдовы робяць куплю значнай часткі галасоў прасьцейшай, чым у многіх іншых патэнцыйных месцах.
У сувязі з тым, што наступным летам у Малдове адбудуцца парлямэнцкія выбары, Крэмль, хутчэй за ўсё, узмоцніць гэтыя апэрацыі дэзынфармацыі і ўмяшаньні ў падтрымку прарасейскіх партый, такіх як Партыя сацыялістаў Стаяноглу, супраць лібэральнай кіроўнай Партыі дзеяньняў і салідарнасьці Санду.
Але для Санду першай задачай будзе другі тур 3 лістапада супраць Стаяноглу, 57-гадовага жыхара Гагаузіі, аўтаномнага рэгіёну Малдовы з прарасейскімі настроямі.
Некаторыя аналітыкі прагназуюць, што Санду будзе нялёгка і яна будзе пакараная ў другім туры за тое, што склікала рэфэрэндум у такой палярнай атмасфэры.