Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Частковы падлік галасоў паказвае магчымую паразу прыхільнікаў далучэньня да ЭЗ на рэфэрэндуме ў Малдове


Дзьве жанчыны галасуюць падчас прэзыдэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму ў Малдове, 20 кастрычніка 2024.
Дзьве жанчыны галасуюць падчас прэзыдэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму ў Малдове, 20 кастрычніка 2024.

У Малдове 20 кастрычніка прайшло галасаваньне на выбарах прэзыдэнта і на рэфэрэндуме пра падтрымку далучэньня краіны да Эўразьвязу.

Выбарчыя ўчасткі па ўсёй краіне зачыніліся а 21-й гадзіне паводле мясцовага часу, які супадае зь беларускім.

Паводле Цэнтральнай выбарчай камісіі, пасьля падліку 55% пратаколаў 44% выбарнікаў станоўча адказалі на пытаньне рэфэрэндуму, ці падтрымліваюць яны папраўку ў Канстытуцыю краіны, якая паставіць мэтай далучэньне Малдовы да Эўразьвязу. 55% з падлічаных галасоў былі супраць такой папраўкі, якую прапанавала прэзыдэнтка краіны Мая Санду.

Раней ЦВК паведаміла, што пасьля падліку 35% пратаколаў на прэзыдэнцкіх выбарах Санду мела каля 35% галасоў, а прарасейскі кандыдат Аляксандар Стаяногла, якога падтрымала Cацыялістычная партыя, — каля 29%.

Калі ніводны з кандыдатаў не атрымае ў першым туры больш за 50 працэнтаў галасоў, 3 лістапада мае адбыцца другі тур выбараў.

Паводле ЦВК, на выбарах прэзыдэнта прагаласавалі больш за 51.4% зарэгістраваных выбарнікаў (каля 1.550.000 чалавек). На прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году яўка была 48,54%.

Для таго, каб адбыўся рэфэрэндум, патрабавалася яўка як найменей траціны зарэгістраваных выбарнікаў. Ужо на 19-ю гадзіну мясцовага часу, паводле ЦВК, яўка перавысіла 42% выбарнікаў.

Малдаўскія і замежныя назіральнікі папярэджвалі пра спробу Расеі ўмяшацца ў выбарчы працэс рознымі спосабамі — ад дэзынфармацыі да пакупкі галасоў і арганізацыя правакацый.

Прэзыдэнт у Малдове мае абмежаваныя паўнамоцтвы, але Санду з дапамога лібэральнай партыі «Дзеяньне і салідарнасьць», якая яе падтрымлівае, здолела правесьці шэраг рэформаў. Яе самы амбітны праект — пазбаўленьне залежнасьці ад расейскага газу пасьля маштабнага уварваньня Расеі ва Ўкраіну. Аднак гэта стала адным з фактараў інфляцыі і эканамічных праблемаў для краіны.

За некалькі дзён да галасаваньня ўлады Малдовы абвясьцілі пра арышт чатырох чалавек і папярэдзілі, што ў Расеі і на Бальканах дзясяткі іншых рыхтуюць да «дэстабілізацыі» краіны пасьля галасаваньня. Расея, чые войскі застаюцца на тэрыторыі малдоўскага сэпаратысцкага рэгіёну Прыднястроўе, адмаўляе сваё ўмяшаньне ў цяперашнія выбары.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG