Расьсьледаваньне, праведзенае журналістамі Свабоды, паказала, што МАГАТЭ падпісала сама меней два пагадненьні з расейскімі інстытутамі, праекты якіх былі разьлічаныя ў тым ліку на палявыя дасьледаваньні ў Крыме.
У рэзалюцыі Асамблеі ААН гаворыцца пра тое, што Расея незаконна заняла Крым, прынцып непарушнасьці дзяржаўных межаў падтрымліваў і кіраўнік МАГАТЭ Рафаэль Гросі. Аднак запісы, атрыманыя Свабодай, паказваюць, што ягоная арганізацыя як мінімум двойчы, у 2016-м і 2019-м, падпісвала пагадненьні з расейскімі дасьледчымі інстытутамі на працу, якая прадугледжвала і дасьледаваньні ў Крыме.
Украіна і дзяржавы Захаду неаднаразова патрабавалі ад МАГАТЭ ўстрымлівацца ад якога-кольвечы прызнаньня расейскай дзейнасьці ў Крыме пасьля таго, як Масква адмовілася пацьвердзіць гадавую справаздачу агенцтва ў 2015-м з той прычыны, што рэактар у Севастопалі быў паказаны як украінскі. У МАГАТЭ тады адзначалі, што зьмест справаздачы не зазнае зьменаў праз умоўныя абазначэньні на мапах і ў дакумэнтах.
Тады ж контрагента ў адным з праектаў — Аб’яднаны інстытут ядзерных дасьледаваньняў (АІЯД) у падмаскоўным горадзе Дубна — МАГАТЭ назвала «не расейскай, а „Міжнароднай міжурадавай навукова-дасьледчай арганізацыяй, разьмешчанай у Расеі“. Але сталая дыпляматычная місія Ўкраіны ў Вене, дзе знаходзіцца штаб-кватэра МАГАТЭ, паведаміла Радыё Свабода, што ніякія дасьледчыя праекты ў Крыме, спансаваныя МАГАТЭ, украінскім урадам не зацьвярджаліся. Расейскія дыпляматы ў Вене на запыты журналістаў не адказалі нічога.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У МАГАТЭ заявілі, што пажар на Запароскай АЭС ня мае ўплыву на ядзерную бясьпекуЗ кім падпісвалі пагадненьні
Якраз з арганізацыяй з Дубны ў 2016-м годзе падпісалі кантракт, які працягнулі ў 2019-м. Праект быў сфакусаваны на вывучэньні тэндэнцый забруджваньня „ў расейскіх прыбярэжных раёнах Чорнага мора“ з выкарыстаньнем „ядзерных і сумежных аналітычных мэтадаў“. У апублікаваным у траўні 2019 году дасьледаваньні пра Крым нічога не гаварылася, пры тым, што асноўныя дасьледаваньні праводзіліся акурат там.
Пры гэтым АІЯД асобна прапісваў у дакумэнтах прапанову праводзіць дасьледаваньні ў Севастопалі разам зь мясцовым Інстытутам біялёгіі Паўднёвых мораў, уключаным у Расейскую Акадэмію навук пасьля акупацыі паўвострава. Агульны кошт работаў у праекце акрэсьліваўся ў памеры 165 тысяч эўра, зь іх 15 тысяч прасілі ў МАГАТЭ.
Другі згаданы Свабодай кантракт агенцтва падпісала з Расейскім фэдэральным цэнтрам здароўя жывёлаў — дасьледчым інстытутам, што месьціцца ў горадзе Ўладзімір.
Праект на 60 тысяч эўра ўключаў дасьледаваньні перадачы птушкамі вірусаў. У пагадненьні Крым, зноў жа, ня згадваўся, але ў „фінальнай справаздачы“ адзначалася, што пробы зь пёраў у птушак браліся якраз на паўвостраве.
Галоўны дасьледнік праекту, як і ў папярэдне разгляданым выпадку, на запыты журналістаў Свабоды не адказаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праца БелАЭС адпавядае міжнародным стандартам, — кіраўнік МАГАТЭ пасьля візыту на станцыю„Пачварная гісторыя“
Украінская экспэртка у ядзернай бясьпецы Ольга Кашарная, якая ўваходзіць у Дзяржаўную інспэкцыю ядзернага рэгуляваньня, заявіла, што інфармацыя пра спансаваньне расейскіх праектаў у анэксаваным Крыме з боку МАГАТЭ — „пачварная гісторыя“. Яна заявіла, што гэта грубае парушэньне ўсіх правілаў і пастановаў, бо Крым, як часткі Данецкай і Луганскай абласьцей, — акупаваная расейцамі тэрыторыя Ўкраіны.
Акрамя таго, высьветлілася, што ў сьпісе ўдзельнікаў канфэрэнцыі ў радыяцыйнай тэрапіі, што прайшла ў Маскве і фундавалася МАГАТЭ, два чалавекі былі падпісаныя як прадстаўнікі „гораду Данецк, Расея“. Прытым якраз сакратарыят МАГАТЭ займаўся адборам удзельнікаў.
На пытаньне расейскай службы Свабоды ў МАГАТЭ адказалі, што навуковыя праекты мелі „чыста тэхнічны характар“ і адпавядалі місіі агенцтва несьці ідэю мірнага выкарыстаньня атамнай энэргіі. Гэта, па словах арганізацыі, ніяк не зьмяняе пазыцыі агенцтва прызнаваць Крым украінскай тэрыторыяй.
Ольга Кашарная выказалася пра місію МАГАТЭ на Запароскай АЭС. Нягледзячы на тое, што кантроль над станцыяй мае Расея, украінская адмыслоўца лічыць місію важнай.
„Справаздачам, якія яны публікуюць, давяраюць краіны – удзельніцы МАГАТЭ. Інспэктары агенцтва — нэўтральныя назіральнікі ў сытуацыі, калі Расея ў чымсьці абвінавачвае Ўкраіну і наадварот. Яны фіксуюць усе інцыдэнты, і я думаю, у значна большай колькасьці, чым тыя, пра якія паведамляецца публічна.
З 2024 году яны нарэшце пачалі адрозьніваць у сваіх справаздачах, хто і адкуль страляў, пачалі заўважаць міны, чаго не рабілі ў 2022 і 2023 гадах. Нягледзячы на тое, што гарады Марганец і Нікапаль на супрацьлеглым ад ЗАЭС беразе Дняпра шчыльна абстрэльваюцца са жніўня 2022 году, да нядаўняга часу МАГАТЭ ў сваіх справаздачах гэтага не фіксавала“.
Кашарная дадалі, што адмыслоўцы з МАГАТЭ заяжджаюць на ЗАЭС з украінскай тэрыторыі, праз Васільеўку. Гэта была ўмова Ўкраіны для іх знаходжаньня на ЗАЭС. Яшчэ адной умовай была адсутнасьць у ліку назіральнікаў грамадзян Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пабудавалі АЭС, якая эканамічна Беларусі не патрэбна і загубіла ўсе праекты энэргаэфэктыўнасьці, — Кныровіч