21 кастрычніка ў Берасьцейскім абласным судзе пачынаецца працэс над жыхаром абласнога цэнтру Віталём Чопікам, якога вінавацяць паводле арт. 342 КК ( «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх») і па частках 1 і 2 арт. 361-4 («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»), паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Паводле праваабаронцаў, мужчыну затрымалі сёлета ў пачатку сакавіка і пры гэтым моцна пабілі, пасьля чаго хуткая дапамога адвезла яго ў шпіталь. На адміністрацыйным працэсе, які адбыўся празь некалькі дзён, Віталь Чопік сказаў, што не супраціўляўся міліцыянтам, якія прыйшлі да яго на кватэру зь ператрусам. 28 сакавіка ў міліцыі паведамілі, што на Віталя Чопіка завялі крымінальную справу паводле артыкулу аб садзейнічаньні экстрэмісцкай дзенасьці.
Віталю Чопіку 41 год, ён працаваў рабочым, пры гэтым быў дастаткова вядомы ў горадзе сваёй неабыякавай пазыцыяй што да палітвязьняў. Паводле праваабаронцы Ўладзімера Вялічкіна, Чопік часта ахвяраваў сваім часам для наведваньня судовых працэсаў з палітычнай накіраванасьцю.
«Ведаю, што ён раней вучыўся на юрыста і, хаця вучобу з розных прычын не завяршыў, але атрымаў пэўную юрыдычную падрыхтоўку. Плюс у яго абвостранае пачуцьцё справядлівасьці і шчырае спачуваньне ахвярам перасьледу, гэта таксама яго вылучае. У выніку яго часта бачылі сярод публікі на гучных працэсах, якія праходзілі ў горадзе. Відаць, гэта неяк напружвала гарадзкія ўлады, сілавікоў, бо яго і раней некалькі разоў затрымлівалі. Аднак ён не саступаў, працягваў наведваць суды. А цяпер яго вінавацяць яшчэ і па 342 артыкуле», — расказаў Свабодзе Ўладзімер Вялічкін.
Віталю Чопіку паграджае да 7 гадоў зьняволеньня. Судзіць яго будзе Яўген Брыган.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На БТ паказалі затрыманых, якія хадзілі на суды і паведамлялі праваабаронцам вынікі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы паведамілі пра пабіцьцё затрыманага ў Берасьці валянтэра