22 кастрычніка ў Менскім гарадзкім судзе пачынаецца працэс у так званай справе «агентаў СБУ» (Службы бясьпекі Ўкраіны), якіх затрымалі амаль год таму праз падазрэньні ў падрыхтоўцы тэрарыстычных актаў на беларускай чыгунцы.
На лаве падсудных грамадзянін Украіны Іван Ліхалат, а таксама беларусы Барыс Пухальскі і Іван Бародзіч.
Паводле сьледзтва, «агентурную тэрарыстычную ячэйку» нібыта стварыў жыхар Горадні, грамадзянін Украіны Іван Ліхалат. Яму 32 гады, ён этнічны ўкраінец, які нарадзіўся ў Горадні. Сілавікі сьцьвярджаюць, што ў 2012–2013 гадах Іван Ліхалат служыў у выведным падразьдзяленьні УСУ, потым вярнуўся ў Горадню, дзе знайшоў працу, завёў сям’ю.
Паводле сьледзтва, нібыта Ліхалат выйшаў на кантакт з СБУ і на яе загад далучыў да падрыхтоўкі тэрактаў на чыгунцы знаёмых гарадзенцаў Барыса Пухальскага, таксама этнічнага ўкраінца, і беларуса Івана Бародзіча.
Паводле інфармацыі сілавікоў, Барыс Пухальскі нібыта быў затрыманы пасьля таго, як прывёз у Талачынскі раён выбухоўку, якую забраў са схованкі на тэрыторыі Кобрынскага раёну.
Гэта адбылося 4 верасьня, затрыманьне праводзілі супрацоўнікі групы «А» КДБ. Пазьней у дзяржаўных СМІ паведамілі, што «на месцы плянаванага тэракту канфіскавалі выбуховае рэчыва гексаген масай 1 кг, драты, дэтанатар і магніт для мацаваньня выбухоўкі да рэек».
Івана Ліхалата і Івана Бародзіча затрымалі ў Горадні ў верасьні 2023 году.
Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», падсудных вінавацяць паводле шасьці артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі:
- арт. 289 частка 3 («Акт тэрарызму»),
- арт. 358-1 («Агентурная дзейнасьць»),
- арт. 309, частка 4 («Наўмыснае прывядзеньне ў непрыдатнасьць транспартнага сродку альбо шляхоў зносін»),
- арт. 295, частка 4 («Незаконныя дзеяньні адносна агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў»),
- арт. 356, частка 1 («Здрада дзяржаве»),
- арт. 406, частка 2 («Неданясеньне аб злачынстве»).
Толькі па першым з інкрымінаваных артыкулаў абвінавачаным пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне альбо сьмяротная кара.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі затрымалі шэсьць чалавек за «падрыхтоўку тэрактаў». Праваабаронцы высьветлілі, што пра іх вядомаЯшчэ пра трох затрыманых у справе нічога не вядома
11 верасьня 2023 году па дзяржаўным тэлеканале «Беларусь 1» паказалі прапагандысцкі фільм «Бесы террора», у якім паведамлялася пра затрыманьне 6 чалавек, нібыта датычных да падрыхтоўкі да тэрактаў на Беларускай чыгунцы. Акрамя Івана Ліхалата, Барыса Пухальскага і Івана Бародзіча ў ліку затрыманых назвалі таксама ўкраінскага егера Вячаслава Бародзія і беларусаў Паўла Вабішчэвіча і Андрэя Зіненку. Двух апошніх паказалі падчас допытаў у СІЗА КДБ, на іх тварах былі відаць сьляды біцьця.
Кадры зь фільма пра ўкраінца Вячаслава Бародзія сьведчылі пра тое, што яго вывозілі на сьледчы экспэрымэнт у кайданках і на жалезным ланцугу. Паводле закадравага тэксту, пры затрыманьні ў Вячаслава Бародзія нібыта знайшлі пісталет. Што да беларусаў Паўла Вабішчэвіча і Андрэя Зіненкі, дык першы нібыта меўся закласьці выбухоўку на чыгунцы ў Стаўпецкім раёне, а другі падчас падрыхтоўкі гэтага тэракту вазіў яго на аўтамабілі.
Між тым Вячаслава Бародзія, Паўла Вабішчэвіча і Андрэя Зіненкі няма сярод падсудных, якія сталі перад менскім гарадзкім судом. Пра лёс гэтых затрыманых афіцыйна больш нічога не паведамлялася, нічога новага невядома пра іх і праваабаронцам.
У BelPol ня ўбачылі доказаў датычнасьці ўкраінскіх спэцслужбаў
На справу «агентаў СБУ» зьвярнулі ўвагу ў аб’яднаньні былых беларускіх сілавікоў BelPol. Там заўважылі, што затрыманыя ня могуць толкам сказаць, на каго яны «працавалі», называючы то СБУ, то УСУ, то ГУР і нават ГРУ (Галоўнае выведнае ўпраўленьне генштабу Расеі).
«Паведамляюць пра падрыхтоўку «тэрактаў» менавіта ўкраінскімі спэцслужбамі, але не прыводзяць ніводнага доказу: установачных дадзеных, пазыўных, інтэрнэт-акаўнтаў, тэлефонных нумароў, хаця б кагосьці з «украінскіх куратараў», — гаворыцца ў аналітычнай даведцы BelPol, якую цытуе DW.
Тая ж крыніца адзначае, што затрыманыя ня могуць назваць мэту дзеяньняў, а гавораць «завучанымі фразамі» пра «дэстабілізацыю абстаноўкі» і «ахвяры сярод мірнага насельніцтва». Акрамя таго, былыя беларускія сілавікі падкрэсьліваюць, што ў фільме «Бесы террора» так і не былі «прадэманстраваныя выбуховыя прыстасаваньні ў сабраным выглядзе і зьмесьціва схованак зь нібыта канфіскаванай зброяй і выбухоўкай».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справу Рыка Крыгера, асуджанага і памілаванага ў Беларусі, расьсьледуе нямецкая пракуратураПраваабаронцы: магчымы сьмяротны прысуд
«Гэтая гісторыя вельмі падобная да правакацыі, мэта якой — запалохаць людзей, прадэманстраваць свой кантроль над сытуацыяй, які адсутнічаў пры актыўнасьці «рэйкавых партызанаў», — гэтак, паводле DW, пракамэнтавалі справу «агентаў СБУ» ў юрыдычнай службе праваабарончага цэнтру «Вясна».
Праваабаронцы акцэнтавалі ўвагу на тым, што гаворка ідзе аб падазрэньні ва ўчыненьні акту тэрарызму — злачынстве, якое паводле беларускага заканадаўства караецца сьмерцю.
«Калі людзей не адпусьцяць, то гэта з высокай доляй імавернасьці можа стаць рэальнасьцю», — мяркуюць праваабаронцы «Вясны».
Судзіць будзе Анжэла Касьцюкевіч, якая адзначылася тым, што асудзіла на зьняволеньне шмат каго з палітвязьняў. Сярод іх нашаніўцы Ягор Марціновіч і Андрэй Скурко, блогер Дзьмітры Юртаеў, былы сьледчы Мікіта Старажэнка. Праваабаронцы падлічылі, што агулам гэтая судзьдзя вынесла палітычных прысудаў больш як на 120 гадоў зьняволеньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сама меней 59 іншаземцаў сталі фігурантамі палітычных крымінальных справаў у Беларусі за апошнія гадыСуд над Крыгерам
У чэрвені 2024 году ў Менскім абласным судзе быў вынесены сьмяротны прысуд грамадзяніну Нямеччыны Рыка Крыгеру, якога прызналі вінаватым паводле таго ж артыкулу 289, часткі 3 («Акт тэрарызму»), па якім цяпер судзяць «агентаў СБУ». Да затрыманьня ў Беларусі Рыка Крыгер быў супрацоўнікам нямецкага Чырвонага Крыжа.
Паводле беларускіх сілавікоў, Крыгер нібыта вырашыў стаць добраахвотнікам, каб ваяваць на баку Ўкраіны, дзеля чаго на заданьне ўкраінскіх спэцслужбаў прыехаў у Беларусь і заклаў выбухоўку на чыгунцы.
30 ліпеня 2024 году Аляксандар Лукашэнка памілаваў Рыка Крыгера, а ўжо празь дзень немец вярнуўся на радзіму ў межах абмену зьняволенымі паміж ЗША, Нямеччынай, Расеяй і Беларусьсю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як КДБ і ГУБАЗіК маніпулююць беларусамі. Расказвае былы сьледчы. ВІДЭА