Што вядома пра ўмовы ўтрыманьня, праваабаронцы «Вясны» высьветлілі ў жанчыны, якая нядаўна адбыла свой адміністрацыйны тэрмін у вязьніцы на Акрэсьціна ў Менску.
Праваабаронцы пагутарылі з Крысьцінай (імя жанчыны зьмененае ў мэтах бясьпекі), якую затрымлівалі супрацоўнікі КДБ.
Як затрымалі
Паводле Крысьціны, яе спачатку дапыталі ў КДБ, а потым адвезьлі ў РУУС і пакінулі там да раніцы.
«Праз пару гадзінаў мне прынесьлі пратакол, але я была ня ў стане разумець, чаго яны ад мяне хочуць. Таму на мяне проста прыкрыкнулі, і я ўсё падпісала, але нічога не зразумела».
Супраць Крысьціны склалі пратакол паводле арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства).
«Сказалі, што я з хуліганскіх памкненьняў размахвала рукамі, крычала і нецэнзурна лаялася. Віну я не прызнала, але мне прызначылі суткі, у той час як алькаголікаў, якія білі сваіх жонак і маці, адпускалі дадому за дзьве базавыя. Яшчэ я падпісала дакумэнт, што са мной праведзеная гутарка пра адказнасьць за знаходжаньне ў экстрэмісцкіх чатах».
Два дні бязь ежы і амаль без вады
Адразу пасьля суду Крысьціну перавялі ў Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) на Акрэсьціна.
«У час прыёмкі ў ЦІП мяне адвялі да мэдработніцы. Яна запісала мае скаргі і хранічныя захворваньні. Далей нас зь яшчэ адной дзяўчынай адвялі ў асобны пакой, дзе супрацоўніца нас надгледзела (разьдзяваньне дагала, прысяданьні), пасьля чаго мяне адвялі ў камэру. Варта заўважыць, што з моманту затрыманьня да першага кармленьня ў ЦІПе прайшло двое сутак, увесь гэты час я была бязь ежы і амаль без вады».
«Тых, хто начаваў на падлозе, пакусалі блашчыцы»
Крысьціна трапіла ў жаночую камэру № 15, плошчай крыху больш за 10 квадратных мэтраў.
«За пэрыяд знаходжаньня там было ад 10 да 18 чалавек, людзі выходзілі і прыходзілі, але ў сярэднім было 15 чалавек у асноўную частку тэрміну. Падчас сутак некаторых выклікалі на дадатковыя допыты, дзяўчаты казалі, што гэта прыходзілі КДБшнікі», — згадала жанчына.
Ад ляжаньня на мэталічных ложках на целе затрыманых застаюцца сінякі, але празь перапоўненасьць шмат каму даводзілася спаць на падлозе, пад сталом, на стале, на лаўцы. Крысьціна адзначае, што тых дзяўчат, якія спалі на падлозе, кусалі блашчыцы, таму потым цела было ў чырвоных плямах ад алергіі на ўкусы.
«А 4-й гадзіне ночы нам грукалі нагой у дзьверы»
Праваабаронцы «Вясны» адзначаюць, што з 2020 году ў часовых ізалятарах для палітычных арыштантаў створаныя спэцыяльныя ўмовы: камэры перапоўненыя, матрацаў і пасьцельнай бялізны не выдаюць, перадачы ад блізкіх прымаюць рэдка, на прагулкі і ў душ не выводзяць. Таму мыцца даводзіцца ў ракавіне або з дапамогай плястыкавай бутэлькі.
Крысьціна пацьвердзіла, што гэтыя парадкі на Акрэсьціна засталіся. Акрамя гэтага, палітычных будзяць у 2:00 і а 4:00 на «пераклічку».
«Гэта адно з галоўных катаваньняў. Адбой быў а 10-й, але а 2-й і 4-й гадзіне ночы нам грукалі нагой у дзьверы, і ўсім трэба было ўстаць на ногі, пасьля чаго дзяжурны казаў па чарзе кожнай назваць прозьвішча, імя і імя па бацьку. Пасьля чаго можна было класьціся зноў. Пад’ём а 6-й раніцы суправаджаўся таксама гучным грукатам нагой у жалезныя дзьверы», — апісала жанчына звычайную ноч на Акрэсьціна.
Паводле словаў палітзьняволенай, за час яе арышту для затрыманых прымалі толькі пару майткаў і шкарпэтак, туалетную паперу, пракладкі, пасту, зубную шчотку, мыла.
«У камэры ў нас было часьцяком душна, акно было прачыненае, але гэта не дапамагала. Пазьней з пахаладаньнем па начах праз адчыненае вакно станавілася вельмі холадна. Адзеньня цёплага ў нас не было, бо многіх затрымалі, калі было яшчэ цёпла, некаторыя дзяўчаты былі нават у шортах і топах».
Паводле Крысьціны, збольшага ў затрыманых было дзьве катэгорыі артыкулаў: 19.1 КаАП (дробнае хуліганства) і 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Тых, каго судзілі паводле «экстрэмісцкага» артыкула, адпускалі адразу, а пакараных за «хуліганку» часта перазатрымлівалі паводле новых пратаколаў. Усім сукамэрніцам Крысьціны прызначалі ад 10 да 15 сутак арышту.
Як непрытомную арыштантку проста закінулі ў камэру
Мэдычную дапамогу на Акрэсьціна калі і аказваюць, то няякасную і несвоечасовую, зазначаюць праваабаронцы. Жанчына расказала, як уся камэра перахварэла на ротавірусную інфэкцыю.
«Некаторыя дзяўчаткі трацілі прытомнасьць, у іх была тэмпэратура. На непрытомнасьць рэагавалі скептычна, адводзілі ўкалоць „трайчатку“ і закідалі іх, бледных і зь сінімі вуснамі, назад. Такім арыштанткам дазвалялі ляжаць пад ложкам. Пры гэтым у асноўны час да адбою нікому ляжаць нельга, і сядзець з заплюшчанымі вачыма таксама, інакш пагражалі пакараньнем — стаяць нейкую колькасьць гадзінаў за „правіннасьць“, згодна зь меркаваньнем дзяжурнага. Адна дзяўчынка страціла прытомнасьць пасьля ўколу проста на калідоры, дык яе груба паднялі і закінулі ў камэру проста да нас у рукі, балазе пасьпелі падхапіць», — расказала Крысьціна.
Форум