Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сама меней 25 чалавек: пачаліся масавыя суды над былымі палітвязьнямі для замены «хатняй хіміі» на калёнію


У кастрычніку 2024 году ў Беларусі прайшлі ці яшчэ адбудуцца агулам сама меней 25 судоў для замены былым палітвязьням абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую установу адкрытага тыпу (так званай «хатняй хіміі») на пазбаўленьне волі, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Вядома, што некаторыя з палітвязьняў пасьля вызваленьня зь СІЗА пакінулі Беларусь, таму суды фактычна праходзяць завочна, адзначаюць праваабаронцы.

Так, напрыклад, 14 кастрычніка ў Менску праходзіць 8 судоў па замене «хатняй хіміі» на калёнію. Рашэньне прымаюць у тым ліку ў справе былой палітзьняволенай Вольгі Рытус, асуджанай на 3 гады «хатняй хіміі» паводле «народнага» арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Групавыя дзеяньні, што груба парушаюць грамадзкі парадак») за ўдзел у пасьлявыбарных пратэстах у 2020 годзе.

11 кастрычніка ў судзе Савецкага раёну Менску адбыўся суд аб замене пакараньня дасьледчыцы беларускіх вязьняў ГУЛАГу Валерыі Чарнаморцавай, асуджанай на 2 гады і 6 месяцаў «хатняй хіміі» паводле арт. 342 КК за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Валерыя Чарнаморцава пакінула Беларусь, таму яе судзяць завочна.

  • Паводле праваабаронцаў, за апошнія месяцы ў Беларусі асуджаным на абмежаваньне волі без накіраваньня ў ПУАТ пачалі актыўна ўзмацняць пакараньне і пераводзіць з «хатняй хіміі» ў калёнію. У пачатку верасьня праваабаронцам было вядома пра 15 такіх судоў па ўсёй Беларусі, якія ўжо прайшлі ці былі заплянаваныя.
  • Судзяць нават тых, хто выехаў зь Беларусі пасьля прысуду. Паводле заканадаўства, для замены пакараньня на больш жорсткае дастаткова трох спагнаньняў. Пры гэтым на «хатніх хімікаў» увесь час аказваюць ціск: да іх ноччу прыяжджаюць з праверкамі, абмяжоўваюць у вольным часе і адпраўляюць на «суткі» за «парушэньне рэжыму адбыцьця пакараньня», паведамляюць праваабаронцы.
  • Былых палітвязьняў, якія застаюцца ў Беларусі, пасьля судоў аб замене пакараньня з «хатняй хіміі» на абмежаваньне волі зьмяшчаюць пад варту і пераводзяць у калёніі, адзначаюць праваабаронцы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG