«Калі палякі паспрабуюць адцяць захад Украіны і Беларусі...». Што стаіць за «польскімі» страхамі Лукашэнкі

Дзьмітро Кулеба, Дональд Туск, Аляксандар Лукашэнка. Каляж

Што замоўчвае Лукашэнка, калі раз за разам агучвае свае страхі пра пагрозу, якая нібыта ідзе з-за Бугу. І пры якіх абставінах такая пагроза можа стаць рэальнай — але не для беларускай дзяржавы, а для ягонага асабістага рэжыму.

Сьцісла:

  • У нацыянальнай сьвядомасьці і гістарычнай памяці палякаў драматычны досьвед таго, што можна чакаць ад Расейскай імпэрыі, замацаваны надзвычай трывала. Таму Польшча рыхтуецца да вайны, пры гэтым ня надта азіраючыся на партнэраў і разьлічваючы галоўным чынам на ўласныя сілы.
  • Спрабаваць перагледзець межы, вярнуць тыя абрысы дзяржавы, якія былі калісьці — тупіковы шлях, здольны прывесьці толькі да хаосу і новых войнаў. Пуцінская спроба перадзелу ўкраінскіх межаў гэта пераканаўча дэманструе ўсяму сьвету.
  • Калі Пуцін наважыцца на агрэсію супраць Польшчы ці краін Балтыі, то гэта вайна з высокай ступеньню верагоднасьці непасрэдна зачэпіць Беларусь. Але што прынцыпова важна, зачэпіць не беларускі сувэрэнітэт і незалежнасьць, а найперш устойлівасьць і захаванасьць рэжыму аднаасобнай улады самога Лукашэнкі.
  • Лукашэнку непакоіць не непасрэдная пагроза з боку Захаду, а тое, што ён ня здольны супрацьстаяць таму, каб патэнцыйна магчымая расейская агрэсія супраць Польшчы ці краін Балтыі не ішла з тэрыторыі Беларусі. Рэальнай асабіста для яго пагроза стане тады, калі такая агрэсія пачнецца.

Гаворачы пра небясьпеку вайны, у якую можа быць уцягнутая Беларусь, Лукашэнка заўсёды паказвае на заходні кірунак — на Польшчу. Маўляў, гэта там мрояць пра вяртаньне «Ўсходніх Крэсаў», рыхтуюць агрэсію супраць Беларусі і Ўкраіны. Апошні раз ён казаў пра гэта, наведваючы Пінскі раён 4 кастрычніка:

«Яны хочуць прыхапіць Заходнюю Ўкраіну, як і Заходнюю Беларусь. І там панаваць. Для нас гэта непрымальна. Маю заяву на гэты конт вы павінны ведаць. Калі толькі палякі ўлезуць ва Ўкраіну і паспрабуюць захад адцяць, мы будзем украінцаў падтрымліваць. Таму што разумеем, што наступнымі будзем мы».

Аляксандар Лукашэнка выступае перад мігрантамі ў Брузгах на мяжы з Польшчай. 26 лістапада 2021

Пра Польшчу як пра ворага нумар адзін ён ня раз згадваў і раней: маўляў, яна «прытуліла беглых», «выношвае пляны агрэсіі супраць Беларусі», а самі палякі «ачумелыя», «селі на амэрыканскую кабылу» і ім трэба «абламаць рогі» (усё гэта — выразы з выступаў Лукашэнкі на працягу апошніх некалькіх гадоў).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта не нязломнасьць, гэта адэкватнасьць». Сябры Анджэя Пачобута пра тое, чаму ён не здаецца

Чаму Польшча ня марыць пра вяртаньне Крэсаў

На першы погляд сцэнар, на які Лукашэнка ўвесь час спрабуе скіраваць увагу беларускага грамадзтва, дастаткова абсурдны. Польшча — паўнапраўная ўдзельніца Эўразьвязу і NATO. Пра перагляд пасьляваенных межаў ці нейкія рэваншысцкія праекты ў краіне не гаворыць ніводзін сур’ёзны палітык. Так, у польскім грамадзтве існуе пэўны сантымэнт да тых тэрыторый, якія некалькім мільёнам палякаў давялося пакінуць пасьля Другой сусьветнай вайны. Вільня, Львоў, Горадня, Ліда, Пінск — родныя мясьціны для продкаў соцень тысяч сёньняшніх польскіх сем’яў. Але гэта зусім не азначае, што колькі-небудзь значная частка грамадзтва трызьніць пра вяртаньне тых земляў.

Нямецка-савецкі парад у Берасьці. 22 верасьня 1939

Так сталася, што ў выніку Другой сусьветнай вайны краіны-пераможцы (у ліку якіх быў і сталінскі Савецкі Саюз) вырашылі пасунуць даваенныя дзяржаўныя межы Польшчы з усходу на захад на паўтысячы кілямэтраў. Дзеля таго, каб СССР прырасьціў свае тэрыторыі, а Нямеччына страціла. І пасунулі, нібы якую камоду ці шафу. У выніку межы сёньняшняй Польшчы супадаюць з даваеннымі межамі Другой Рэчы Паспалітай толькі на невялікім адрэзку цяперашняй польска-славацкай мяжы — у Карпатах. Усе астатнія дзяржаўныя межы новыя, якія ўсталяваліся пасьля вайны. Пачнеш пераглядаць межы на ўсходзе — можаш сутыкнуцца з тым, што нехта запатрабуе перагледзець іх на захадзе. Нашчадкі тых польскіх грамадзян, якія да вайны жылі ў Вільні і Горадні, Наваградку і Берасьці, сёньня — насельнікі Шцэціна і Ўроцлава, Гданьска і Зялёнай Гуры. Так, для пасьляваенных вымушаных перасяленцаў гэта быў траўматычны досьвед: пакідаць зямлю продкаў, свой родны дом і наноў абжывацца на новым месцы. Але з таго часу мінула восемдзесят гадоў. Старую траўму даўно загаілі, перажылі і прынялі, зь ёй зьмірыліся. Для новых пакаленьняў радзіма тут, на гэтай зямлі, у гэтых гарадах і вёсках. Спрабаваць перагледзець межы, вярнуць тое, што было калісьці — тупіковы шлях, здольны прывесьці толькі да хаосу і новых войнаў. Пуцінская спроба перадзелу ўкраінскіх межаў гэта пераканаўча дэманструе ўсяму сьвету.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Жалезная заслона» пад Горадняй і Берасьцем. Да чаго вядзе эскаляцыя беларуска-польскіх дачыненьняў

Ворагі — за Бугам?

Ці разумее гэта Лукашэнка? Цяжка ўявіць, што ён сапраўды верыць у рэальныя пляны польскага ўварваньня, агрэсіі сёньняшняй Польшчы супраць Украіны ці Беларусі з мэтай вярнуць «Усходнія Крэсы». Звыклыя для яго клішэ пра «агрэсіўны блёк NATO» і пра «польскія танкі, якія бразгаюць гусеніцамі ля нашай мяжы» прызначаныя выключна для прапаганды. У рэальнасьці Лукашэнка выдатна ведае: ніводная краіна NATO ні разу за 80 гадоў існаваньня нічыёй тэрыторыі не анэксавала: гэта супярэчыць і прынцыпам, і сутнасьці гэтай арганізацыі. А хто сапраўдны аматар перагляду чужых дзяржаўных межаў і аднаўленьня «гістарычнай справядлівасьці», таксама ўсім відавочна. Лукашэнка свайго ўласнага саюзьніка і ягоныя намеры і норавы ведае як ніхто іншы. Яшчэ 30 лістапада 2021 году, за тры месяцы да ўварваньня ва Ўкраіну, сьвядома ці выпадкова прагаварыўся пра заваёўніцкія пляны Пуціна ў інтэрвію расейскаму прапагандысту Кісялёву:

«У Эўропе будзе прасьцей... Калі яны там разгорнуцца і перашлюць сюды нейкія войскі, мы ўжо будзем стаяць каля Ля-Манша».

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, Сочы, 15 верасьня 2023

У чым Лукашэнка мае рацыю, дык гэта ў тым, што Польшча сапраўды сур’ёзна і маштабна рыхтуецца да вайны. І калі гэтая вайна ў рэальнасьці распачнецца, то з высокай ступеньню верагоднасьці зачэпіць Беларусь. Але што прынцыпова важна: зачэпіць не беларускі сувэрэнітэт і незалежнасьць, а найперш устойлівасьць і захаванасьць рэжыму аднаасобнай улады самога Лукашэнкі. Што, папраўдзе, найбольш яго і турбуе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Польшчы пра заяву Рыжанкова: «Уяўная гатоўнасьць Менску да дыялёгу дзеля кароткатэрміновых палітычных мэтаў»

Прадчуваньне яшчэ адной вайны

Пра верагоднасьць і нават непазьбежнасьць вайны з Расеяй у сёньняшняй Польшчы гавораць нават высокія службовыя асобы. Нямала шуму нарабіла нядаўняе выказваньне высокапастаўленага польскага генэрала, начальніка Генэральнага штаба Рэспублікі Польшчы Веслава Кукулы. Выступаючы перад курсантамі Акадэміі сухаземных войскаў ва Ўроцлаве, ён сказаў:

«Усё сьведчыць пра тое, што менавіта наша пакаленьне стане на абарону краіны са зброяй у руках. І ні я, ні хто-небудзь з вас не зьбіраецца прайграць гэтую вайну. Мы пераможам, мы вернемся і працягнем будаваць Польшчу, але нешта павінна адбыцца. Мы павінны стварыць узброеныя сілы, гатовыя да такіх дзеяньняў. Патэнцыял праціўніка настолькі вялікі, што мы павінны стварыць значна большую армію, а гэта значыць, што мы таксама павінны ізноў увесьці мадэль агульнай вайсковай службы».

Польскія вайскоўцы на вучэньнях у Сувальскім калідоры, ліпень 2022

Гэтыя выказваньні выклікалі асуджальныя камэнтары сярод некаторых палітыкаў, хоць насамрэч усім зразумела: генэрал агучыў тое, што проста лунае ў польскім паветры. Вядома, ні пра якую агрэсію супраць Украіны ці Беларусі, ні пра якое вяртаньне «Ўсходніх Крэсаў» ніхто не гаворыць. Усе з трывогай і непакоем думаюць пра тое, што Пуцін ня спыніцца на Ўкраіне і рана ці позна можа рушыць далей на Захад. Куды б ні быў скіраваны наступны пуцінскі ўдар (у якасьці патэнцыйных цэляў агрэсара называюць найперш краіны Балтыі або «прабіваньне» Сувальскага калідора ў калінінградзкі экскляў праз сумежжа Польшчы і Літвы), — у любым з гэтых выпадкаў польская армія вымушаная будзе імгненна, не чакаючы рэакцыі NATO, адказаць на агрэсію.

Прэзыдэнты Літвы і Польшчы Гітанас Наўседа і Анджэй Дуда на Сувальскім калідоры, красавік 2024

У нацыянальнай сьвядомасьці і гістарычнай памяці палякаў драматычны досьвед таго, што можна чакаць ад Расейскай імпэрыі, замацаваны надзвычай трывала. Таму Польшча рыхтуецца да вайны, пры гэтым ня надта азіраючыся на партнэраў і разьлічваючы галоўным чынам на ўласныя сілы. У той час, як амаль ва ўсіх іншых краінах NATO выдаткі на абарону ніяк не дасягнуць прадугледжаных дамовамі 2% ВУП, Варшава ўжо цяпер выдаткоўвае на патрэбы арміі больш за 4% ВУП: імкліва і маштабна мадэрнізуе армію, нарошчвае вытворчасьць і павялічвае закупкі зброі (амэрыканскіх зьнішчальнікаў і гелікоптэраў, ракетных і супрацьракетных сыстэм, паўднёвакарэйскай бранятэхнікі і артылерыі). Прычым у гэтым пытаньні пануе поўны кансэнсус усіх палітычных сіл і ўсяго грамадзтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». Павал Латушка — пра Польшчу, санкцыі, пакаяньне і Каардынацыйную раду

Трэцяя армія NATO

Асабовы склад польскай арміі да канца года павінен перавысіць 207 тысяч жаўнераў з пэрспэктывай павелічэньня да 300 тысяч, што зробіць яе трэцяй у колькасьці арміяй NATO пасьля ЗША і Турэччыны. Швэдзкі Інстытут вывучэньня праблем міру (SIPRI) у сваім дасьледаваньні, апублікаваным у красавіку 2024 году, піша, што выдаткі Польшчы на абарону ў 2022 годзе ўзраслі на 75% і дасягнулі 31,6 млрд даляраў ЗША. Тады гэта стала самым вялікім ростам сярод усіх эўрапейскіх краін — сяброў NATO.

Польскае войска. Варшава, 15 жніўня 2024

Вядома, загадзя прадбачыць, як могуць разгортвацца баявыя дзеяньні ў выпадку расейскай агрэсіі супраць Польшчы, немагчыма. У чым мала сумневу: Польшча пры падтрымцы NATO (ці без такой падтрымкі) адкажа, чым толькі магчыма. А калі гіпатэтычны ўдар будзе нанесены зь беларускага пляцдарму, то ўдар у адказ па гэтым жа пляцдарме і будзе скіраваны. Пры гэтым, калі нешта падобнае пачнецца, на лініі Бугу Варшава можа і не спыніцца. І гэта якраз тое, што найбольш непакоіць Лукашэнку. Выратаваць яго магло б хіба тое, калі б ён не дапусьціў, каб расейская агрэсія супраць Польшчы ішла з тэрыторыі Беларусі. Але, як паказаў досьвед расейскага ўварваньня ва Ўкраіну 2022 году, на гэта ён наўрад ці здольны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Rzeczpospolita: Пачобут пагадзіўся пакінуць Беларусь у выпадку вызваленьня

Валынская разьня: урокі гісторыі

Разважаючы пра «агрэсіўныя намеры» Польшчы адносна Ўкраіны, Лукашэнка ва ўжо згаданым вышэй выступе 4 кастрычніка ў якасьці галоўнага аргумэнта таго, чаму Польшча хоча «прыхапіць Заходнюю Ўкраіну», назваў помсту за Валынскую разьню:

«Вунь палякі як да іх (украінцаў. — Аўт.) ставяцца... Я вось ляцеў сюды і ўсё думаў. Успомнілі Валынскую разьню. Слухайце, ну ў гады вайны чаго толькі ні было... Украінцы ў нас Хатынь спальвалі. Што яны вытваралі на Прыпяці, гэта кашмар. Кіраваныя фашыстамі. Ну дык што, мы будзем тымі часамі жыць усё жыцьцё, да сьмерці? Ну што, давайце тую Валынскую разьню ўспамінаць і зьвяр’ём глядзець адзін на аднаго?»

Драматычная старонка польскай і ўкраінскай гісторыі — масавае зьнішчэньне мірнага польскага насельніцтва ўкраінскімі нацыяналістамі на тэрыторыі Валыні ў 1942-1943 гадах — сапраўды выклікае балючую рэакцыю ў сёньняшнім польскім грамадзтве.

Днямі ў Польшчы быў апублікаваны рэйтынг, да прадстаўнікоў якіх нацыянальных мяншыняў палякі ставяцца з найбольшым недаверам. Тры першыя радкі прадказальна занялі расейцы, мусульмане і беларусы, што ня дзівіць на тле вайны, міграцыйнага крызісу і стаўленьня з боку рэжыму Лукашэнкі да польскай нацыянальнай меншасьці. Мала хто зьвярнуў увагу, што чацьвёрты радок у гэтым рэйтынгу недаверу, адразу за беларусамі, занялі ўкраінцы. І галоўная прычына гэтага, хутчэй за ўсё, — праблема «Валынскай разьні».

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі (справа) і прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда падчас ушанаваньня памяці ахвяраў Валынскай трагедыі. Луцк, 9 ліпеня 2023

Гэты крывавы эпізод гісторыі адносіцца да 1942-1943 гадоў, калі атрады Ўкраінскай паўстанцкай арміі (УПА) праводзілі на Валыні і ва Ўсходняй Галіцыі шырокамаштабную апэрацыю «дэпалянізацыі», зьнішчаючы цэлыя вёскі і мястэчкі, учыняючы масавыя забойствы польскага насельніцтва. Польскае падпольле і атрады самаабароны адрэагавалі падобнымі акцыямі ў адказ, хоць і ў значна меншым маштабе. Паводле пазьнейшых падлікаў, у міжэтнічным канфлікце тады загінулі каля 60-100 тысяч палякаў і каля 10-20 тысяч украінцаў.

Узаемныя крыўды і абвінавачаньні, датычныя той трагедыі, дагэтуль уплываюць на польска-ўкраінскія адносіны. Асабліва ў сытуацыях, калі таму ці іншаму палітыку бракуе асьцярожнасьці і абачлівасьці пры выказваньні на гэту тэму.

Так здарылася, напрыклад, у канцы жніўня сёлета, калі тагачасны міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба, адказваючы на пытаньне, калі Ўкраіна скасуе забарону на эксгумацыю ахвяраў Валынскай разьні, у адказ спытаў у аўтаркі пытаньня, ці ведае яна пра польскую апэрацыю «Вісла» 1947 году, калі польскія камуністычныя ўлады прымусова перасялілі 150 тысяч украінцаў з Падкарпацьця ў новыя рэгіёны, атрыманыя ад пераможанай Нямеччыны. У дадатак ён згадаў пра тэрыторыі Люблінскага ваяводзтва, Падкарпацьце і Малапольшчу як пра «ўкраінскія землі».

Гэтыя выказваньні вельмі балюча былі ўспрынятыя ў Польшчы. Віцэ-прэм’ер і міністар нацыянальнай абароны РП Уладыслаў Касіняк-Камыш заявіў, што Варшава не падтрымае ўступленьня Ўкраіны ў Эўразьвяз без эксгумацыі ахвяраў Валынскай разьні. Гэту выснову падтрымаў і прэм’ер Дональд Туск, зазначыўшы, што «Ўкраіна ня будзе сябрам Эўразьвязу бяз згоды Польшчы».

Выпадкова ці не, але празь некалькі дзён пасьля гэтых скандальных выказваньняў Дзьмітро Кулеба вымушаны быў пакінуць пасаду міністра замежных спраў Украіны.

Што адметна, нягледзячы на ўсе гэтыя супярэчнасьці, палітыкі і ў Кіеве, і ў Варшаве ня ставяць пад сумнеў сваё адзінства ў супрацьдзеяньні расейскай агрэсіі. Гісторыя гісторыяй: у справе Валынскай разьні яшчэ многае давядзецца высьвятляць, расстаўляць акцэнты і кропкі над «і». Але да сьцьвярджэньняў Лукашэнкі пра тое, што гістарычныя спрэчкі нібыта стануць для Варшавы падставай, каб «прыхапіць Заходнюю Ўкраіну», гэта ў сёньняшніх умовах ня мае ніякага дачыненьня.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У адным акопе з Пуціным Лукашэнку бясьпечна, так прасьцей захаваць уладу», — польскі экспэрт Клысіньскі