Беларускі вытворца мінэральных угнаеньняў «Гродна Азот» пастаўляў прадукцыю ва Ўкраіну пад выглядам вырабленай у Туркмэністане праз кампанію, зарэгістраваную ў Аб’яданых Арабскіх Эміратах грамадзянамі Турэччыны. Адбывалася гэта насуперак санкцыям, уведзеным Украінай і Эўразьвязам супраць беларускага прамысловага гіганта.
Як вынікае з судовага рашэньня Шаўчэнкаўскага раённага суду Кіева, якое мае ў сваім распараджэньні Радыё Свабода, сьледчыя раскрылі гэтую схему ў часе расьсьледаваньня крымінальнай справы супраць украінскай кампаніі «Оскар Оптіма», якая займалася пастаўкамі і рэалізацыяй ва Ўкраіне беларускіх мінэральных угнаеньняў.
Сэртыфікаты падрабілі
Як адзначаецца ў дакумэнце, «Гродна Азот» па чыгунцы адпраўляў сваю прадукцыю ў порт расейскага горада Растоў, адтуль яе перапраўлялі ў порт горада Бургас (Баўгарыя). Там угнаеньні расфасоўвалі ў мяхі, а потым перавозілі ў порт горада Русе на рацэ Дунай, таксама ў Баўгарыі. А ўжо адтуль на караблях горадзенскія ўгнаеньні перавозілі ў Ізмаільскі марскі порт, дзе мытнае афармленьне праводзілі на падставе сэртыфікатаў аб паходжаньні прадукцыі з Туркмэністану, прадпрыемствы якога ўвогуле не вырабляюць такога віду ўгнаеньняў.
З дапамогай сэрвісу ImportGenius, які паказвае глябальныя гандлёвыя дакумэнты аб імпарце/экспарце ад Мытнай службы ЗША, мы знайшлі адну з такіх паставак, зробленых у красавіку 2023 году. Дубайская кампанія Agro chain general trading LLC пастаўляла мінэральныя ўгнаеньні быццам бы з Туркмэністану ва Ўкраіну на суму 1,1 мільёна даляраў. Імпартэрам пазначаная ўкраінская кампанія «Оскар Оптіма».
У той жа час кошт гэтага кантракту не карэлюе зь фінансавымі вынікамі ўкраінскай кампаніі-атрымальніцы, якую яна перадала кантрольным органам.
Украінскія сьледчыя высьветлілі назвы ўсіх сухагрузаў, на якіх беларускія ўгнаеньні перамяшчалі з Баўгарыі — White Star, Marina, Dobrich, Danimex 3, Leda, Paul P. Усяго такім чынам ва Ўкраіну вясной 2023 году завезьлі 4900 тон прадукцыі. Угнаеньні зь першых чатырох суднаў пасьпелі перавезьці ў горад Дніпро і частку нават рэалізаваць.
Яшчэ 4506 тон мінэральных угнаеньняў у вадкім выглядзе ў сярэдзіне красавіка 2023 году ў Ізмаільскі порт даставілі тры баржы — «627», «490», «DDS-1». Іх загрузілі беларускай прадукцыяй у портавым тэрмінале гораду Канстанца (Румынія) і адтуль везьлі ва Ўкраіну.
У часе расьсьледаваньня выявілі, што сэртыфікаты паходжаньня прадукцыі былі падробленыя. У тэлефоне аднаго з прадстаўнікоў украінскай кампаніі знайшлі ліставаньне з грамадзянамі Турэччыны, якія зьяўляюцца кіраўнікамі дубайскай кампаніі Argo Chain general trading LLC. Менавіта дзякуючы гэтаму ліставаньню змаглі пацьвердзіць, што першыя партыі мінэральных угнаеньняў пастаўляліся з Растова, а фактычным адпраўніком і вытворцам грануляванага карбаміду зьяўляецца ААТ «Гродна Азот».
Пазьней у Інстытуце судовых экспэртыз Украіны пацьвердзілі, што ўгнаеньні, якія пастаўляла ўкраінская кампанія «Оскар Оптіма» цалкам адпавядаюць узорам прадукцыі, вырабленай у Горадні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На «Гродна Азоце» расказалі, як зьмяніліся пастаўкі пасьля ўвядзеньня санкцыяўСанкцыі Эўразьвязу і Ўкраіны супраць кампаніі «Гродна Азот»
«Гродна Азот» — адзінае прадпрыемства ў Беларусі, якое вырабляе карбамід.
Эўразьвяз увёў санкцыі супраць гэтага горадзенскага прадпрыемства ў сьнежні 2021 году за звальненьні работнікаў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. У рашэньні аб увядзеньні санкцый Рада ЭЗ назала гэтае беларускае прадпрыемства «крыніцай значных даходаў для рэжыму Лукашэнкі», а таксама «адказным за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці».
Аналягічныя санкцыі ўведзеныя і супраць «Беларуськалію».
Пасьля падтрыманьня Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня, Украіна выйшла з шэрагу міжнародных пагадненьняў з Рэспублікай Беларусь, у тым ліку гандлёвых, і ўвяла санкцыі супраць шэрагу прадпрыемстваў, у тым ліку і супраць «Гродна Азот».
Гандаль зь Беларусьсю, паводле ўкраінскай статыстыкі, спыніўся цягам некалькіх месяцаў пасьля расейскага ўварваньня ў 2022 году. Але ўвесь гэты час ва Ўкраіне заводзяць крымінальныя і адміністрацыйныя справы паводле паставак прадукцыі беларускага паходжаньня, у тым ліку трактараў, нафтапрадуктаў і ўгнаеньняў.
Забароны на гандаль зь Беларусьсю, як у выпадку з Расеяй, Украіна ня ўводзіла. Аднак межы між дзьвюма краінамі закрытыя і пункты пропуску фізычна не працуюць. Як паведамлялі Свабодзе ўкраінскія юрысты, тавар зь Беларусі могуць завозіць на тэрыторыю Ўкраіны, напрыклад, праз тэрыторыю Эўразьвязу або іншыя трэція краіны.
Ва Ўкраіне забаранілі набываць беларускую прадукцыю за сродкі дзяржаўнага бюджэту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Украіны забараніў купляць прадукцыю беларускіх прадпрыемстваў за кошт дзяржаўнага бюджэтуХто расьсьледаваў і разглядаў справу
Справу расьсьледуюць з 23 сакавіка 2023 году паводле ч. 4 артыкулу 110-2 («Фінансаваньне дзеяньняў, учыненых з мэтай гвалтоўнай зьмены або зьвяржэньня канстытуцыйнага ладу або захопу дзяржаўнай улады, зьмены тэрыторыі або дзяржаўнай мяжы Ўкраіны»), ч. 4 артыкулу 358 («Падробка дакумэнтаў»), ч. 1 артыкулу 212 («Пазьбяганьне падаткаў»), ч. 3 артыкулу 209 («Легалізацыя маёмасьці, атрыманай злачынным шляхам»), ч. 4 артыкулу 111-1 («Калябарацыйная дзейнасьць») Крымінальнага кодэксу Украіны.
Ва Ўкраіне за ўсе гэтыя дзеяньні могуць прызначыць пакараньне ў выглядзе 12 гадоў пазбаўленьня волі, права займацца пэўнымі відамі дзейнасьці і канфіскацыі маёмасьці.
Расьсьледаваньне вядуць следчыя Галоўнага сьледчага ўпраўленьня Службы бясьпекі Ўкраіны, а працэсуальнае кіраўніцтва ажыцьцяўляе Офіс генэральнага пракурора.
Справу разглядаў Шаўчэнкаўскі раённы суд Кіева.
Грузавыя танкеры, якія перавозілі ўгнаеньні, ходзяць пад рознымі сьцягамі
Зь пералічаных у справе шасьці танкераў два ходзяць пад сьцягамі Баўгарыі і Румыніі.
Порт рэгістрацыі баўгарскага судна Dobrich — у горадзе Русе, дзе маглі займацца расфасоўваньнем беларускіх угнаеньняў. Румынскі Danimex 3, як і Dobrich, у момант падрыхтоўкі публікацыі знаходзіліся ў эўрапейскіх водах.
Грузавы карабель Leda плавае пад сьцягам Астравоў Кука. На момант падрыхтоўкі публікацыі знаходзіўся ў Азоўскім моры, якое пасьля акупацыі Марыюпаля Данецкай вобласьці, Бярдзянску і Мелітопаля Запароскай вобласьці Расея лічыць сваімі ўнутранымі водамі. У гэты час танкер накіроўваўся ў порт Ейска (Расея).
Танкер White Star ходзіць пад сьцягам Маршальскіх Астравоў. Пабудаваны ў 2017 годзе. Да 2018 году хадзіў пад назвай Black Duck. Прызначаны для перавозкі асфальту і бітуму. На момант падрыхтоўкі артыкулу знаходзіўся ў Мэксыканскай затоцы.
Прыналежнасьць танкера Marina дакладна вызначыць не ўдалося. Паводле розных адкрытых крыніц, грузавыя караблі з такой назвай ходзяць пад сьцягамі розных краін — Тога, Лібэрыя, Танзанія. Апошні да вайны перавозіў звадкаваны газ з Турэччыны ў Адэсу.
Пад назвай Paul P таксама некалькі суднаў, у тым ліку тыя, што ходзяць пад сьцягамі Нямеччыны і Партугаліі. Але ніякай сувязі з Украінай знайсьці не ўдалося.
Варта нагадаць, што ў лютым 2023 году за вывядзеньне беларускіх угнаеньняў з-пад санкцый выступіла некалькі заходнеэўрапейскіх краін, у тым ліку Партугалія, Бэльгія, Нідэрлянды, Францыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расьсьледнікі высьветлілі, як Узбэкістан дапамагае Беларусі прадаваць у ЭЗ угнаеньні падсанкцыйнага прадпрыемстваШто вядома пра адпраўніка ўгнаеньняў
У адкрытых крыніцах пра кампанію Agro Chain General Trading надзвычай мала інфармацыі. Яна ня мае ўласнага сайту ў інтэрнэце, а таксама старонак у сацыяльных сетках. З кантактаў пазначаны толькі нумар тэлефону.
Вядома, што на момант паставак ва Ўкраіну яна знаходзілася ў офісе 410 у адным з найстарэйшых бізнэс-цэнтраў у Дубаі Sultan. Паводле апошняй інфармацыі, цяпер кампанія займае два офісы ў The Prime Tower, новым 36-павярховым дзелавым цэнтры, у якім кошт арэнды офісу плошчай 241 квадратны мэтар складае 30 тысяч дырхамаў на год (крыху больш за 8 тысяч даляраў у эквівалеце. — РС).
Згодна са статыстыкай глябальнага гандлю tradeindata.com, Agro Chain General Trading цягам 2021–2023 гадоў (зьвесткі за 2024 год пакуль адсутнічаюць. — РС) Agro Chain General Trading ажыцьцявіла 12 паставак «хімічнай прадукцыі» агульнай вагой 318 477 тон. Пік паставак зафіксаваны вясной і ўвосень 2023 году са значным падзеньнем аб’ёмаў у кастрычніку 2023 году. Сярод партнэраў дубайскай кампаніі, апроч украінскіх, ёсьць таксама прадпрыемствы з Кітая і Індыі. У мытных дакумэнтах, на падставе якіх адбылася пастаўка, таксама пазначана, што ўгнаеньні паходзяць з Туркмэністана.
Кампанія пастаўляе ўгнаеньні і на азіяцкі рынак.
Вытворцу ўгнаеньняў вызначылі ўпершыню
У межах крымінальнай справы ва Ўкраіне таксама вывучаюць пастаўкі ўгнаеньняў з Узбэкістану, Азэрбайджану, Казахстану і Грузіі, якія пастаўляліся ня толькі праз Румынію ці Баўгарыю, але і праз Турэччыну.
Аднак ва ўсіх гэтых выпадках у часе правядзеньня дасьледаваньня атрыманых узораў украінская экспэртыза дагэтуль не магла ідэнтыфікаваць канкрэтнага вытворцу, а толькі пацьвярджала прыкметы вырабленых у Расеі або Беларусі ўгнаеньняў. Гэта можа сьведчыць пра тое, што беларускія ўгнаеньні ў часе фасаваньня іх у Расеі маглі зьмешваць з прадукцыяй расейскіх прадпрыемстваў.
Цяпер жа экспэртыза вызначыла, што вытворцам арыштаваных ва Ўкраіне карбамідных угнаеньняў, якія адпраўляла дубайская кампанія на адрас украінскай «Оскар Оптіма», зьяўляецца «Гродна Азот».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіну спрабавалі ўвезьці пад выглядам эўрапейскіх угнаеньні, запакаваныя ў Беларусі і нібыта зробленыя ў ТуркмэністанеШто вядома пра ўкраінскага атрымальніка беларускіх угнаеньняў
Кампанія «Оскар Оптіма», створаная ў 2019 годзе ў Харкаве з статутным капіталам усяго ў 10 тысяч грыўняў, гандлявала драўнінай, будаўнічымі матэрыяламі, санітарна-тэхнічным абсталяваньнем, а пазьней — тытунём і збожжам. У 2022 годзе яна цалкам спыніла дзейнасьць, хоць заставалася зарэгістраванай як юрыдычная асоба. Кантрольныя органы за непадачу дэклярацыі ў 2022 годзе анулявалі нават яе пасьведчаньне як платніка падаткаў. Новае выдалі толькі ў студзені 2023 году. Перад гэтым кампанія зьмяніла асноўны від сваёй дзейнасьці на гуртовы гандаль хімічнымі прадуктамі.
Згодна з адкрытымі зьвесткамі, у 2023 годзе колькасьць супрацоўнікаў прадпрыемства павялічылася з аднаго да пяці. Даход кампаніі за мінулы год склаў 89,3 мільёна грыўняў (больш за 2 мільёны даляраў у эквіваленце. — РС), а актывы — 99,4 мільёна грыўняў (амаль 2,5 мільёна даляраў).
«Оскар Оптіма» зарэгістраваная ў Харкаве, які цяпер знаходзіцца пад штодзённымі абстрэламі расейцаў. Кампанію ачольвае Валер Андрушчанка. Імаверна, ён зьяўляецца адным зь фігурантаў крымінальнай справы.
Свабода спрабавала датэлефанавацца ў кампанію па нумары тэлефону, заяўленым ў рэгістрацыйных дакумэнтах, але гучала паведамленьне аб нядзейнасьці гэтага нумара. Імя Андрушчанкі ня значыцца сярод уласьнікаў ці інвэстараў якіх-небудзь іншых юрыдычных асобаў і кампаній.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Галоўны заступнік беларускага калію — Партугалія». Рэдактар Свабоды Юзьвяк пра інсайды з Эўразьвязу і абыход санкцый ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нягледзячы на санкцыі, Беларусь застаецца сярод лідэраў у пастаўках угнаеньняў у Польшчу