Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіну спрабавалі ўвезьці пад выглядам эўрапейскіх угнаеньні, запакаваныя ў Беларусі і нібыта зробленыя ў Туркмэністане


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Украіна ня ўводзіла забароны на гандаль зь Беларусьсю, як у выпадку з Расеяй. Аднак паміж дзьвюма краінамі закрытыя межы і фізычна не працуюць пункты пропуску.

Украінскія мытнікі спынілі спробу бязмытнага ўвозу на тэрыторыю Ўкраіны партыі мінэральных (азотных) угнаеньняў у аб’ёме больш як 23 тоны, а суд іх канфіскаваў на карысьць дзяржавы.

Спробу ўвозу зафіксавалі сёлета 27 красавіка, але толькі цяпер суд ухваліў рашэньне аб спагнаньні штрафу зь перавозчыка і аб канфіскацыі прадукцыі на карысьць украінскай дзяржавы.

У судовым рашэньні адзначаецца, што пры аглядзе прадукцыі на мытні знайшлі маркаваньне, паводле якога вытворцам угнаеньняў зьяўляецца нібыта дзяржаўны канцэрн «Туркмэнхімія» (Ашгабад, Туркмэністан), а пакавалі іх на беларускім прадпрыемстве «Лесахімік». Пры гэтым у мытных дакумэнтах прадукцыя мела польскае паходжаньне, адпаведна, магла ўвозіцца ва Ўкраіну па бязмытнай схеме.

Пры ўвозе прадукцыі, якая паходзіць з Туркмэністану, ва Ўкраіне спаганяецца мыта ў памеры 6,5% ад яе агульнай вартасьці. Украінскія мытнікі ацанілі вартасьць угнаеньняў на ўзроўні 489 855 грыўняў, або 11781 эўра ў эквіваленце.

Пастаўка ўгнаеньняў ажыцьцяўлялася на падставе кантракту між польскай кампаніяй «XPS Group Sp.z o.o.» (прадавец) і ўкраінскім ТАА «Білий слон» (пакупнік).

Прадпрыемства «Лесахімік» знаходзіцца ў Барысаве Менскай вобласьці, уваходзіць у склад канцэрну «Беллеспаперапрам», вырабляе хімічную прадукцыю, але не займаецца вытворчасьцю мінэральных угнаеньняў.

Украіна ня ўводзіла забарону на гандаль зь Беларусьсю, як у выпадку з Расеяй. Аднак між дзьвюма краінамі закрытыя межы і фізычна не працуюць пункты пропуску. Як раней Свабодзе паведамлялі ўкраінскія юрысты, тавар зь Беларусі могуць завозіць на тэрыторыю Ўкраіны, напрыклад праз тэрыторыю Эўразьвязу або іншыя трэція краіны.

У той жа час Украіна ўвяла санкцыі супраць шэрагу беларускіх прадпрыемстваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG