Ва Ўкраіне забаранілі для рэалізацыі 604 кнігі, выдадзеныя беларускімі выдавецтвамі, у тым ліку рэлігійнымі.
Як паведамілі Свабодзе ў Дзяржаўным камітэце тэлевізіі і радыявяшчаньня Ўкраіны (Дзяржтэлерадыё), маніторынг продажу беларускіх кніг, таксама як і расейскіх, ва Ўкраіне пачалі праводзіць з красавіка 2024 году.
За гэты час Дзяржтэлерадыё выдала прадпісаньні шэрагу ўкраінскіх кніжных крам і інтэрнэт-пляцовак зьняць з рэалізацыі 604 кнігі (найбольш — 100 — у траўні), выдадзеныя ў Беларусі, і 3344 — у Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве патлумачылі, чаму ўпершыню за апошнія 8 гадоў на «Кніжным арсэнале» ня будзе беларускіх кнігСярод забароненых для продажу беларускіх кніг пераважна перакладная літаратура матывацыйнага і папулярнага характару (кнігі з парадамі наконт асабовага росту, посьпехаў у фінансах, прафэсіі і жыцьці), а таксама рэлігійныя выданьні.
У прыватнасьці, для продажу ва Ўкраіне забаранілі 16 кніг рэлігійнага характару, у тым ліку мінімум дзьве выдадзеныя ў выдавецтве Беларускага Экзархату — «Мученичество в раннем христианстве: очерки исторического восприятия» Віктара Фядосіка, Валянціны Яноўскай і Алега Яноўскага, а таксама «Исповедь. Митрополит Антоний (Храповицкий)».
Як патлумачылі ў Дзяржтэлерадыё, сярод забароненых для продажу кнігі, што выдаваліся пераважна па-расейску ў выдавецтвах «Мінск», «Палікрафт», «Махаон» і «Папуры» у 2008, 2021 і 2022 гадах. Сучасных беларускіх твораў сярод забароненых няма.
Украіна з 2014 году абмяжоўвае пастаўкі кніг расейскіх выдавецтваў, а пасьля расейскага ваеннага ўварваньня, якое падтрымала кіраўніцтва Беларусі, увялі забарону на распаўсюд выданьняў, зробленых у Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне набыў моц закон, які забараняе ўвоз і распаўсюд выдавецкай прадукцыі зь БеларусіДазволы на ўвоз і рэалізацыю ва Ўкраіне расейскіх кніг выдае Дзяржаўны камітэт тэлевізіі і радыёвяшчаньня Ўкраіны.
Перад пачаткам вайны Дзяржтэлерадыё забараніў увозіць і прадаваць на ўкраінскай тэрыторыі кнігу «Белорусский национализм против русского мира», напісаную беларускім палітолягам Кірылам Авяр’янавым-Мінскім і расейскім журналістам Уладзіславам Мальцавым.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне забаранілі кнігу беларускага палітоляга, які крытыкуе Лукашэнку за «беларускі нацыяналізм»