Ва Ўкраіне пасьля году перапынку падчас ваеннай агрэсіі Расеі адбудзецца найбольш папулярная кніжная выстаўка «Кніжны арсэнал», але ўпершыню на ёй ня будуць прадстаўленыя беларускія кнігі.
«Нашыя сталыя ўдзельнікі „Кніжных арсэналаў“ апошніх гадоў, якія прадстаўлялі стэнды беларускай кнігі, цяпер частка зь іх знаходзіцца пад арыштам у Беларусі, іх арыштавалі і іхны лёс пад вялікім пытаньнем. Частка іх змаглі эвакуавацца і цяпер знаходзяцца ў Эўропе. Мы ня мелі такой мэты — запрашаць людзей у такіх умовах да ўдзелу. Беларускай кнігі сёлета ня будзе», — сказала дырэктарка ХІ Міжнароднага фэстывалю «Кніжны арсэнал» Юлія Казлавец, адказваючы на пытаньне Свабоды.
Беларуская кніга прадстаўлялася на «Кніжным арсэнале» у Кіеве з 2008 году. Каля стэндаў зь беларускімі выданьнямі былі чэргі, меўся вялікі попыт з боку ўкраінскіх чытачоў.
Кніжная выстава не адбывалася ў 2020-м праз эпідэмію каранавірусу, а ў 2022-м — праз расейскае ваеннае ўварваньне.
У той жа час у апошнія два гады некалькі ўкраінскіх выдавецтваў выдалі беларускія кнігі ва ўкраінскім перакладзе. У 2021 годзе на знак салідарнасьці зь беларусамі і беларускімі пісьменьнікамі, якія трапілі пад перасьлед у Беларусі пасьля масавых акцый пратэсту, ва Ўкраіне выйшлі адразу дзьве кнігі.
У выдавецтве «Люта справа» — «„Бум-Бам-Літ“: анталёгія беларускае паэтычнае рэвалюцыі», а ў выдавецтве «ХХІ» — «Мы прачнёмся іншымі». Абодва выданьні адсылаюць да падзеяў, якія пачаліся ў Беларусі адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.
Сёлета ўкраінскі пераклад раману Зянона Пазьняка «Палын-палын...» трапіў у лік кандыдатаў на ўрадавую прэмію імя Максіма Рыльскага за 2022 год. Раман выйшаў ва ўкраінскім выдавецтве «Коло» у 2021 годзе, і ягоны пераклад перамог у літаратурным конкурсе «Крылаты Леў» у намінацыі «Профі-пераклад».
Са жніўня 2020 году зь Беларусі зьехалі за мяжу ня менш за 11 выдавецтваў і выдаўцоў, а шэраг пісьменьнікаў і іхных твораў трапілі ў пералік экстрэмісцкай літаратуры.