Сьцісла:
- Адразу пасьля сыходу Лукашэнкі можа ўзьнікнуць сытуацыя, пры якой грамадзтва атрымае магчымасьць уплываць на палітычныя працэсы.
- Ніхто ня ведае сапраўднай пазыцыі людзей, якія атачаюць Лукашэнку і могуць пасьля яго прыйсьці да ўлады.
- Сцэнар вайсковага захопу Беларусі Расеяй, поўнай анэксіі з прызначэньнем свайго генэрал-губэрнатара выглядае як ня самы верагодны.
- Любы кіраўнік пасьля Лукашэнкі, акрамя падтрымкі Масквы, будзе імкнуцца атрымаць і ўнутраную легітымнасьць.
Заява Зянона Пазьняка ў эфіры ўкраінскага 5-га канала пра тое, што любы пераемнік Аляксандра Лукашэнкі здасьць Расеі незалежнасьць Беларусі, выклікала ў асяродзьдзі незалежнай грамадзкасьці бурную дыскусію. Паколькі будучыня нікому не вядомая, абмяркаваньне ў пэўным сэнсе мае схалястычны характар. Тым ня менш развагі пра тое, як могуць разьвівацца падзеі ў сытуацыі, калі, паводле вобразнага выразу Пазьняка, Лукашэнка раптам «паляціць у космас», усё ж маюць сэнс.
У асноўным дыскусія тычыцца абмеркаваньня паводзінаў атачэньня Лукашэнкі. Народ апрыёры выносіцца за дужкі. Бо, маўляў, у цяперашнім стане, калі адбываюцца татальныя рэпрэсіі, грамадзва ня ў стане быць палітычным суб’ектам. Можа, і так. Але ж мы зыходзім зь цяперашняй сытуацыі. І ня ўлічваем, што сыход Лукашэнкі гэтую сытуацыю моцна памяняе.
Праблема пэрсаналісцкага рэжыму палягае ў тым, што ў ім усё завязана на адну асобу. У гэтым яго сіла, але ў гэтым і слабасьць у момант, калі ўладар раптам зьнікае. На працягу апошніх гадоў было некалькі выпадкаў, калі сыстэма ўпадала ў ступар, калі здаралася нейкая нечаканая падзея, а Лукашэнка чамусьці пэўны час на яе не рэагаваў (сьмерць Уладзімера Макея, атака на расейскі самалёт у Мачулішчах, праблемы са здароўем дыктатара 9 траўня 2023 году і інш.). Высокія чыноўнікі, дзяржаўныя мэдыя некалькі дзён маўчалі, ня ведаючы, як рэагаваць.
Можна ўявіць, у якім ступары апынецца ўлада, калі зьнікне Лукашэнка. Уявім: у момант, калі будзе афіцыйна абвешчана, што ён больш не займае сваёй пасады, нейкая ўмоўная Ніна Багінская выходзіць на плошчу ў Менску зь бел-чырвона-белым сьцягам. І можа так здарыцца, што яе ніхто чапаць ня будзе. Бо ўсе, у тым ліку сілавікі, апынуцца ў разгубленасьці: усё няпэўна, ніхто ня ведае, як рэагаваць, ніхто ня хоча рызыкаваць, браць на сябе адказнасьць. На наступны дзень на плошчу выходзяць ужо 10 сьмельчакоў з нацыянальнымі сьцягамі, і ўсё паўтараецца. Што можа адбыцца далей, не бяруся прагназаваць. Але тут магчымыя самыя розныя сцэнары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ляндскнэхты пуцінскай вайны. Пра тое, як грошы і страх здольныя зьмяніць непрывабнае аблічча агрэсіўнай палітыкіЦяпер што тычыцца атачэньня Лукашэнкі. Пазьняк кажа: «Калі ён раптам, скажам, паляціць у космас, то замена будзе яшчэ горшай. Таму што ўся тая публіка, якая ёсьць, яна ня здольная захоўваць незалежнасьць Беларусі. І не разумее, навошта [захоўваць]. Яны здадуць краіну ў вельмі кароткі тэрмін».
Справа ў тым, што ніхто ня ведае сапраўднай пазыцыі тых людзей, якія атачаюць Лукашэнку і могуць пасьля яго прыйсьці да ўлады. Публічна яны не выказваюць ніякіх самастойных поглядаў, ідэй, якія б не супадалі з тымі, якія абвяшчае іх правадыр.
Да таго ж варта зазначыць, што цяпер на высокія пасады прыходзяць больш маладыя кадры, у якіх няма настальгіі па СССР, іх сацыялізацыя адбывалася ў незалежнай Беларусі (напрыклад, кіраўніку Адміністрацыі Лукашэнкі Дзьмітрыю Крутому 43 гады).
Але тут найважнейшым чыньнікам выступае Расея. Пазьняк кажа: «Калі зьявіцца нейкі тыпаж, які, дапусцім, неяк будзе старацца яшчэ захаваць незалежнасць, то яго хуценька скруціць Расея, зойдзе сюды сваімі войскамі, прызначыць свайго генэрал-губэрнатара, і ўсё».
Сяргей Навумчык, які падтрымлівае пазыцыю Пазьняка, піша ў фэйсбуку: «Драматызм цяперашняй сытуацыі ў тым, што сёньня ў Беларусі немагчымыя ніякія дэмакратычныя перамены, пакуль у Расеі існуе рэжым Пуціна».
Наўрад ці можна сумнявацца, што Масква будзе імкнуцца кантраляваць тразыт улады ў Беларусі. І тут нічога выключаць нельга. Аднак, калі зыходзіць з фатальнай залежнасьці лёсу беларускага грамадзтва ад волі Расеі, то гэта паралізуе дзейнасьць дэмакратычнай супольнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новыя пагрозы Пуціна. Вайсковыя экспэрты пра зьмены ў ядзернай дактрыне РасеіУвогуле, у гісторыі, у палітычным жыцьці не бывае фатальнай наканаванасьці, заўсёды ёсьць варыянты, і яны залежаць ад волі людзей.
Усё ж самы брутальны варыянт — вайсковага захопу Беларусі Расеяй, поўнай анэксіі з прызначэньнем свайго генэрал-губэрнатара — выглядае як ня самы верагодны. Беларусь — незалежная краіна, у гэтым статусе яна прызнаная міжнароднай супольнасьцю. Яе сілавы захоп і далучэньне да РФ выкліча міжнародны крызыс. Няхай і не такі, як у сытуацыі з Украінай, але тым ня менш. Напрыклад, гэта моцна не спадабаецца Кітаю. Масква ня можа ўсяго гэтага ня ўлічваць.
На сёньняшні дзень Расея згодная з існаваньнем незалежнай Беларусі. На тое ёсьць цэлы шэраг прычын. Вось жа чамусьці РФ не далучае Абхазію, Паўднёвую Асэтыю. Дарэчы, якраз цяпер здарыўся канфлікт паміж Расеяй і Абхазіяй. Апошняя значна больш залежная ад РФ, чым Беларусь, яна жыве амаль цалкам за кошт расейскага бюджэту. Тым ня менш, праявіла самастойнасьць, адважылася пярэчыць Маскве.
Наступны момант. У залежных ад вялікай дзяржавы невялікіх краінах фармаваньне ўлады адбываецца паводле сваіх правілаў і заканамернасьцяў. У іх дзеля захаваньня палітычнай стабільнасьці кіраўніцтва мае патрэбу ў падвойнай легітымнасьці. Адна зь іх забясьпечваецца падтрымкай імпэрыі (у нашым выпадку Расеі); другая легітымнасьць павінна забясьпечвацца ў той ці іншай ступені падтрымкай народу і эліты гэтай залежнай краіны. У часы СССР любы кіраўнік сацыялістычнай дзяржавы, акрамя «ярлыка» ад Масквы, імкнуўся заваяваць папулярнасьць у свайго народу і кіроўнай намэнклятуры. Эдвард Герэк у сацыялістычнай Польшчы набраў крэдытаў на Захадзе, каб падвысіць узровень жыцьця палякаў. Янаш Кадар у Вугоршчыне правёў эканамічныя рэформы, што зьліквідавала дыфіцыт харчаваньня («гуляшны сацыялізм»), меў рэальную папулярнасьць сярод насельніцтва. Нават у Румыніі Нікалае Чаўшэску быў спачатку папулярны, бо распальваў румынскі нацыяналізм.
Калі вяртацца да Беларусі, то любы кіраўнік пасьля Лукашэнкі, акрамя падтрымкі Масквы, будзе імкнуцца атрымаць і ўнутраную легітымнасьць.
Вось Сяргей Навумчык піша: «Для цалкам прызначанага Масквой новага кіраўніка настроі народу ня будуць мець значэньня, для яго самым важным будзе жаданьне таго, хто яго прызначыў. Ва ўсякім разе, у першы час».
Насамрэч, зусім наадварот. Гэта Лукашэнка ў 2020 годзе мог дазволіць сабе ігнараваць волю большасьці народу. Бо за чвэрць стагодзьдзя збудаваў сыстэму ўлады пад сябе, стварыў паслухмяны дзяржаўны апарат, сфармаваў ляяльную эліту, на якую змог абаперціся ў крытычны момант.
Усё гэта пераемніку давядзецца ствараць з нуля. Нават Лукашэнку на пачатку прэзыдэнцтва спатрэбілася два гады (1994–1996) упартага змаганьня зь Вярхоўным Саветам і Канстытуцыйным судом, каб атрымаць поўную ўладу. Пераемніку таксама патрэбен будзе час для ўмацаваньня на сваёй пасадзе. І без падтрымкі намэнклятуры і народу гэта наўрад ці ўдасца зрабіць. Абапірацца толькі на Маскву — хісткая пазыцыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея разглядае траты на Беларусь як выдаткі на вайну, — расейскі эканаміст ІназемцаўА атрымаць унутраную легітымнасьць будзе магчыма толькі шляхам дэлукашызацыі. Бо краіна атручаная лукашэнкаўскім аўтарытарызмам, адбылося перанасычэньне ім, ківач грамадзкіх настрояў моцна нахілены ў гэты бок. І, паводле законаў фізыкі, павінен адбыцца ягоны рух у процілеглым кірунку. Беларусь сасьпела для пераменаў, якім перашкаджае адзін чалавек.
Тут можна правесьці паралелі з падзеямі ў СССР пасьля сьмерці Сталіна. Усё сталінскае атачэньне інстынктыўна адчувала, што атрымаць легітымнасьць, падтрымку грамадзтва, партыйнага і дзяржаўнага апарату магчыма толькі на шляху дэсталінізацыі. Таму тагачасныя кіраўнікі (Лаўрэнцій Бэрыя, Георгій Малянкоў, Мікіта Хрушчоў) і рабілі ўсё больш рашучыя крокі ў гэтым кірунку.
Такім чынам, як ні глядзі, сыход Лукашэнкі будзе толькі на карысьць Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Будучыня Беларусі і будучыня Расеі — параўнаньне апытаньняў экспэртаў