29 жніўня Радыё Свабода апублікавала вынікі экспэртнага апытыньня наконт палітычнай будучыні Беларусі «Хто ўзначаліць Беларусь пасьля Лукашэнкі? Вялікае апытаньне Свабоды».
Ідэя правядзеньня апытаньня была навеяная экспэртным апытаньнем «Системы» — дасьледнага праекту «Настоящего времени» і расейскай службы Радыё Свабода. Расейскія калегі высьвятлялі, які, на думку экспэртаў, найбольш імаверны сцэнар зьмены ўлады ў РФ і хто прыйшоў бы на зьмену Ўладзіміру Пуціну ў выпадку яго раптоўнага сыходу.
У нашым дасьледаваньні задаваліся падобныя пытаньні адносна будучыні Беларусі. Пытаньні «Системы» былі крыху мадыфікаваныя, але вынікі дапускаюць супастаўленьне.
Сьцісла:
- У Беларусі і Расеі экспэрты лічаць самым імаверным шляхам зьмены ўлады — сьмерць кіраўніка. У беларускім апытаньні на другім месцы паводле частаты ўзгадак — рэформа палітычнай сыстэмы, ініцыяваная Лукашэнкам, у расейскім — палацавы пераварот.
- У беларускім апытаньні лідэр сьпісу «прызначаных спадкаемцаў» — сын Аляксандра Лукашэнкі Віктар, у расейскім — прэм’ер Міхаіл Мішусьцін.
- У беларускім апытаньні сьпіс тых, хто на думку экспэртаў мог бы ўзначаліць краіну ў выпадку сыходу Лукашэнкі без прызначэньня пераемніка — Натальля Качанава і Раман Галоўчанка. У расейскім апытаньні самыя папулярныя адказы на аналягічнае пытаньне адносна сыходу Пуціна — Мішусьцін і маскоўскі мэр Сяргей Сабянін.
Прапануем вашай увазе гэтае супастаўленьне.
Сцэнары зьмены ўлады
У апытаньні расейскіх калегаў экспэрты маглі выбраць некалькі варыянтаў адказаў. Мы ў апытаньні прапанавалі выбраць толькі адзін адказ. Абодва падыходы маюць свае хібы і перавагі. Падыход «Системы» дазваляе ўлічыць у агульным заліку нават тыя варыянты, якія самі экспэрты лічаць ня вельмі імавернымі. Мы палічылі, што выбар толькі аднаго, самага імавернага варыянту — больш адказны, у гэтым выпадку адрозьненьне паміж больш і менш імавернымі сцэнарамі робіцца больш выразным.
Вынікі, з улікам адрозьненьняў у падыходах, атрымаліся падобныя ў перавазе варыянту пераменаў у выніку сьмерці дзейнага кіраўніка (у Беларусі — Лукашэнкі, у Расеі — Пуціна). Экспэрты ў расейскім апытаньні адзначылі гэты варыянт практычна пагалоўна (95%), у беларускім — толькі крыху больш за палову.
Яшчэ адно падабенства — невялікая колькасьць галасоў, якія мяркуюць, што зьмены могуць адбыцца рэвалюцыйным шляхам, 12% экспэртаў лічаць гэта імаверным у Расеі, і ніводнага — у Беларусі.
У беларускім і расейскім апытаньнях прыкладна аднолькавая колькасьць назвала найбольш рэалістычным сцэнаром рэформу, ініцыяваную ўладаром — 23% і 19% адпаведна.
Але ў беларускім апытаньні гэты варыянт адказу — на другім месцы, у расейскім — на чацьвёртым. Пры гэтым у расейскім апытаньні варыянт палацавага перавароту — другі паводле папулярнасьці сярод экспэртаў, яго пазначылі больш за палову апытаных — 55%, у беларускім — усяго 7%.
З гэтага не вынікае, што пераварот у Крамлі абавязкова здарыцца. Але такі сцэнар у Расеі лічаць магчымым амаль у 8 разоў больш экспэртаў, чым у Беларусі.
Пасьля ўладара (калі выбірае ён)
Экспэртам ў абодвух — беларускім і расейскім — апытаньнях прапаноўваліся два пытаньні пра гіпатэтычную сытуацыю раптоўнага адыходу ад улады адпаведна Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна — хто тады ўзначаліць краіну? Прапаноўвалася два сцэнары — калі кіраўнік перад сыходам прызначае пераемніка і калі ён раптоўна сыходзіць, ня маючы магчымасьць прызначыць спадкаемцу.
Па гэтым пытаньні, як і па папярэднім, экспэртам у апытаньні па Расеі дазвалялася назваць некалькі прозьвішчаў. У выніку былі названыя 27 асобаў (у беларускім — 9).
На чале сьпісу апынуўся прэм’ер Міхаіл Мішусьцін (45%), але амаль столькі ж набраў былы ахоўнік і памочнік Пуціна, цяпер — сакратар Дзяржсавету РФ Аляксей Дзюмін (43%).
Усяго больш за 7% галасоў кожны набралі ў якасьці «прызначаных спадкаемцаў» 8 расейскіх чыноўнікаў. І іх месцы ў гэтым сьпісе не заўсёды адпавядалі іх месцам у расейскай «табели о рангах». Пасада Дзюміна — фармальна ня вельмі высокая, але ў ацэнках экспэртаў ён фактычна падзяліў першае месца з прэм’ерам.
У Беларусі ж сьпіс кандыдатаў у «прызначаныя спадкаемцы» значна карацейшы (магчыма, у тым ліку і з прычыны крыху іншай мэтодыкі апытаньня). Ён карацей расейскага ўдвая (4 супраць 8) і ў ім няма пэрсанажаў, кшталту Дзюміна ці памочнікаў прэзыдэнта РФ Мікалая Патрушава і Максіма Арэшкіна, чыя палітычная вага значна больш высокая, чым іх ранг у афіцыйнай бюракратычнай гіерархіі.
У расейскай «абойме» патэнцыйных «прызначаных спадкаемцаў» — некалькі сілавікоў: міністар абароны Андрэй Белавусаў, генэрал-палкоўнік Дзюмін, генэрал арміі Мікалай Патрушаў, дырэктар ФСБ Аляксандар Бортнікаў. Пры гэтым толькі два экспэрты палічылі магчымай «прызначанай пераемніцай» Пуціна яго дачку Кацярыну Ціханаву, і адзін — другую яго дачку Марыю Варанцову.
У беларускім сьпісе наверсе — сын (і тут зразумелая меркаваная матывацыя Аляксандра Лукашэнкі) і найвышэйшая намэнклятура. Сярод іх сілавіком можа лічыцца Віктар Лукашэнка (мае званьне генэрал-маёра), але цяпер ніякай афіцыйнай пасады, зьвязанай зь сілавымі структурамі, ён не займае. А Раман Галоўчанка да прэм’ерства быў кіраўніком Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту.
Пасьля ўладара (калі выбірае ня ён)
У расейскім сьпісе асобаў, якія могуць устаць на чале Расеі пасьля сыходу Пуціна без абвяшчэньня пераемніка, — 22 чалавекі. У Беларусі тых, хто на думку экспэртаў мог бы ўзначаліць Беларусь у выпадку сыходу Алясандра Лукашэнкі без прызначэньня спадкаемцы — 11 асобаў.
У расейскім апытаньні абсалютны лідэр — прэм’ер Мішусьцін. Ён паводле Канстытуцыі РФ — часовы выканаўца абавязкаў прэзыдэнта ў выпадку недзеяздольнасьці ці сьмерці дзейнага.
Другі патэнцыйны пераемнік «па факце» у Расеі — маскоўскі мэр Сяргей Сабянін, Аляксей Дзюмін ў параўнаньні з рэйтынгам «прызначанага спадкаемцы» перасунуўся з другога месца на чацьвёртае, прапусьціўшы на трэцяе месца памочніка прэзыдэнта РФ, былога сакратара Рады бясьпекі і былога дырэктара ФСБ Мікалая Патрушава. Сьпіс лідэраў у расейскім апытаньні ў адказах на гэтае пытаньне шырэй, чым у адпаведным беларускім, але таксама два выразныя фаварыты, прычым больш выразныя, чым у беларускім сьпісе.
У беларускім сьпісе фігуруе некалькі сілавікоў: Аляксандар Вальфовіч — дзяржсакратар Рады бясьпекі, Алег Белаконеў — былы начальнік Генштабу, Іван Тэртэль — старшыня КДБ, Іван Кубракоў — міністар унутраных справаў. Аднак іх усіх у якасьці магчымых пераемнікаў Лукашэнкі назвалі няшмат экспэртаў.
Як у Беларусі, гэтак і ў Расеі няшмат экспэртаў назвалі апазыцыянэраў у якасьці тых, хто можа прыйсьці на зьмену дзейнаму кіраўніку: у беларускім апытаньні — адна згадка Паўла Латушкі і адна — камандзіра палку Каліноўскага, у расейскім — адна згадка Міхаіла Хадаркоўскага.
Форум