Ва Ўкраіне заявілі, што яшчэ адзін расейскі бесьпілётнік заляцеў у Беларусь

Наступствы расейскага ўдару па Салтаўскім раёне Харкава 24 верасьня 2024. Ілюстрацыйнае фота

У выніку расейскіх абстрэлаў у ноч на 30 верасьня ва Ўкраіне загінулі чатыры асобы і яшчэ 21 чалавек паранены.

У апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамілі, што ў ноч на 30 верасьня Расея атакавала ўкраінскія гарады трыма ракетамі і 73 баявымі дронамі, адзін зь якіх паляцеў на тэрыторыю Беларусі.

«У выніку супрацьпаветранага бою зьбілі адну кіраваную авіяцыйную ракету Х-59/69 і 67 варожых ударных БПЛА тыпу Shahed у Кіеўскай, Чаркаскай, Віньніцкай, Кіраваградзкай, Жытомірскай, Палтаўскай, Чарнігаўскай, Сумскай, Харкаўскай, Днепрапятроўскай і Мікалаеўскай абласьцях. Адзін бесьпілётнік паляцеў у кірунку Беларусі, яшчэ тры лякацыйна згубіліся ў паўночных рэгіёнах Украіны ў выніку супрацьдзеяньня РЭБ (сродкамі радыёэлектроннай барацьбы)», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

Як паведамілі ўлады ўкраінскіх абласьцей, у выніку расейскіх абстрэлаў загінулі чатыры асобы і яшчэ 21 чалавек паранены.

Расейская армія рэгулярна з розных відаў узбраеньня абстрэльвае ўкраінскія рэгіёны. Кіраўніцтва Расеі пераконвае, што не наносіць мэтанакіраваных удараў па цывільнай інфраструктуры і мірных жыхарах.

Украінская ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расеі і заяўляюць, што Расея мэтанакіравана зьнішчае аб’екты крытычнай інфраструктыры і мірных жыхароў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея атакавала 14 абласьцей Украіны, ёсьць загінулыя і параненыя. Каля 4 дронаў заляцела ў Беларусь


У ноч на 26 верасьня, паводле зьвестак Telegram-каналу «Беларускі Гаюн», у Беларусь заляцела ня менш за 4 расейскія дроны.

5 верасьня Мінабароны Беларусі заявіла пра зьбіцьцё дронаў, у Гомлі прагучалі выбухі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі пра неабходнасьць зьбіцьця расейскіх бесьпілётнікаў краінамі-суседзямі: «Толькі Беларусь адзначылася»


З жніўня расейскія бесьпілётнікі ўсё часьцей перамяшчаюцца з тэрыторыі Ўкраіны ў Беларусь.

10 жніўня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што 9 жніўня сілы ВПС і войскаў СПА Беларусі былі прыведзеныя ў павышаную баявую гатоўнасьць у сувязі з парушэньнем паветранай прасторы Беларусі ў межах Касьцюковіцкага раёну. Ён тады заявіў, што гэта былі ўкраінскія бесьпілётнікі.

Пасьля гэтага міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што Лукашэнка даў загад узмацніць групоўкі войскаў на Гомельскім і Мазырскім тактычных кірунках. Паводле Хрэніна, «вайсковыя часткі сілаў спэцапэрацыяў, сухаземных войскаў, ракетных войскаў, у тым ліку рэактыўныя сыстэмы „Палянэз“ і комплексы „Іскандэр“, атрымалі задачы на зьдзяйсьненьне маршаў у прызначаныя раёны. Таксама ажыцьцявілі нарошчваньне сілаў і сродкаў зэнітна-ракетных войскаў, радыётэхнічных войскаў і авіяцыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларускі Гаюн»: У Беларусі ўпершыню прымянілі авіяцыю для зьбіцьця «Шахеда»