Сьцісла:
- З Лукашэнкам цяжка дамовіцца: ён ненадзейны партнэр.
- У палітычным сэнсе памілаваньне палітвязьняў у такім мінімальным маштабе практычна нічога ня значыць.
- Спроба «перагарнуць старонку», адкрыць новы разьдзел стасункаў з народам будзе ўзмацняцца, таму што ўлада пачынае выбарчую кампанію.
- Калі Лукашэнка вызваліць Анджэя Пачобута, Варшава адрэагуе адкрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках.
- Лукашэнка ўжо ня здольны пачаць гульню ў балянсаваньне: ён ужо ня той палітычны гулец, якім быў раней. Цяпер ён проста трымаецца за ўладу.
— Мы з вамі размаўляем на другім Беларуска-польскім экспэртным форуме імя Рамана Скірмунта, які адбываецца ў Варшаве 26 верасьня. Наколькі супадаюць погляды ў беларускай і польскай экспэртнай супольнасьці? Ці ёсьць кансэнсус у ацэнках палітыкі афіцыйнай Варшавы, у ацэнках таго, якую стратэгію варта праводзіць да беларускага рэжыму? Ці існуе згода і ўвогуле, ці абавязкова такая згода мусіць быць?
— Згода заўсёды важная, толькі яна павінна быць натуральнай, не пад прымусам. Спэцыялісты ў галіне прымусу працуюць у Маскве ці ў Менску.
Мы ж вядзём дыялёг. А дыялёг прадугледжвае, што ідзём разам добраахвотна і знаходзім нешта агульнае. Дакладна тое, што я заўважыў з самага пачатку нашай канфэрэнцыі, гэта еднасьць у пытаньні стаўленьня да менскага рэжыму. Беларускія і польскія ўдзельнікі аднолькава супраць таго, што Лукашэнка і ягоныя памагатыя робяць у Беларусі, як яны ставяцца да грамадзтва.
І адсюль вынікае выснова, што з Лукашэнкам нельга дамовіцца, ён ненадзейны партнэр (калі ўвогуле можна ўжываць да яго такое слова)
Мы скептычна глядзім на пэрспэктывы і магчымасьці дыялёгу зь менскім рэжымам. Бачым, што Лукашэнка страціў дамоваздольнасьць. Ён ужо сам ня ведае, ці яму лепш заставацца ў гэтым акопе з Пуціным, ці спрабаваць выходзіць адтуль. Там бясьпечна, і ён ведае, што, застаючыся, мае больш шанцаў захаваць сваю ўладу.
— Апошнія месяцы Лукашэнка пачаў робіць нейкія крокі: вызваляе трошкі палітвязьняў, гаворыць нейкія прымірэнчыя словы ў адрас Польшчы, памяншае міграцыйны ціск. Вы кажаце, што зь ім нельга весьці справу. Але калі афіцыйны Менск будзе рабіць нейкія рухі насустрач афіцыйнай Варшаве, хіба можа Варшава ніяк на гэта не рэагаваць?
— Па-першае, гэтыя рухі павінны мець месца. Пакуль я іх ня бачу. Толькі словы. Зразумела, мы заўсёды радыя кожнаму памілаваньню, кожнаму скарачэньню тэрміну любога палітвязьня. Мы ўвогуле прынцыпова супраць наяўнасьці палітвязьняў.
Па-другое, мы мусім глядзець таксама з палітычнага гледзішча. У палітычным сэнсе гэтыя памілаваньні ў такім мінімальным маштабе, з такімі наратывамі з боку рэжыму практычна нічога ня значаць. Я таксама пра гэта казаў на канфэрэнцыі.
Відавочна, Лукашэнка хацеў паказаць так званую «міласэрнасьць», што ён гатовы да дыялёгу, гатовы «перагарнуць старонку», як яны кажуць. І вось гэтая спроба «перагарнуць старонку», адкрыць новы разьдзел стасункаў з народам будзе ўзмацняцца, таму што ўлада пачынае выбарчую кампанію. Для мяне відавочна, што выбары будуць, хутчэй за ўсё, зімой, а ня позьняй вясной ці летам, бо, сярод іншага, у Лукашэнкі вялікая, глыбокая траўма ад лета 2020 году.
А пакуль канкрэтных крокаў няма. Вядома, калі Лукашэнка вызваліць Анджэя Пачобута, гэта будзе ўжо важны сыгнал, на які Варшава адрэагуе, як я разумею, адкрыцьцём памежнага пераходу Баброўнікі. Гэта будзе цалкам лягічна, таму што ў адказ на несправядлівы, незаслужаны прысуд Пачобуту Польшча гэты памежны пераход закрыла. Так што будзе справядліва і шчыра аднавіць яго дзейнасьць, тым больш што гэта дапаможа людзям у Беларусі перамяшчацца.
— Вы тлумачыце апошнія «прымірэнчыя» дзеяньні Лукашэнкі, якія я пералічыў, набліжэньнем прэзыдэнцкіх выбараў. Але хіба няма тут жаданьня Лукашэнкі балянсаваць з прычыны занадта вялікага ціску Масквы? Захад, зацікаўлены ў тым, каб адарваць Беларусь ад Расеі, усё ж такі павінен будзе рэагаваць на гэтыя крокі Лукашэнкі, у тым ліку і з геапалітычных прычын.
— Я думаю, што Лукашэнка ўжо ня здольны пачаць такую гульню. Ён ужо ня гнуткі чалавек. Пэўная палітычная гнуткасьць, калі ўвогуле можна так гаварыць, была хіба што да 2020 году. Цяпер ён ужо не такі палітычны гулец, гэта страчаны чалавек, які проста трымаецца за ўладу. Ён зрабіў стаўку на Расею, падумаўшы, што выбару ў яго ўжо няма, і спрабуе проста выжыць у тых умовах, якія сам сабе стварыў.
Шукае штучныя альтэрнатывы па-за Эўропай, спрабуе ўзьняць адносіны з Кітаем, з Афрыкай і Паўднёвай Амерыкай. Гэта наагул бутафорскія рэчы, толькі паказуха. Паказуха ў дзеяньнях Лукашэнкі вельмі часта мела месца і да 2020 году, але яе стала больш пасьля 2020-га. Бо канкрэтыкі ў яго меней, меней аргумэнтаў і козыраў.
— На канфэрэнцыі шмат абмяркоўваліся і тыя практычныя пытаньні, якія ўзнікаюць пасьля пачатку вайны ў беларусаў, што жывуць у Польшчы. Праблемы з дакумэнтамі, візамі, рахункамі — усяго гэтага не было ў такой ступені да 2022 году. Часам здаецца, што польскія ўлады прыраўноўваюць беларусаў да расейцаў. Гэта стратэгічны паварот у палітыцы Варшавы да беларусаў у Польшчы ці часовыя эксцэсы, якія будуць выпраўляцца?
— Трэба ўлічваць нацыянальныя інтарэсы ў сфэры бясьпекі, якія ёсьць у кожнай дзяржавы. Мы пад гібрыдным ціскам, фактычна ва ўмовах гібрыднай вайны, якую вядуць супраць Польшчы менскі рэжым і Расея.
Але нельга паддавацца паніцы і паўсюль шукаць расейскіх шпіёнаў. Каб пазьбегнуць усялякай ксэнафобіі, пра якую гаварылася тут таксама на канфэрэнцыі. Я выключаю ксэнафобію і пакуль ня бачу яе, тым больш у дачыненьні да беларусаў. Я заўсёды выступаў супраць такіх паводзін. Думаю, каб пазьбегнуць усялякай дыскрымінацыі, трэба падыходзіць да праблемы гнутка, разглядаць розныя выпадкі ў індывідуальным парадку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рэжым Лукашэнкі чакае ад дэмакратычных сілаў не саступак, а капітуляцыі», — Аляксандар Фрыдман ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачаў пра дружбу, скончыў пра варажнечу. Пра што сьведчыць сустрэча Лукашэнкі з прадстаўнікамі нацыянальных мяньшыняў