Аляксей Кірэеў расказаў Свабодзе, што ў калёніі спалілі большасьць беларускіх кніг, а таксама вядомыя раманы Джорджа Оруэла «Фэрма» і «1984».
Таксама вязень расказаў пра Аляксандра Фядуту, іншых вядомых вязьняў і новыя парадкі ў калёніі, скіраваныя на тое, каб дадаткова прынізіць і абмежаваць у правах палітычных зьняволеных.
У качагарцы пацьвердзілі: «Максім Гарэцкі, сучасныя беларускія аўтары і Оруэл пайшлі ў топку»
Аляксей Кірэеў правеў у 15-й калёніі паўтара года. Была палівязень кажа, што ў пачатку свайго тэрміну браў у турэмнай бібліятэцы і чытаў беларускія кнігі, а сёлета ў сакавіку большасьць зь іх зьнікла. Паводле Кірэева, на паліцах ён яшчэ бачыў Янку Купалу, Якуба Коласа, Пімена Панчанку, Рыгора Барадуліна, але твораў сучасных беларускіх аўтараў ужо няма. Разам з шмат якімі беларускімі кнігамі зьніклі і кнігі Джорджа Оруэла. Што зь імі сталася, палітвязень высьветліў з дапамогай знаёмых у качагарцы.
«Усе ведалі, дзе стаяць беларускія кнігі — на палічках проста каля бібліятэкара. Памятаю, там быў збор твораў Максіма Гарэцкага, яшчэ было шмат кніг маладых аўтараў. Ужо нічога няма. І кніг па гісторыі, асабліва тых, што выдадзеныя ў пачатку 90-х гадоў, нічога няма. Гэта здарылася недзе ў сакавіку. Потым хлопцы з качагаркі расказалі, што да іх прывезьлі дзьве тачкі кніг і ўсё загадалі спаліць. Там былі і кнігі Оруэла — „Фэрма“, „1984“. Прычым не па адным экзэмпляры, а па некалькі. Усё пайшло ў топку. Пры мне беларуская паліца ў бібліятэцы была амаль пустая», — расказаў Аляксей Кірэеў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «З мэтай ідэалягічнай працы». Прадпрымальнікам прапануюць купіць прапагандысцкую кнігу за 125 рублёўФядута схуднеў на 30 кіляграмаў, працуе на прыбіраньні тэрыторыі
У папраўчай калёніі № 15 пад Магілёвам трымаюць Аляксандра Фядуту, вядомага літаратуразнаўцу, палітоляга, асуджанага на 10 гадоў нібыта за «змову з мэтай захопу ўлады».
Паводле Аляксея Кірэева, зьняволеным забаронена кантактаваць з Аляксандрам Фядутам, таму большасьць часу ён «сядзіць у курылцы адзін». «Там усе ведаюць: хто зь ім загаворыць, таго адправяць у ШЫЗА», — гаворыць Аляксей Кірэеў. Аднак Кірэеву ўсё ж удавалася «перакінуцца некалькімі словамі» зь Фядутам, бо абодва апынуліся ў падобных умовах праз стан здароўя.
«На Вялікдзень, калі я сядзеў у ШЫЗА, у мяне здарыўся інсульт, зьнік зрок на адным воку — адарваўся сасудзік. Таму мяне на „промку“ ужо ня бралі, сядзеў у атрадзе. І Аляксандар Фядута, як у яго пагаршаўся стан здароўя, таксама заставаўся ў атрадзе. Вось тады і ўдавалася крыху пагаварыць, хоць і хаваючыся. Пра сябе ён казаў коратка: „Цяжка, але трымаюся, змагаюся“.
Аляксей сьцьвярджае, што цяжкі стан здароўя Фядуты відаць і па ім.
„Ведаю, што ў яго ціск, сэрца. Раней назіраў, як раніцай, калі ўсе выйшлі на працу, яму раптам станавілася блага, хапаўся за агароджу, каб ня ўпасьці. Потым яго вялі ў мэдчастку, на тры дні давалі вызваленьне ад працы, на „промцы“ яго не было. Але ў іншыя дні ён мусіць працаваць — падмятае ў цэху пасьля таго, як работы закончацца. Відаць, што стамляецца, яму цяжка. Сам казаў, што схуднеў на 30 кіляграмаў. Дык гэта відаць — скура на ім вісіць».
Былы палітвязень Аляксей Кірэеў расказаў пра ўмовы, у якіх знаходзіцца Аляксандр Фядута.
«Тое ж, што ва ўсіх. Ведаю, што атрымлівае перадачы, ёсьць званкі, кароткія спатканьні. Сёлета ляжаў у шпіталі ў Калядзічах. Часта выклікаюць на размовы. Але вонкава — трымаецца», — падсумаваў свой расповед пра Аляксандра Фядуту былы палітвязень Кірэеў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Стэфановіча перавялі ў ПКТ на паўгода, Фядута вярнуўся са шпіталя«Прашэньні напісаў шмат хто з палітычных»
Паводле Аляксея Кірэева, сёлета ўсім палітвязьням калёніі прапаноўвалі напісаць прашэньні аб памілаваньні і шмат хто з тых, каго ён ведаў, гэта зрабілі.
«Хлопцаў прыводзілі да пракурора, і там яны пісалі заявы. Гэта была прапанова, нікога не прымушалі. Мне заставалася да вызваленьня колькі тыдняў, дык я адмовіўся, а калі б быў яшчэ год, таксама б падпісаў. Чаго там сядзець? Ня варта. Але ёсьць тыя, хто прынцыпова адмаўляецца. Ведаю такога, але прозьвішча называць ня буду. Некаторым з палітычных не прапаноўвалі, як двум анархістам зь Берасьця. Нядаўна ў нас сядзеў прафсаюзны актывіст Васіль Берасьнеў, дык ён спачатку адмаўляўся падпісваць прашэньне, казаў, што ні ў чым не вінаваты, але хлопцы яго ўгаварылі. Цяпер ён на волі. А астатнія чакаюць, мо будзе вынік. Мяркую, пакрысе іх будуць вызваляць. Тых, каму мала сядзець застанецца. Гэта такі канвэер: адны выходзяць, іншыя заходзяць. Увесь час зьяўляліся новыя „жоўтабірачнікі“», — успамінае Аляксей Кірэеў пра палітвязьняў.
Навошта «зламалі» чаргу ў атаварку
Аляксей Кірэеў расказаў пра харчаваньне вязьняў 15-й калёніі. Паводле ўспамінаў Кірэева, мінулым летам у калёніі сытуацыя ў лепшы бок не зьмянілася. «Усё тыя ж кашы. А гародніны нават улетку як не давалі, так і не даюць. Людзі ратуюцца толькі тым, што нейкія вітаміны купляюць у турэмнай краме», — зазначыў былы асуджаны.
Пры гэтым, паводле Аляксея Кірэева, адміністрацыя калёніі зьмяніла парадак наведваньня крамы, што адбілася на магчымасьцях падсілкавацца для палітвязьняў.
«З пачатку году ўвялі новы парадак: палітычных цяпер пускаюць у краму асобнай групай. Спачатку заходзяць непалітычныя, потым вязьні зь нізкім статусам, і толькі пасьля іх палітычныя. І ніхто ня ведае, чаму гэтак. Можа празь нейкі канфлікт ці быў загад зьверху, незразумела. Але яўна гэта прыніжэньне палітычных і дадатковыя абмежаваньні. Бо калі ў апошнюю чаргу заходзіш у краму, там ужо мала чаго засталося. Памідораў, агуркоў ці яблыкаў на ўсіх не хапае, гэта дакладна», — расказаў Аляксей Кірэеў.
Былы вязень кажа, што новы парадак наведваньня крамы выклікаў сярод палітвязьняў пратэст.
«Спачатку ўсе палітвязьні адмаўляліся ўвогуле ісьці ў краму. Трымаліся гэтак больш за месяц. Хлопцаў выклікалі на размовы, некаторых нават каралі ШЫЗА. Але паслабленьня не дамагліся і паступова прызвычаіліся. Як я выйшаў з ШЫЗА, дык ужо хадзілі ў краму па новай чарзе», — дзеліцца Аляксей Кірэеў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьня Ігара Аліневіча, які галадаваў два тыдні, зноў кінулі ў ШЫЗАНепалітычным у ШЫЗА пачалі выдаваць матрацы
За час у калёніі Аляксей Кірэеў правеў у ШЫЗА 97 дзён. Першы тэрмін адбыў яшчэ да карантыну. З апошняга выйшаў толькі таму, што перажыў інсульт, страціўшы зрок на адно вока. Паводле Аляксея Кірэева, у ШЫЗА калёніі № 15 таксама адбыліся перамены.
«Зьмянілі ж кодэкс, і цяпер максымальна ШЫЗА даюць ужо па 15 дзён, а не па 10, як раней. Але потым дадаюць яшчэ і яшчэ. І другая перамена — у ШЫЗА пачалі на ноч выдаваць матрацы. Як там кажуць, „вату“. Але толькі непалітычным. Для палітычных па-ранейшаму — кладзіся на голыя дошкі», — расказаў Аляксей Кірэеў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менскае выдавецтва, якое выпускае кнігі па-беларуску, зьвярнулася да чытачоў па дапамогу