Наколькі карысныя яблыкі

Яблыкі — самая папулярная садавіна шмат дзе ў сьвеце, у тым ліку ў Злучаных Штатах Амэрыкі і эўрапейскіх краінах, да ліку якіх належыць і Беларусь. Газэта The New York Times сабрала аргумэнты мэдыкаў, чаму папулярнасьць яблыкаў — гэта вельмі добра.

Парада зьядаць адзін яблык у дзень можа выглядаць занадта радыкальна, але калі паслухаць экспэртаў па харчаваньні, то ангельская прымаўка «An apple a day keeps the doctor away» (Адзін яблык у дзень трымае дактароў далёка ад вас) перабольшаньнем не выглядае.

Вось што кажуць пра яблыкі экспэрты па харчаваньні, апытаныя New York Times.

Яблыкі карысныя для кішэчніка

Гэтая садавіна багатая на харчовыя валокны — тып складаных вугляводаў, якія наш арганізм ня здольны ператраўляць самастойна. Гэтыя валокны служаць ежай для многіх відаў бактэрый, якія жывуць у нашым кішэчніку. А тыя бактэрыі аказваюць моцнае ўзьдзеяньне на наша здароўе, уплываючы амаль на ўсё — ад рызыкі раку да вагі і настрою.

Дыета з высокім утрыманьнем садавіны і гародніны, у тым ліку яблык, павялічвае колькасьць карысных бактэрый і зьмяншае колькасьць шкодных бактэрый у кішэчніку, што прыводзіць да агульнага паляпшэньня здароўя, кажа дыетоляг з Унівэрсытэту ў Мэмфісе Мары ван дэр Мэрвэ.

Але карыснае зьмесьціва яблыкаў нельга зводзіць толькі да харчовых валокнаў. Яблыкі ўтрымліваюць у сабе мноства карысных бактэрый. Калі мы ямо яблыкі, некаторыя з гэтых бактэрый становяцца часткай нашага мікрабіёму. Яблык «дзейнічае як прабіётык у дадатак да яго дзеяньня як прэбіётык», тлумачыць доктарка ван дэр Мэрвэ. (Прабіётыкі — гэта пэўныя карысныя бактэрыі, а прэбіётыкі — рэчывы, якімі тыя бактэрыі сілкуюцца.)

Іншыя віды садавіны таксама маюць у сабе бактэрыі, але дасьледаваньні паказваюць, што ў яблыках набор бактэрый больш разнастайны.

Яблыкі карысныя для сэрца

У яблыках багата пэктыну — дыетычнага валакна, якое дапамагае падтрымліваць здаровы ўзровень халестэрыну.

У дасьледаваньні 2012 году 160 жанчын у постмэнапаўзе зьядалі альбо 75 грамаў сушаных яблыкаў (што эквівалентна прыкладна двум яблыкам сярэдняга памеру), альбо елі чарнасьліў кожны дзень на працягу году. Праз шэсьць месяцаў у жанчын, якія елі яблыкі, назіралася 13-працэнтнае зьніжэньне агульнага халестэрыну і 24-працэнтнае зьніжэньне «дрэннага» халестэрыну (ліпапратэіну нізкай шчыльнасьці, або ЛПНШ), у той час як у жанчын, якія елі чарнасьліў, назіралася 3,5-працэнтнае зьніжэньне агульнага халестэрыну і 8-працэнтнае зьніжэньне халестэрыну ЛПНШ.

Яблыкі таксама адна з найбуйнейшых харчовых крыніц поліфэнолаў — маленькіх малекул, якія спрыяюць умацаваньню здароўя. Гэтыя малекулы расьліны выпрацоўваюць дзеля абароны ад шкоднага асяродзьдзя.

Некаторыя поліфэнолы ў яблыках, так званыя фляваноіды, асабліва добра стымулююць выпрацоўку аксыду азоту — гэта газ, які цячэ па нашых крывяносных судзінах і прымушае іх пашырацца. Так што фляваноіды зь яблыкаў вельмі карысныя для артэрыяльнага ціску, кажа навуковая супрацоўніца Дацкага інстытуту раку Нікаля Бандона, якая была суаўтаркай некалькіх дасьледаваньняў яблыкаў.

Яблыкі могуць зьмяншаць хранічнае запаленьне

Поліфэнолы ў яблыках могуць зьмяншаць запаленьне, а гэта, у сваю чаргу, дапамагае зьніжаць рызыку розных хваробаў.

У жніўні сёлета былі апублікаваныя вынікі дасьледаваньня, у якім аналізаваліся дадзеныя пра здароўе больш як 119 000 чалавек, сабраныя амаль за 20 гадоў, у тым ліку запісы пра ўсё, што тыя людзі елі. Аказалася, што ў тых, хто спажываў больш за два яблыкі ў дзень, імавернасьць разьвіцьця хранічнай абструктыўнай хваробы лёгкіх у далейшым была на 30 працэнтаў ніжэйшая. Гэта было зьвязана са зьніжэньнем у арганізьме запаленчых маркераў.

Як атрымліваць асалоду ад яблык

Яблыкі найбольш карысныя, калі пакінуць лупіну (скурку), кажа доктарка Бандона. Менавіта скурка зьмяшчае тыя магутныя поліфэнолы, пра якія мова ішла вышэй, і большую частку клятчаткі.

Доктарка Бандона дадае, што трэба старанна мыць яблыкі перад ужываньнем, каб пазьбегнуць узьдзеяньня пэстыцыдаў.

Агулам, цямнейшыя яблыкі, паводле доктаркі ван дэр Мэрвэ, маюць багацейшы набор поліфэнолаў. Але яшчэ важней не выбіраць толькі цёмна-чырвоныя яблыкі, а есьці розныя іх гатункі, каб у арганізм трапляла як мага больш розных поліфэнолаў.

Яблыкі самі па сабе — ідэальная ежа. Але вы заўсёды можаце пашукаць рэцэпты новых страў зь яблыкамі, якія дапамогуць вам зрабіць свой рацыён яшчэ больш разнастайным. Некаторыя з такіх рэцэптаў публікуе і New York Times.