У гомельскім СІЗА на кастрычнік скасоўваюць спатканьні

СІЗА ў Гомлі, архіўнае фота

Улады назвалі сваю прычыну такіх абмежаваньняў, якія балюча б’юць па вязьнях і іхных блізкіх.

У СІЗА № 3, якое месьціцца ў Гомлі, як мінімум у кастрычніку ня будзе спатканьняў зь вязьнямі. Прычына — правядзеньне будаўніча-рамонтных работ. Пра гэта Mayday.team стала вядома ад сваякоў тых, хто знаходзіцца пад вартай у ізялятары.

Як сьцьвярджаюць крыніцы, якія перадалі інфармацыю, памяшканьня на замену адміністрацыя СІЗА не прапануе, як і не называе канкрэтнага дня, калі спатканьні адновяцца.

Паводле праваабаронцаў, падобныя праблемы пэрыядычна ўзьнікаюць і ў іншых вязьніцах Беларусі.

«На маёй памяці такое было ў жаночай калёніі №4. На час рамонту зьняволеных проста пазбавілі спатканьняў — замены памяшканьню не знайшлося. Калі ў калёніі спатканьне можна перанесьці на іншы час, дык у сьледчым ізалятары сытуацыя больш складаная. Можа так атрымацца, што празь месяц нехта ўжо і ня зможа сустрэцца са сваяком, бо трапіць у калёнію, а там невядома што яшчэ будзе. Таму гэта яўнае парушэньне права на спатканьне», — сказала Свабодзе праваабаронца Алена Масьлюкова.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 6 верасьня: палітзьняволенаму футбольнаму фанату павялічылі тэрмін яшчэ на 1,5 года
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзярждэпартамэнт ЗША абяцае мільёны даляраў за інфармацыю пра беларуса, які ўжо сядзіць у турме