Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзярждэпартамэнт ЗША абяцае мільёны даляраў за інфармацыю пра беларуса, які ўжо сядзіць у турме


Уладзімер Кадарыя ў судовай залі ў Кіргізстане, архіўнае фота.
Уладзімер Кадарыя ў судовай залі ў Кіргізстане, архіўнае фота.

Дзярждэпартамэнт ЗША абвясьціў узнагароду памерам $2,5 мільёна, якая дазволіць затрымаць і асудзіць грамадзяніна Беларусі Ўладзімера Кадарыю, які «датычны да сур’ёзных кібэрзлачынстваў, з прычыны чаго пацярпелі мільёны людзей».

Паводле заявы дыпляматычнага ведамства ЗША, Кадарыя абвінавачваецца ў тым, што ў пэрыяд з кастрычніка 2013 году па сакавік 2022 году ў складзе злачыннай арганізацыі распаўсюджваў на мільёны прылад і кампутараў шкоднасную праграму Angler (адна з самых вядомых фішынгавых праграм-вымагальніц) і іншыя шкоднасныя праграмы, зьвязаныя з онлайн-махлярствам.

Гэтае і многія іншыя абвінавачаньні былі афіцыйна выстаўленыя Ўладзімеру Кадарыі на завочным судзе 14 чэрвеня 2023 году ў акрузе Нью-Джэрзі, гаворыцца ў заяве Дзярждэпартамэнту. Ведамства прапануе кожнаму, хто мае інфармацыю пра Кадарыю, зьвязацца з Сакрэтнай службай ЗША праз электронную пошту (яна пазначаная ў паведамленьні Дзярждэпартамэнту) або наведаць амэрыканскую амбасаду ці кансулят.

Раней стала вядома, што ў выніку міжнароднай апэрацыі быў арыштаваны адзін з самых вядомых «расейскамоўных кібэрзлачынцаў у сьвеце». Ім аказаўся 38-гадовы беларус Максім Сільнікаў, паведамляе Нацыянальнае агенцтва па барацьбе са злачыннасьцю Вялікай Брытаніі (NCA). Сільнікава арыштавалі яшчэ ў ліпені 2023 году ў кватэры ў гішпанскім горадзе Эстэпона, а потым адправілі ў Польшчу. Адтуль 9 жніўня 2024 году яго экстрадавалі ў ЗША для выстаўленьня афіцыйных абвінавачваньняў.

Акрамя Сільнікава, у кібэрзлачынствах у ЗША абвінавацілі 38-гадовага Ўладзімера Кадарыю зь Беларусі і 33-гадовага Андрэя Тарасава з Расеі. Паводле сьледзтва, яны нібыта гралі ключавыя ролі ў злачыннай групоўцы J.P. Morgan.

  • У верасьні 2022 году ў Кіргізстане на запыт Беларусі затрымалі беларускага грамадзяніна Ўладзімера Кадарыю. Зь СІЗА ён папрасіў аб атрыманьні статусу ўцекача і 9 сьнежня 2022 году атрымаў адпаведнае пасьведчаньне. Аднак праз тры дні, 12 сьнежня, суд Бішкеку вынес рашэньне аб яго экстрадыцыі, задаволіўшы заяву Генпракуратуры. 6 сакавіка стала вядома, што Кадарыю экстрадавалі ў Беларусь.
  • У сакавіку 2023 году Кадарыі ў Беларусі прад’явілі абвінавачаньне ў крадзяжы ў 2008 годзе грошай з рахункаў замежных грамадзян і юрыдычных асобаў «шляхам мадыфікацыі кампутарнай інфармацыі» (ч. 4 арт. 212 Крымінальнага кодэксу). У CК Беларусі паведамілі, што Ўладзімер Кадарыя прызнаў віну.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG