Мікалай Лукашэнка зь дзяцінства быў пастаянным спадарожнікам свайго бацькі на міжнародных сустрэчах, афіцыйных падзеях і інтэрвію. Цяпер яму 20 гадоў. Апошняе зьяўленьне Лукашэнкі-малодшага на публіцы — выступ на форуме «Калі мы адзіныя», прысьвечаны так званаму «Дню народнага адзінства» 17 верасьня. Тады Мікалай сыграў на раялі, яму падыгрывала выкладчыца Алена Асташкіна-Мысьліўчык.
Мікалай Лукашэнка — студэнт аддзяленьня біятэхналёгій біяфаку БДУ. Аднак, паводле прадстаўніка Пэкінскага ўнівэрсытэту Хао Піна, малодшы сын Лукашэнкі цяпер па абмене вывучае біятэхналёгіі там, навучаньне адбываецца на ангельскамоўным курсе. Таксама Хао Пін сказаў, што Мікалай ва ўнівэрсытэце ня кажа, чый ён сын, і дадаў, што ён «найлепшы студэнт на курсе».
Расказваем, што вядома сёньня пра Мікалая Лукашэнку і як яго выкарыстоўвае дзяржаўная прапаганда.
Першае зьяўленьне па публіцы ў 3 гады
Упершыню маленькі Мікалай зьявіўся поруч з Аляксандрам Лукашэнкам у красавіку 2008 году. Тады хлопчыку было толькі 3 гады і 8 месяцаў. Ён узяў удзел у суботніку на будаўнічай пляцоўцы «Менск-Арэны». У інтэрвію Лукашэнка-старэйшы прызнаваўся, што гэта ягоны трэці сын. Аднак па сёньняшні дзень афіцыйна не агучваецца, хто ягоная маці. Неафіцыйна вядома, што гэта Ірына Абельская, колішняя асабістая лекарка Лукашэнкі, а цяпер сябра Савету Рэспублікі. Такія зьвесткі пацьвердзілі і ў суполцы «Кібэрпартызанаў».
Тады, у 2008 годзе, Аляксандар Лукашэнка супрацоўнічаў з брытанскім паліттэхнолягам лордам Тымаці Бэлам. Ёсьць меркаваньні, што ідэя браць з сабой паўсюль малодшага сына належала менавіта брытанцу. Сам лорд Бэл на гэтую тэму не выказваўся, ён памёр у 2019 годзе. Паводле мэдыяэкспэрткі Ірыны Сідорскай, выкарыстоўваць дзяцей для піяру — клясычны прыём.
«Гэта клясычны прыём — выкарыстоўваць дзяцей, каб паказаць, што цябе нехта любіць, і любіць па-сапраўднаму. Беларуская прапаганда тут нічога новага не прыдумала, так робяць усюды. Цяпер новы трэнд, калі вядомыя людзі хаваюць ад публікі сваіх дзяцей, але гэта нядаўні трэнд больш прасунутых палітыкаў», — зазначае экспэртка.
Таксама Ірына Сідорская зьвяртае ўвагу на тое, што Лукашэнка ганарыўся малодшым сынам яшчэ і таму, што мець маладую каханку — гэта нейкае дасягненьне для яго.
«Такі мачо, што ў яго была маладая каханка, якая нарадзіла яму сына. Што ёсьць чым ганарыцца і гэта правільна. Ён, зразумела, без павагі ставіцца да жанчыны. Усе кажуць „мама Колі“, але афіцыйна ён гэтага ні разу не сказаў. Шмат для каго гэта адыгрывае нэгатыўную ролю. Але для некаторых катэгорый грамадзтва гэта не злачынства і прымальна», — кажа суразмоўца.
Ад Барака Абамы да папы Бэнэдыкта ХVI
Пасьля зьяўленьня на публіцы малодшы сын Лукашэнкі стаў суправаджаць бацьку ўсюды: ад вайсковых парадаў да міжнародных сустрэч. Ён бачыў ужывую такіх палітыкаў, як Барак Абама, Сі Цзіньпін, Уладзімір Пуцін, Уга Чавэс, папа Бэнэдыкт ХVI. Апошняму хлопец падарыў буквар. У 10-гадовым узросьце быў на Генэральнай асамблеі ААН разам зь міністрам Уладзімерам Макеем.
У інтэрвію «Камсамолцы» Лукашэнка казаў пра Колю, што «ён ні з кім ня можа застацца, мой хвост».
Калі дзяржаўныя СМІ нешта расказвалі пра Мікалая Лукашэнку, то паказвалі яго самым таленавітым. На гэта зьвяртае ўвагу Ірына Сідорская.
«Сын і мовы ведае, выйграе ўсе прызы, умее граць на піяніна. Як ні глянеш, выдатны сын. А калі выдатны сын, то і бацькі ў яго добрыя. Такі пазытыўны імідж Мікалая іграе на карысьць Лукашэнку-старэйшаму», — кажа экспэртка.
«Не хачу быць прэзыдэнтам»
Паралельна зь міжнароднымі паездкамі малодшы Лукашэнка вучыўся ў Астрашыцка-Гарадоцкай сярэдняй школе. У сьнежні 2016 году Мікалай Лукашэнка даў сваё першае інтэрвію 11-гадоваму хлопцу з Расеі Яўгенію Грышыну. Тады Мікалай сказаў, што ня вельмі хацеў бы быць прэзыдэнтам.
«Калі шчыра, то мне ня вельмі хацелася б быць прэзыдэнтам, бо гэта складанае жыцьцё. Ня ўпэўнены, што змог бы. Я ня ведаю, кім бы хацеў быць. Магчыма, лекарам, можа, вайскоўцам. Яшчэ не пасьпеў вызначыцца», — казаў хлопец.
Паводле закону, прэзыдэнтам Беларусі можа стаць грамадзянін, не малодшы за 40 гадоў.
23 жніўня 2020 году пасьля адной зь нядзельных акцый пратэсту Лукашэнка зьявіўся каля сваёй рэзыдэнцыі з аўтаматам у руках. У рыштунку, шлеме і таксама з аўтаматам поруч быў і 15-гадовы тады Мікалай Лукашэнка. Экспэртка Ірына Сідорская называе гэта адным з «правалаў прапаганды».
«Колю не было 18 гадоў, у яго не павінна было быць зброі ў руках, бацька ня мусіў ставіць яго ў небясьпечнае становішча. Незразумела, як гэта магло дзейнічаць на псыхіку. Тут Лукашэнка дакладна ня выканаў сваіх бацькоўскіх абавязкаў. Ёсьць правы дзіцяці, яны былі парушаныя. Відовішча было непрыемнае», — кажа экспэртка.
А ў кастрычніку таго ж году Мікалай прысутнічаў у СІЗА КДБ, калі Лукашэнка вёў перамовы з палітвязьнямі, у тым ліку зь Віктарам Бабарыкам і Сяргеем Ціханоўскім.
«Лукашэнка вельмі хвалюецца, ня хоча быць старым чалавекам у вачах грамадзтва. Калі ў цябе малады сын, значыць, ты яшчэ не стары чалавек», — зазначае Сідорская.
Аматар кампутарных гульняў і герой мэмаў
Пра тое, што малодшы Лукашэнка любіць гуляць у кампутарныя гульні і шмат часу праводзіць у інтэрнэце, казаў ягоны бацька.
«Іншы раз ён мне кажа: мне патрэбна інфармацыю знайсьці, у школе задалі. Дзьве хвіліны шукае, а потым гадзіну гуляе ў „танчыкі“. У мяне адна задача — яго адтуль вырваць», — казаў Лукашэнка.
Журналісты тэлеканалу «Настоящее время» высьветлілі, што Мікалай Лукашэнка меў акаўнты ў Instagram, Telegram, а таксама дзяліўся рашэньнямі школьных задач і адказваў на пытаньні на форуме.
Таксама ён гуляе ў кампутарную гульню «Сталкер», гэта фантастычны хорар па матывах чарнобыльскай катастрофы.
У 2019 годзе некаторыя карыстальніцы TikTok правялі флэш-моб: зьнялі відэа, як яны ў захапленьні ад стылю малодшага Лукашэнкі, але занепакоеныя ягоным юным узростам.
А сёлета ў чэрвені Мікалай Лукашэнка стаў героем некаторых расісцкіх мэмаў за сваю зьнешнасьць: сьветлыя валасы і правільныя рысы твару.
Менш публічнасьці
Экспэртка Ірына Сідорская кажа, што апошнім часам Лукашэнка-малодшы стаў менш зьяўляцца на публіцы, і гэта можа быць зьвязана зь ягоным асабістым жаданьнем.
«Калі Мікалай стаў падлеткам, а цяпер і дарослым хлопцам, то ён ужо не такое паслухмянае дзіця, якое можна было ўсюды браць з сабой. Мне здаецца, цяпер ён ня так часта зьяўляецца на экранах. Шпіц Лукашэнкі — гэта свайго роду замена Колі, які вырас і не захацеў гуляць на 100% далей у гэтыя гульні. Таксама зараз поруч зьяўляецца першая касманаўтка Марына Васілеўская, якая працуе на імідж Лукашэнкі. Нібыта вакол яго моладзь. Але і Колю часам выкарыстоўваюць», — кажа экспэртка.
Пакуль Мікалай студэнт, мяркуе Ірына Сідорская, ён яшчэ будзе зьяўляцца ў публічным полі, але наўрад ці атрымае нейкую пасаду ў блізкім часе.
«Ён будзе граць на імідж старэйшага Лукашэнкі», — мяркуе экспэртка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто ўзначаліць Беларусь пасьля Лукашэнкі? Вялікае апытаньне Свабоды ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Знайшлі электронную пошту і нумар тэлефона Мікалая Лукашэнкі. Даведаліся, што ён робіць у інтэрнэце