Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канада ўвяла дадатковыя санкцыі адносна Беларусі. Сярод дзесяці новых асобаў пад санкцыямі — Мікалай Лукашэнка


Сьцяг Канады
Сьцяг Канады

Міністарка замежных справаў Канады Мэлані Жалі сёньня абвясьціла, што краіна ўводзіць санкцыі супраць дзесяці фізычных асобаў і шасьці юрыдычных асобаў Беларусі.

Пра гэта паведамляе сайт канадзкага ўраду.

Да гэтых асобаў і інстытуцыяў уведзеныя санкцыі ў чацьвёртую гадавіну фальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі «ў адказ на іх удзел у працяглых і сыстэматычных парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі і падтрымку незаконнай агрэсіўнай вайны Расеі супраць Украіны».

Сьпіс падсанкцыйных асобаў уключае судзьдзяў, якія, груба парушаючы абавязацельствы ў галіне правоў чалавека, адвольна асудзілі абаронцаў дэмакратыі і простых грамадзян за выказваньне сваёй пазыцыі адносна фальсыфікацыі выбараў 2020 года. У яго таксама ўваходзяць асобы, якія каардынуюць вайсковую вытворчасьць у Беларусі ў шчыльным супрацоўніцтве з Расеяй.

Сярод 10 асобаў, адносна якіх уведзеныя санкцыі — малодшы сын Аляксандра Лукашэнкі Мікалай і начальнік генштабу Ўзброеных сілаў Беларусі Павал Муравейка.

Арганізацыі, якія трапілі пад санкцыі, дзейнічаюць у складзе абаронна-прамысловага комплексу Беларусі і займаюцца вытворчасьцю або рамонтам вайсковай тэхнікі, спрыяючы поўнамаштабнаму ўварваньню Расеі ва Ўкраіну. Канада таксама ўвяла санкцыі супраць беларускага дзяржаўнага прадпрыемства, якое падаўляла права сваіх супрацоўнікаў на мірны пратэст пасьля фальшывых выбараў у жніўні 2020 года, запалохваючы і звальняючы супрацоўнікаў, якія далучыліся да мірных пратэстаў і страйкаў. Гаворка ідзе пра менскі электрамэханічны завод імя Казлова. Таксама ў сьпісе — прадпрыемствы «Планар» і «Гомсельмаш».

Гэтыя меры, якія ўводзяцца ў каардынацыі з міжнароднымі партнэрамі, у тым ліку з ЭЗ, Вялікай Брытаніяй і Злучанымі Штатамі, зьяўляюцца апошнім прыкладам сталых намаганьняў Канады зрабіць далейшы ціск на беларускія ўлады і прыцягнуць да адказнасьці тых, хто падтрымлівае агрэсіўную вайну Пуціна супраць Украіны, адзначаецца на сайце ўраду Канады.

«Сёньня мы дасылаем выразнае паведамленьне ўраду Беларусі: Канада не пагодзіцца з абуральнымі парушэньнямі правоў чалавека з боку рэжыму Лукашэнкі. Мы будзем працягваць працаваць з нашымі міжнароднымі партнэрамі, каб пераканацца, што голас народу Беларусі будзе пачуты, і каб тыя, хто падтрымлівае жорсткую і неапраўданую вайну Расеі супраць Украіны, панесьлі адказнасьць за свае злачынствы» — заявіла кіраўніца МЗС Канады Мэлані Жалі.

  • На сёньняшні дзень Канада абвясьціла аб 15 пакетах санкцыяў адносна Беларусі ў дачыненьні да 221 фізычнай і 77 юрыдычных асобаў.
  • З 2014 году Канада ўвяла санкцыі ў дачыненьні да больш чым 3000 фізычных і юрыдычных асобаў у Расеі, Беларусі, Украіне і Малдове, якія маюць дачыненьне да парушэньня сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны і Малдовы, а таксама да грубых і сыстэматычных парушэньняў правоў чалавека.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG