Палітоляг Вадзім Мажэйка ў інтэрвію Свабодзе адказаў, што падштурхнула ўлады менавіта цяпер прадэманстраваць Юрася Зянковіча і прыгадаць пра недаказаную спробу замаху на Лукашэнку, нягледзячы на тое, што Зянковіч кепска выглядае і фактычна зьяўляецца жывым сьведчаньнем парушэньня ў беларускіх турмах правоў чалавека?
«Гэта ў нас тое, як выглядае Зянковіч, выклікае абурэньне. А для ўладаў зьдзек з палітзьняволеных — гэта прыкмета сілы, таго, якія яны моцныя, спроба запалохваньня грамадзтва. У тым, што нехта кепска выглядае, мы бачым гуманітарную праблему, а для ўладаў гэта не праблема».
Мажэйка мяркуе, што для Лукашэнкі Зянковіч — карысны актыў, ён і цяпер спрабуе, як гэта было ў 2008, 2012 годзе, праз тэму палітвязьняў і іх вызваленьня дамагчыся паляпшэньня адносінаў з Захадам, нейкай размарозкі, тым болей у кантэксьце будучай прэзыдэнцкай кампаніі.
«Мы бачым, што выпускаюць палітвязьняў менш вядомых, але мы бачым, што ёсьць і палітвязьні, якія маюць большую вагу для канкрэтных краінаў. Калі гаварыць пра гандаль, то гэта актыў, які мае большую цану. Тым болей мы памятаем, як для вызваленьня Віталя Шклярава адбылася размова Лукашэнкі з Майкам Пампэо. Шкляраў быў вызвалены, але Зянковіч дасюль застаецца за кратамі.
Безумоўна, для ЗША клопат пра сваіх грамадзян за мяжой — гэта іх найвялікшы прыярытэт. Адпаведна — так, Лукашэнка мяркуе, што можа дамагчыся тут размовы як мінімум зь дзяржсакратаром. Магчыма, нейкіх іншых прэфэрэнцый, хоць нечага. У межах гэтага гандлю рэжым гандлюе адным з самых карысных сваіх актываў. Астатнія палітвязьні не зьяўляюцца такім актывам».
Мажэйка мяркуе, што дэмакратычныя краіны клапоцяцца найперш пра сваіх грамадзян, а пры ўсёй павазе да, напрыклад, Алеся Бяляцкага, у вызваленьні якога ЗША таксама зацікаўленыя, ён не зьяўляецца грамадзянінам ЗША.
«Але ЗША не зьбіраюцца заплюшчваць вочы на тое, што ў Беларусі працягваюць знаходзіцца ў турмах тысячы палітвязьняў. Пасьля вызваленьня Шклярава яны ж не заплюшчылі вочы на сітуацыю ў Беларусі. Адэкватную, разумную, уключаную пазыцыю займае амбасада ЗША, дзяржслужбоўцы, мы бачым стратэгічны дыялёг ЗША зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі, бачым усе візыты Сьвятланы Ціханоўскай, супрацу з Каардынацыйнай радай, бачым, як ЗША падтрымліваюць рознага кшталту санкцыі. Так што ЗША не зьмянілі сваю палітыку, і вызваленьне Зянковіча, калі яно адбудзецца, ня зьменіць цалкам палітыку ЗША. Там жа ня дурні, каб дазваляць аўтарытарным рэжымам браць у закладнікі грамадзян ЗША і потым шантажаваць Вашынгтон.
Думаю, ЗША могуць знайсьці іншыя мэханізмы, ня толькі праз прызнаньне рэжыму Лукашэнкі, каб вызваліць Зянковіча».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лябедзька пра паказ на БТ Зянковіча: «Лукашэнка пачаў палітычны гандаль палітвязьнямі»Увечары 19 верасьня ў эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-1» выйшаў прапагандысцкі фільм пра палітзьняволенага апазыцыянэра Юрася Зянковіча, асуджанага на 11 гадоў пазбаўленьня волі нібыта за спробу дзяржаўнага перавароту.
У фільме БТ Юрась Зянковіч, які знаходзіцца ў няволі 3,5 гады, выглядаў моцна схуднелым. Верагодна, пад прымусам ён агучваў нібыта дэталі пляну зрынаньня рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Свабода кіруецца правілам не цытаваць выказваньняў, невядома якім спосабам атрыманыя ад чалавека, які знаходзіцца ў зьняволеньні.
Падобна, запіс адбываўся ў сьценах крытай турмы № 4 у Магілёве, вядомай сваімі надзвычай жорсткімі ўмовамі ўтрыманьня палітычных зьняволеных.
У канцы відэа Зянковіч, грамадзянін Беларусі і ЗША, зьвярнуўся да кандыдатаў у прэзыдэнты ЗША Камалы Гарыс і Дональда Трампа з просьбай паспрыяць яго вяртаньню да сям’і ў Х’юстан (штат Тэхас).
Часовы павераны ў справы ЗША ў Беларусі Пітэр Каўфман асудзіў сюжэт з удзелам Зянковіча.
«Я рашуча асуджаю недапушчальную дэманстрацыю беларускім рэжымам затрыманага грамадзяніна ЗША ў дзяржаўных СМІ ў прапагандысцкіх мэтах і абвяргаю беспадстаўныя заявы, якія прагучалі ў праграме. Гісторыя выкарыстаньня рэжымам тактыкі прымусу для вытворчасьці падобнага кантэнту ставіць пад сумнеў добраахвотны характар удзелу грамадзяніна ЗША», — гаворыцца ў заяве дыплямата.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканская амбасада асудзіла паказ па БТ зьняволенага грамадзяніна ЗША і Беларусі ЗянковічаСправа Зянковіча
Менскі абласны суд разглядаў справу аб «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады» з 29 ліпеня 2022 году. 5 верасьня 2022 году фігурантам агучылі прысуд:
- Юрасю Зянковічу — 11 гадоў калёніі,
- Аляксандру Фядуту — 10 гадоў,
- Рыгору Кастусёву — 10 гадоў,
- Дзянісу Краўчуку — 2,5 года.
- Вольга Галубовіч — 2,5 года.
Зянковіча абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 357 КК («Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам»), ч. 1 арт. 361-1 КК («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньне ім»), ч. 3 арт. 361 КК («Публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады»), ч. 3 арт. 130 КК («Распальваньне сацыяльнай варожасьці»).
Фядуту і Кастусёва — паводле ч. 1 арт. 357 КК («Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам»).
Галубовіч і Краўчука — паводле ч. 1 арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»).
Справу расьсьледаваў Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі.
Фігурантамі справы былі таксама псыхіятар Дзьмітры Шчыгельскі, экс-супрацоўнік спэцпадразьдзяленьня МУС «Алмаз» Ігар Макар, а таксама Аляксандар Перапечка, Павал Кулажанка і Віталь Макаранка, якія жывуць за мяжой.
Пяцёх абвінавачаных затрымалі ў сярэдзіне красавіка 2021 году.
Лукашэнка раней заявіў, што абвінавачаныя нібыта рыхтавалі замах на яго і ягоных сыноў.
У сьнежні 2022 году над Зянковічам адбыўся новы суд, ужо паводле абвінавачаньня ў «абразе прадстаўніка ўлады» — гэта 369 артыкул КК. Як кажуць праваабаронцы, палітвязьню дадалі паўгода да раней прызначанага тэрміну.
Вядома, што ў час расьсьледаваньня справы аб «змове з мэтай захопу ўлады» Юры Зянковіч заключыў дамову зь сьледзтвам, а на судзе прызнаў віну і папрасіў прабачэньня ў Рыгора Кастусёва, Аляксандра Фядуты, Вольгі Галубовіч і Дзяніса Краўчука.
Летам 2024 году Рыгор Кастусёў выйшаў на волю па памілаваньні.
Юры Зянковіч пачаў адбываць пакараньне ў бабруйскай папраўчай калёніі № 2, цяпер яго ўтрымліваюць у больш жорсткіх умовах у турме № 4 у Магілёве.
Сёлета ў ліпені праваабаронцы паведамілі, што Юрыя Зянковіча будуць зноў судзіць 7 жніўня ў судзе Ленінскага раёну Магілёва. Яму выставілі абвінавачаньне паводле 411 артыкулу Крымінальнага кодэксу — «грубае непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы». Яму пагражаў дадатковы год зьняволеньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Моцна схуднелы Юрась Зянковіч зьявіўся на БТ. Палітвязень зьвярнуўся да Гарыс і Трампа