Зараз дроны нясуць ня толькі бомбы і міны, але і ўбудаваныя гранатамёты, аўтаматы і нават паліваюць праціўніка «вогненным дажджом».
Пра гэта расказвае ВВС.
З пачатку верасьня многія ўкраінскія апэратары БПЛА пачалі разьмяшчаць у сацсетках кадры з апаратамі, якія ўжо назвалі «дронамі-драконамі».
У адным з ролікаў, апублікаваных падразьдзелам Khorne Group, зьявілася адразу некалькі відэа ўжываньня «дронаў-драконаў» з тэрмітным зарадам.
На кадрах відаць, як квадракоптар кружыць над лесам і вылівае запальную сумесь на пазыцыі расейскіх вайскоўцаў.
«Агонь — дастаткова страшная рэч нават для падрыхтаванага вайскоўца, калі выпальваецца пазыцыя, гарыць боекамплект», — расказаў у этэры тэлеканалу «Эспрэса» дарадца камандуючага Сухапутнымі войскамі УСУ Аляксандар Дзьмітрыеў.
«Дрон-дракон — досыць эфэктыўны сродак выкурваньня або зьнішчэньня пазіцыяў ворага. У гэтых дронах выкарыстоўваецца адмысловае рэчыва, ня будзем казаць, якое менавіта. Нашы вынаходнікі знайшлі магчымасьць гэта ўсё зрабіць як адзіны комплекс з дронам», — кажа ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі пра неабходнасьць зьбіцьця расейскіх бесьпілётнікаў краінамі-суседзямі: «Толькі Беларусь адзначылася»«Вогненны дождж» з тэрміту
Як адзначае ВВС, хоць прадстаўнік украінскага камандаваньня і не назваў гэтага рэчыва, зь вялікай імавернасьцю можна выказаць здагадку, што эфэкт «вогненнага дажджу» дае тэрміт — парашковая сумесь алюмінію з аксыдам жалеза.
Тэрміт быў вынайдзены яшчэ 150 гадоў таму ў Нямеччыне, яго актыўна выкарыстоўвалі розныя войскі падчас Першай і Другой сусьветных войнаў.
Тэмпэратура гарэньня тэрміту — каля 2200 градусаў Цэльсія. Таму ён за лічаныя сэкунды можа прапальваць мэтал і наносіць цяжкія траўмы людзям.
Адзін невялікі FPV-дрон можа несьці прыкладна паўкіляграма такой сумесі. Наблізіўшы дрон да цэлі, апэратар БПЛА дыстанцыйна падпальвае тэрміт і пачынае скідаць яго на пазыцыі праціўніка.
Нават калі вайскоўцы і пасьпеюць ўцячы з зоны паражэньня, то зброя ці боепрыпасы могуць быць зьнішчаныя агнём. Патушыць такі пажар надзвычай складана.
Згодна зь міжнародным правам тэрміт можна выкарыстоўваць падчас ваенных дзеяньняў, але ня супраць цывільных аб’ектаў. Галоўная прычына — моцныя апёкі, якія ён можа выклікаць, калі трапляе на цела чалавека.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». Тры вэрсіі зьяўленьня вайсковых дронаў над БеларусьсюЭфэктыўна ці толькі эфэктна?
Кадры працы «дронаў-драконаў» выглядаюць надзвычай эфэктна і робяць вялікае ўражаньне. Але ці зьяўляецца гэтая зброя насамрэч эфэктыўнай?
Былы афіцэр брытанскага войска і вайсковы аналітык Нікалас Драманд у камэнтары тэлекампаніі CNN заявіў, што асноўны эфэкт ад ужываньня тэрмітных бесьпілётнікаў — гэта стварэньне «атмасфэры страху».
«Гэта вельмі непрыемныя рэчы. У выпадку выкарыстаньня такой зброі эфэкт будзе хутчэй псыхалягічны, чым фізычны. Я разумею, што Ўкраіна мае толькі абмежаваныя магчымасьці для забесьпячэньня такога эфэкту. Таму гэта нішавы патэнцыял, а ня новая асноўная зброя».
Вайсковы аглядальнік, былы афіцэр ізраільскага войска Ігаль Левін сказаў у этэры ўкраінскай радыёстанцыі «Радыё НВ», што ў Ізраілі і іншых заходніх краінах праяўляюць цікавасьць да ўкраінскай вынаходкі і хацелі б распрацаваць нешта падобнае.
Па словах Левіна, выпальваньне з дапамогай тэрміту дастаткова эфэктыўнае для зьнішчэньня пазыцый праціўніка, схаваных у лесапасадках. Пасьля такіх дзеяньняў штурмавыя групы, якія рыхтаваліся да наступу, ужо дэзарганізаваныя і пазбаўленыя абароны, лічыць экспэрт.
Аднак экспэрт, які мае дачыненьне да ўкраінскага ВПК і які пажадаў застацца ананімным, скрытыкаваў ідэю з «дронамі-драконамі» ва УСУ.
«Гэта эфэктна выглядае на камэру, але неэфэктыўна па сутнасьці, — сказаў ён украінскай службе ВВС. — Раскіданьне тэрміту па вялікай плошчы не прыводзіць да значнага паражэньня асабовага складу праціўніка і ягоных матэрыяльных каштоўнасьцяў».
Акрамя таго, такая тактыка магчымая толькі ў сухое зацішнае надвор’е і, відавочна, спыніцца восеньню і зімой.
Яшчэ адна небясьпека для Ўкраіны ў тым, што Расея можа таксама скіраваць намаганьні на распрацоўку ўласных «дронаў-драконаў». Улічваючы наяўнасьць у РФ вялікіх запасаў тэрмабарычных боепрыпасаў, такія БПЛА будуць значна больш сьмяротнымі, чым украінскія.
Першыя кадры выкарыстаньня расейскіх аналягаў тэрмітных БПЛА ўжо зьявіліся ў сацсетках. Аднак пра іх масавую вытворчасьць інфармацыі пакуль няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бесьпілётнікі атакавалі 9 рэгіёнаў Расеі. Расея зноў атакавала КіеўЗэнітныя дроны як замена СПА
Калі наконт «драконаў» думкі экспэртаў падзяліліся, то яшчэ адна навінка ў сфэры бесьпілётнікаў выклікае самыя станоўчыя ацэнкі аналітыкаў.
Увесну і ўлетку гэтага году ўкраінскія вайскоўцы сутыкнуліся з вострай праблемай расейскіх выведных бесьпілётнікаў, у прыватнасьці Zala і «Арлан-10», якія заляталі далёка ў тыл і наводзілі балістычныя ракеты на тэхніку і месцы дысьлякацыі УСУ.
Выкарыстоўваць зэнітныя ракеты супраць такіх дронаў-наводчыкаў дастаткова дорага і нерацыянальна, бо Ўкраіна адчувае іх дэфіцыт.
Затое ўкраінцы распрацавалі і пачалі актыўна ўжываць бесьпілётнікі-перахопнікі. Колькасьць зьнішчаных імі расейскіх выведных БПЛА ўжо ідзе на дзясяткі.
Часьцей за ўсё такая атака выглядае наступным чынам: украінскі «зэнітны» робат падлятае да расейскага і тараніць яго ў крыло або хваставую частку.
У камэнтары выданьню Bild украінскі афіцэр, які займаецца гэтай тэмай, расказаў, што УСУ праходзяць тры этапы разьвіцьця дронаў-перахопнікаў. Першы — стварэньне квадракоптараў-камікадзэ, другі — БПЛА тыпу «крыло», і трэці — антыдронаў для зьбіваньня дронаў праціўніка кшталту «Шахэдаў».
Праблема з квадракоптарамі ў тым, што яны ляцяць на кароткія дыстанцыі, і расейскія дроны-выведнікі могуць ад іх уцячы. Бесьпілётнікі-«крылы», наадварот, могуць ісьці за цэльлю на адлегласьці да 60 кілямэтраў і на вышыні да 4 км.
Дроны, якія маглі б дагнаць і паразіць «Шахэды», украінскія распрацоўнікі плянуюць стварыць не пазьней за наступны год.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уначы Расея атакавала Ўкраіну 67 дронамі, некалькі зь іх паляцелі ў бок Беларусі. У Кіеве ўзьнік пажарРэвалюцыя ў небе
У расейска-ўкраінскай вайне высьпявае чарговая тэхналягічная рэвалюцыя. За апошнія пару месяцаў украінцы зьбілі прыкладна столькі ж выведных дронаў праціўніка, колькі за ўсе папярэднія гады вайны. І выдаткавалі на гэта ў 100 разоў менш сродкаў, у разьліку на вынік, — заяўляе былы дэпутат Вярхоўнай Рады, а цяпер камандзір роты БПЛА Ігар Луцэнка.
На яго думку, бліжэйшым часам украінскія вайскоўцы могуць цалкам нівэляваць пагрозу ад расейскіх «выведнікаў» у небе і, адпаведна, істотна зьнізіць пагрозу ад удараў ракетаў і кіраваных авіябомбаў.
Аднак спэцыяліст і кансультант у галіне вайсковых радыётэхналёгіяў Сяргей Бяскрэснаў лічыць, што раней ці пазьней Расея знойдзе спосаб процідзеяньня ўкраінскім дронам-перахопнікам: «Іх наступны крок — яны вывучаць наш вопыт і будуць ужываць супраць нас. Гэта толькі пытаньне часу, і ўсё ўпрэцца ў спаборніцтва дзьвюх краін у вытворчасьці выведных БПЛА».