Любарскі раённы суд Жытомірскай вобласьці засудзіў на тры гады пазбаўленьня волі з адтэрмінаваньнем выкананьня пакараньня на адзін год грамадзяніна Беларусі, вайскоўца Замежнага легіёну (падпарадкоўваецца Галоўнаму ўпраўленьню выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны) за хуліганства з выкарыстаньнем зброі.
Як адзначаецца ў выраку, які мае ў сваім распараджэньні Свабода, беларус таксама павінен выплаціць 12116 грыўняў (прыблізна 300 даляраў у эквіваленце) за экспэртызы, што праводзілі ў межах сьледзтва.
Беларуса абвінавацілі ў грубым парушэньні грамадзкага парадку «з матываў яўнай непавагі да грамадзтва, якое суправаджалася асаблівай дзёрзкасьцю або выключным цынізмам з выкарыстаньнем агнястрэльнай або халоднай зброі». Гэтае злачынства, паводле ч. 4 артыкулу 296 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны, прадугледжвала пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў. Беларускаму добраахвотніку прызначылі мінімальнае пакараньне.
Паведамляюць, што ён «цалкам прызнаў сваю віну», «выказаў шкадаваньне» аб сваім учынку і «шчыра пакаяўся».
Беларускі грамадзянін, прозьвішча якога не называецца, у пачатку красавіка 2022 году добраахвотна пайшоў на службу ва Ўзброеныя сілы Ўкраіны і на момант арышту служыў у Замежным легіёне, што падпарадкоўваецца Галоўнаму ўпраўленьню выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны. Пазьней яго вызвалілі пад грашовы заклад.
Грамадзяніну Беларусі на момант затрыманьня было 37 гадоў, да вайны ён разам з жонкай, грамадзянкай Украіны, і малалетняй дачкой жыў у Кіеве. За ўдзел у баявых дзеяньнях атрымаў узнагароду Міністэрства абароны Ўкраіны.
Што адбылося
Беларусу інкрымінавалі напад на ўласьніка гатэлю «Золоте Руно» ў сяле Стары Любар Жытомірскага раёну Жытомірскай вобласьці, нанясеньне яму цялесных пашкоджаньняў і запалохваньне зброяй.
У падазрэньні, выстаўленым грамадзяніну Беларусі, адзначалася, што той, рэалізуючы свой «злачынны намер», дзейнічаючы «з асаблівай дзёрзкасьцю», падышоў да ўласьніка гатэлю і беспадстаўна нанёс правай рукой некалькі ўдараў па твары, тулаве і галаве.
Потым, паводле сьледзтва, яны выйшлі разам на вуліцу і беларускі добраахвотнік «працягнуў злачынныя дзеяньні, груба парушаючы элемэнтарныя правілы паводзінаў у грамадзкім месцы, мараль і прыстойнасьць, з матываў відавочнай непавагі да грамадзтва, паводзіў сябе нахабна і імкнуўся да самавыяўленьня», тры разы стрэліў у паветра з табэльнага пісталета Glock-17.
Інцыдэнт адбыўся 11 сьнежня 2023 году прыблізна а 21-й гадзіне. Сьледчыя таксама сьцьвярджалі, што грамадзянін Беларусі знаходзіўся ў стане алькагольнага ап’яненьня.
На пад’езьдзе да пасёлку Любар у беларускага добраахвотніка зламаўся аўтамабіль. Яго адбуксавалі да гатэлю «Золоте Руно». Там жа ён аплаціў за нумар, але, паколькі пакой быў непрыбраны, папрасіў гатэльнага супрацоўніка перасяліць яго ў іншы. Той не пагадзіўся і выклікаў уласьніка гатэлю. Гаспадар гатэлю паставіўся да яго з пагардай, і беларус яго адштурхнуў, а калі ўжо выйшлі на вуліцу і гаспадар гатэлю пачаў яму пагражаць і нешта шукаць у кішэнях сваёй курткі, то дастаў свой пісталет і тры разы стрэліў у паветра, каб паказаць, што ў яго ёсьць зброя, і такім чынам спыніць эскаляцыю канфлікту.
Беларускі добраахвотнік пераконваў сьледчых, што канфлікт справакаваў пацярпелы, а свае паводзіны ён патлумачыў рэакцыяй на абразу і адчуваньне пагрозы з боку гаспадара гатэлю.